Як віцебскія дзяўчаты сталі «русскими девушками» для туркмэнскіх студэнтаў

Начны клюб, ілюстрацыйнае фота

Адзін з туркмэнскіх студэнтаў патлумачыў Радыё Свабода пасаж пра «расейскіх дзяўчат» для закрытай туркмэнскай вечарыны.
21-гадовы Керым кажа, што ніякага абразьлівага падтэксту ў тым, што запрашаюцца «расейскія дзяўчаты», няма. Маўляў, меліся на ўвазе мясцовыя дзяўчаты, іхныя аднакурсьніцы і знаёмыя.

На пытаньне, чаму дзяўчат не назвалі «беларускімі», хлопец адказваць ня стаў, але зазначыў, што туркмэнскія дзяўчаты таксама меліся наведаць вечарыну.

Адміністрацыя клюбу «Зебра» вырашыла ня ладзіць «закрытую вечарыну для туркмэнскіх хлопцаў і расейскіх дзяўчат» празь вялікую колькасьць нэгатыўных водгукаў у інтэрнэце.

Імпрэза была прымеркавана да Дня незалежнасьці Туркмэністану 24 кастрычніка.

«Закрытая вечеринка только для студентов Туркменистана и русских девушек», — было напісана на афішы.

Студэнты з Туркмэністану, для якіх вечарына і прызначалася, навучаюцца ў Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце і ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны.