Дагнаць Эўропу!

«У самы бліжэйшы час Эўразійскі эканамічны саюз і Эўрапейскі зьвяз стануць прыкладна роўнавялікімі партнэрамі», — заявіў днямі Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі краін СНД.
У нечым — можа быць. Скажам, у духоўнасьці ці ў наяўнасьці альбо адсутнасьці яец у кіраўнікоў адпаведных альянсаў. Хаця калі разважаць пра такія тонкія матэрыі, то чаму роўнавялікія — значна больш прасунутыя і крутыя, што і было адзначана на прыгаданай прэсавай канфэрэнцыі: «Мы сарамліва не гаворым пакуль пра нашы каштоўнасьці. У нас іх ня менш, чым на Захадзе. У нас сапраўдных каштоўнасьцяў нават болей».

Аднак паколькі абодва саюзы ўсё ж найперш эканамічныя, то варта параўнаць іх паводле банальных, але лепш вымяральных эканамічных характарыстык.

Варта сказаць, што ў сваіх гордых абяцаньнях «дагнаць Эўразьвяз» Аляксандар Лукашэнка зусім не самотны, пра тое ў розных варыяцыях кажуць кіраўнікі і Расеі, і Казахстану, і нават ангажаваныя дасьледчыкі, пачынаючы з; перавагаў у той самай духоўнасьці, намёкам пераходзяць да тэмы «роўнавялікасьці» і ў іншых сфэрах. Дык а як жа справы з гэтым у эканамічнай сфэры?


Валавы ўнутраны прадукт краін Мытнага саюзу, Украіны, СНД і Эўрапейскага Зьвязу (паводле зьвестак Міжнароднага валютнага Фонду)*

2012 2007
У бягучых цэнах, у млрд. $ Паводле ППЗ, у млрд. $ У бягучых цэнах, у млрд. $ Паводле ППЗ, у млрд. $
ЭЗ 16673 15993 17091 14935
Расея 2029 2486 1299 2107
Казахстан 203 229 103 168
Беларусь 63 145 45 106
Мытны саюз 2295 2860 1447 2381
Украіна 176 332 143 322
СНД 2674 3538 1703 2931
Суадносіны паміж ВУП ЭЗ і Мытнага саюзу і ЭЗ і СНД
ЭЗ/Мытны саюз 7,3 5,5 11,8 6,2
ЭЗ/СНД 6,2 4,5 10 5,1


* Крыніца: сайт МВФ, старонкі 1 і 2.


Падлік у бягучых цэнах — звыклае нам вылічэньне паводле курсу даляра, падлік паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці (ППЗ) улічвае адрозьненьні ў цэнах паміж ЗША і іншымі краінамі. Але гэтыя тэхнічныя дэталі маюць другаснае значэньне ў параўнаньні з парадкам лічбаў у прыведзенай табліцы. Паводле самай спрыяльнай ацэнкі эканоміка аб’яднанай Эўропы пераўзыходзіць аб’яднаныя эканомікі краін Мытнага саюзу больш чым у 5 (!) разоў. Ну і пра якую роўнавялікасьць можна казаць? Пры гэтым з табліцы бачна, што калі б зьдзейсьнілася запаветная мара Пуціна і чальцом союзу стала Ўкраіна, нават калі б адбылося неймавернае і ў саюз увайшлі ўсе краіны СНД, эканоміка ЭЗ пераўзыходзіла б эканоміку гэтай рэінкарнацыі СССР у разы.

Але, можа, бягучае становішча мала што паказвае, бо Мытны саюз дэманструе фантастычную дынаміку, разрыў імкліва скарачаецца з кожным годам і «ў найбліжэйшым часе» абяцаная роўнавялікасьць сапраўды будзе дасягнутая? Так магло б быць. Але так ня ёсьць. Табліца дае параўнаньне з дакрызісным 2007 годам, калі Мытнага саюзу не было яшчэ і ў зародку. Разрыў і сапраўды скараціўся — ці то ў выніку ўтварэньня Мытнага саюзу, ці то з прычыны крызісу, ці зь якіх іншых прычынаў. Але парадак скарачэньня зусім ня сьведчыць пра тое, што саюз Усходу ў хуткім часе дагоніць саюз Захаду, вагавыя катэгорыі як былі рознымі, так і засталіся. Падлік паводле ППЗ больш спрыяльны для краін саюзу (як казаў удаў з вядомага мульціку — «у папугаях я значна даўжэйшы»), але менавіта ў «папугаях» скарачэньне разрыву выглядае найменш пераканаўчым.

Так што ў базавым, эканамічным сэнсе два эканамічныя саюзы проста несувымерныя, і паводле трэнду можна меркаваць, што гэтыя суадносіны захаваюцца яшчэ шмат гадоў.