«Забаронены» Сяргей Міхалок — у Менску

Лідэр культавага гурту «Ляпіс Трубяцкой» Сяргей Міхалок быў заўважаны ў Менску.
Пасьля таго як у кастрычніку 2011 году Міхалком зацікавілася пракуратура, у Беларусі музыкі бываюць толькі транзытам падчас гастрольных пераездаў. На радзіме калектыў упэўнена ўзначальвае «чорны сьпіс» творцаў, чужых афіцыйнай ідэалёгіі — канцэрты «ляпісаў» тут забароненыя, іх песьні выключаныя з ратацыі на тэлебачаньні і радыёстанцыях.

Сяргея Міхалка на менскім чыгуначным вакзале «вылічылі» навучэнцы падпольнага Коласаўскага ліцэю. Ліцэістка Ксенія кажа, што проста не паверыла ўласным вачам — «забаронены» Міхалок у атачэньні сяброў крочыў па пэроне, зь ветлівай усьмешкай рэагуючы на зьдзіўленыя позіркі:

«Ён быў, як я разумею, з усёй сваёй камандай, яны ішлі зь вялікім багажом — з усімі музычнымі інструмэнтамі, шмат усялякіх валізак і г.д. Мабыць, кудысьці пераяжджалі, бо вельмі хутка загрузіліся і зьехалі. Фактычна перад вагонам мы яго і «злавілі».

Карэспандэнт: «Як Міхалок адрэагаваў на ўласную пазнавальнасьць?»

«Абсалютна нармальна, без усялякіх пярэчаньняў. У два заходы нават пасьпелі зь ім сфатаграфавацца — з адной кампаніяй, потым зь іншай. То бок і аўтограф узялі, і разам сфатаграфаваліся».



Жонка Міхалка, актрыса Купалаўскага тэатру Сьвятлана Зелянкоўская кажа, што Сяргей расказаў ёй пра сустрэчу зь ліцэістамі, погляды якіх ён цалкам падзяляе. Але з пэўных прычынаў яна ня можа сказаць, ці спыняецца ён у Менску падчас беларускіх транзытаў:

Сьвятлана Зелянкоўская

«На жаль, я не магу вам адказаць на гэтае пытаньне, выбачайце. Гэта вельмі асабістыя рэчы, асабліва пасьля ўсяго, што было. Але Сяргей мне сапраўды казаў, што на вакзале падыходзілі падлеткі, фатаграфаваліся, папрасілі аўтограф. Яму, канечне, было прыемна».

Якраз у гэтыя дні два гады таму Сяргей Міхалок позвай быў выкліканы ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску — ведамства мелася правесьці лінгвістычную экспэртызу ягоных выказваньняў на адрас беларускага кіраўніцтва. На адмысловым брыфінгу прадстаўнік Генпракуратуры па наглядзе за выкананьнем законнасьці прававых актаў Павал Радыёнаў заявіў, што «так званыя сьмелыя і бяскрыўдныя выказваньні саліста „Ляпіса Трубяцкога“, відавочна, знаходзяцца па-за рамкамі ня толькі нормаў этыкі і маралі, але і права». Пры гэтым ён не даў адказу на пытаньне, ці можа Міхалок прыехаць у Беларусь, не баючыся быць затрыманым.

У шэрагу інтэрвію Сяргей Міхалок востра скрытыкаваў Аляксандра Лукашэнку. Ён падкрэсьлівае, што ніколі не займаўся палітыкай, але сытуацыя ў Беларусі прымушае яго быць у апазыцыі да дзейнай улады:

«Я не факусуюся на гэтай пэрсоне. Мне проста вельмі не падабаецца, што нашу краіну асацыююць выключна з гэтым мярзотным палітычным дзеячам і падрыўніком. Гэта чалавек, які ўвогуле давёў дзяржаву да мяжы, а самае галоўнае, жахлівае яго злачынства ў тым, што ён правёў рубікон паміж беларусамі. Такога не ўдавалася зрабіць нікому. Ёсьць людзі, якія адзін аднаго зараз ненавідзяць, і гэта адбылося дзякуючы Лукашэнку. Ён увесь час гаворыць на словах, што ёсьць нейкая інтэграцыя, салідарнасьць грамадзтва, што ён захаваў краіну. Ён увесь час апэруе незалежнасьцю вакол сябе, намагаецца сфакусаваць гэткі астравок бясьпекі, увесь час хлусіць аб тым, што ўвесь сьвет у агні і пажары і толькі ў Беларусі, дзякуючы яму, усё спакойна. Карацей, гэта проста хлус, злодзей і невук. Ніякі ён не прэзыдэнт, гэта чалавек, які ненавідзіць свой народ. У лепшым выпадку ён заслугоўвае справядлівага суду».

Згодна зь беларускім заканадаўствам, за паклёп на кіраўніка краіны можна пазбавіцца волі на 5 гадоў, а за абразу прэзыдэнта — трапіць за краты на 3 гады. Таму выклік Сяргея Міхалка ў пракуратуру атрымаў шырокі міжнародны рэзананс, а сам музыка, каб не рызыкаваць уласнай свабодай, доўгі час абмінаў Беларусь. Летась раённая пракуратура завяршыла праверку заяваў лідэра гурту «Ляпіс Трубяцкой» — складу злачынства ў словах музыкі знойдзена не было. Але, на перакананьне калегаў Міхалка, крымінальную справу не завялі толькі дзеля таго, каб не атрымаць зьедлівых кпінаў з боку міжнароднай супольнасьці.

Вядомы расейскі музычны крытык Арцемі Троіцкі лічыць ненармальнай для ХХІ стагодзьдзя сытуацыю вакол музыкаў, якія ня хочуць граць па нотах уладаў. На яго думку, нават за савецкім часам творцаў так не прэсавалі, як у сучаснай Беларусі:

Арцемі Троіцкі

«Міхаіла Зьвязьдзінскага ў свой час пасадзілі за арганізацыю падпольных канцэртаў. Зноў жа, за незаконную камэрцыйную дзейнасьць пасадзілі Аляксея Раманава, лідэра гурту „Воскресение“. За падробку дакумэнтаў пасадзілі Жанну Агузараву. Гэта ўсё было на пачатку 1980-х, падчас самай змрочнай агоніі савецкага пэрыяду. Але я не прыгадаю выпадку, каб нават тады саджалі за песьні. Няма такога артыкула ў прынцыпе. Прынамсі, не было ў савецкім заканадаўстве, каб саджаць за творчасьць. Больш за тое, у мяне зараз ідзе даволі шмат розных судовых спраў. Прэтэнзіі да мяне таксама прад’яўляюцца за ўсялякія выказваньні, нібыта абразы, у абарону гонару і годнасьці і да таго падобнае. Сьведкамі на маіх працэсах выступалі, прыкладам, і Юры Шаўчук, і Noiz MC, і іншыя. Але нікому нават не прыходзіла ў галаву на таго ж Noiz MC за яго песьню пра рэзананснае ДТЗ на праспэкце Гагарына „Мерседес S 666“ („Дорогу колеснице“) падаваць на яго ў суд. Таму што ёсьць пэўная мяжа паміж выказваньнямі, зробленымі, скажам, на мітынгу ці з трыбуны, і тым, што называецца творчасьцю».

Зрэшты, нават пасьля таго, як кампэтэнтныя органы адмовіліся ад перасьледу Міхалка, у статусе «ляпісаў» у Беларусі нічога не зьмянілася. Канцэртная дзейнасьць гурту па-ранейшаму забароненая, а каб парадаваць адданых фанатаў, музыкі ладзяць выступы ў памежных зь Беларусьсю гарадах Расеі, Украіны, краінаў Балтыі. Гэта — адзіная магчымасьць разгарнуць бел-чырвона-белыя сьцягі, за якія гледачоў ніхто не карае і не прыцягвае да адказнасьці. Бліжэйшы канцэрт з праграмай «Грай», складзены цалкам зь беларускамоўных песень, прызначаны на 30 лістапада ў Вільні. Чакаецца ажыятаж: нятанныя квіткі ўжо цяпер поўнасьцю раскупілі, як і білеты на цягнікі і аўтобусы на гэты дзень.