Сучасныя беларускія табу

Севярын Квяткоўскі

Уявіце сабе такі сюжэт пра лёс чалавека. Вясковы хлопец вясной 1941 году прызываецца на тэрміновую вайсковую службу. Яго праводзяць усёй грамадой: сталы, танцы, пажаданьні посьпеху. Дзяўчына прызнаецца, што будзе чакаць. Бацька, маці, малодшыя браты і сёстры, і плачуць, і радуюцца – у вялікі сьвет пойдзе! У часе вайны на савецкай тэрыторыі мала што ведаюць пра тое, што творыцца пад нямецкай акупацыяй. У 1944 хлопец разам са сваёй часткай апынаецца ў роднай вёсцы. І дазнаецца, што ўся ягоная сям'я, а таксама каханая дзяўчына, сваякі, сябры і проста суседзі забітыя – амаль пяцьдзясят чалавек. Родны дом спалены. З салдата ён ператвараецца ў салдата-мсьціўцу.

Далей да самага Бэрліну ён ня проста ваюе з ворагам, ён адплачвае за свой боль. Праўда, выжылыя аднавяскоўцы так і не наважыліся распавесьці, што забойцамі былі савецкія партызаны з суседняга атраду. Па ўваходзе на нямецкую тэрыторыю хлопец гвалтуе, а пры магчымасьці, забівае нямецкіх кабет. Гэта адплата. 9 траўня, калі абвешчаная перамога, ён падрываецца на міне. Празь некалькі месяцаў ён з абрубкамі рук і ног, паўсьляпы, але з ордэнам і мэдалямі на гімнасьцёрцы, просіць міласьціну каля чыгуначнага вакзалу ў Менску. Аднога дня хлопца кідаюць у сталыпінскі вагон разам зь іншымі беспрытульнымі калекамі. Вязуць доўга, амаль ня кормяць. Пакуты страшэнныя: задуха, вады амаль няма, справіць патрэбы няма як. Дзесьці ў казахстанскім стэпе прыходзіць вызваленьне ад гэтага вар'яцтва. Усіх – цэлы эшалён – выкідаюць пад адхон, і расстрэльваюць з кулямётаў. Канец фільма.

Што ня так з фактурай? Усё апісанае вышэй было, а таму сюжэт аніяк фантастычным не назавеш. Тым ня менш, я пакуль не магу сабе ўявіць мастацкі фільм, пабудаваны вакол хоць бы адной з прыведзеных тэмаў: злачынствы немалой часткі партызанаў, гвалтаваньні-помсты і лёс вэтэранаў-калекаў. Гэта табуяваныя тэмы.

У сэнсе, пра іх пішуць час ад часу, асьцярожна, з тэгам «толькі для спэцыялістаў». Але ў масавай сьвядомасьці тэмы адсутнічаюць. Маўляў, так, было штосьці такое, але ж.

З аднаго боку бароніцца савецкая ідэалёгія, якая ад канца 1960-х пачала ствараць свой міт пра вайну, дзе, як у коміксе, усё проста. Вось вораг – зло, а вось «нашы» – дабро. Дабро неад'емнае ад камуністычнай ідэалёгіі і сыстэмы цалкам. І калі ты спрабуеш зірнуць на карціну збоку, ты ставіш пад сумнеў дабро, а значыць ты – вораг.

Але ёсьць, па-мойму, іншая – больш важная прычына табу. Калі пасяліць настала ў сваю сьвядомасьць веды пра адваротны бок мэдаля, гэта значыць дапусьціць, што хтосьці з тваіх сваякоў мог быць датычным да злачынства супраць чалавечнасьці.

Паводле таго самага прынцыпу блякуецца інфармацыя пра злачынствы сталінізму, і шырэй – бальшавізму. Нікога не турбуе, што багата рэпрэсаваных так і не былі рэабілітаваныя. Што паўсюль стаяць помнікі людзям, чыя віна ў злачынствах супраць чалавечнасьці ўжо даўно нікім не аспрэчваецца. Той жа Ленін ці Дзяржынскі. Як звычайна кажуць: «Ну што зробіш, гэта ж наша гісторыя».

Нацысты – зло канкрэтнае, якое не патрабуе доказаў і развагаў. І яшчэ зло, якое прыйшло з-за мяжы. Не наша гісторыя, чужая. А так атрымліваецца: «А свае злачынцы, ну яны ж свае. Час быў такі. Нявыкрутка».

***
Інфармацыя пра скульптуру польскага студэнта Ежы Богдана Шумчыка ўзарвала інтэрнэт як у Польшчы, гэтак, прынамсі, у Беларусі, Украіне і Расеі. Сюжэт: жаўнер у падобнай да амэрыканскай форме з савецкай зоркай на касцы гвалтуе цяжарную кабету.

Меркаваньні падзеленыя, прычым, незалежна ад геаграфіі. Людзі заўважаюць і разумеюць вельмі розныя рэчы. Адным – брыдота паводле зьместу. Іншым – «нашы дзяды ваявалі, а вы паклёпнічаеце». Трэцім – «ну куды ўжо палякам лезьці!»

Праяўляюцца якія заўгодна нацыянальныя і гістарычныя комплексы і крыўды, адно толькі не меркаваньні па сутнасьці падзеі.

На мой погляд, сутнасьць у тым, што малады мастак зрабіў акцыю з мэтай прыцягнуць увагу да табуяванай тэмы.

Nicolai Khalezin:

– Сучаснае мастацтва абавязанае разглядаць табуяваныя зоны, і на іх рэагаваць. Тэма, узьнятая ў сфэры мастацтва, выклікае большы рэзананс і грамадзкую дыскусію, чым яна ж, узьнятая ў сфэры журналістыкі.

Адзін з польскіх камэнтароў да матэрыялу:

– Хтосьці ў амэрыканскім мундзіры з савецкай зоркай гвалціць польку, цяжарную ад немца. Пры польскім танку савецкай вытворчасьці, які выбіў немцаў з Данцыгу.

Трагедыя, якая сягае далёка за падзел нашы/ня нашы, добрыя/кепскія. Гэта трагедыі людзей, якія трапляюць у нялюдзкасьць.

Трагедыі, якія адбываюцца кожны дзень у розных месцах плянэты і не абавязкова пад час вайсковых дзеяньняў.

***
Калі перанесьці прадмет дыскусіі ў беларускія рэаліі, мастацкая акцыя магла б, напрыклад, выглядаць так. Скульптурная кампазыцыя, дзе камандзір партызанскага атраду расстрэльвае сям'ю разам зь дзецьмі.

Пачаліся б спрэчкі: ці этычна ўзгадваць пра падобных злачынцаў, ці ня кідае гэта цень па подзьвіг савецкага народу?

Дадаўся б момант, што з абодвух бакоў – «нашы».

Хоць па вялікім рахунку ўсе людзі – «нашы». І кожны штодня, і цягам ўсяго жыцьця робіць маленькія ці вялікія выбары: зрабіць – не зрабіць. Перакрочыць – не перакрочыць.

Грамадзтвы, і ня толькі ў былым СССР, псыхалягічна бароняцца ад пэўных ведаў. Але чым далей ад падзеяў, тым больш гісторыя будзе ўспрымацца адасоблена, і адпаведна збалянсавана.

Але гэта ня значыць, што зьнікне пастаянны выбар пераступіць/не пераступіць. Той самы выбар, які без крыві і гвалту адбываецца ў сучасным беларускім грамадзтве: выканаць загад, які парушае закон, падпарадкавацца начальству, якое парушае твае правы, паўдзельнічаць у цкаваньні калегі зь «няправільнымі» поглядамі, аддаць дзіцё ў БРСМ?

Ці застацца чалавекам, і «не націснуць на курок».