У Варшаве пратэстуюць супраць запрашэньня Лукашэнкі ў Вільню

Пікет у варшаве за байкот выбараў, 23 верасьня 2012 году. Архіўнае фота.

Сёньня ў Варшаве перад літоўскай амбасадай беларусы ладзяць пікет пратэсту супраць запрашэньня Менску на саміт Усходняга партнэрства, які адбудзецца 28-29 лістапада ў Вільні.

Як мы паведамлялі на мінулым тыдні, у бліжэй нявызначаным часе мае адбыцца сустрэча міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса з Аляксандрам Лукашэнкам, падчас якой Лінкявічус перадасьць запрашэньне для прадстаўніка Беларусі ўзяць удзел у саміце. Паводле літоўскага прэм’ер-міністра Альгірдаса Буткявічуса, ніякае канкрэтнае прозьвішча ў запрашэньне ня будзе ўпісана.

Мы папрасілі пракамэнтаваць сёньняшні пікет у Варшаве аднаго зь яго ўдзельнікаў, апазыцыйнага палітыка Вячаслава Сіўчыка:

«Пікет — ініцыятыва беларусаў у Варшаве, якую я падтрымаў. Мы разьлічваем, што сёньня на пікеце будзе да 15 чалавек, на што дазваляе заканадаўства. Мэта акцыі вельмі простая — выказаць абурэньне дзеяньнямі эўрапейскіх структур у адносінах да дыктатуры Лукашэнкі».

Вячаслаў Сіўчык сказаў, што падтрымлівае ўдзел Беларусі ў ініцыятыве Ўсходняга партнэрства, але выступае супраць мяккай пазыцыі Эўразьвязу ў адносінах да Аляксандра Лукашэнкі. Вячаслаў Сіўчык не спадзяецца, што Аляксандар Лукашэнка паедзе ў Вільню. Паводле апазыцыянэра, запрашэньне на саміт у Вільні павінна быць выпісанае на адрас беларускага ўраду і прадстаўнікоў беларускай апазыцыі.