Магілёў: Як жывецца ў помніку архітэктуры

Унікальны магілёўскі дом — помнік архітэктуры

Бальшыня такіх будынкаў — у райцэнтрах. Нямала іх і ў абласных гарадах. У такіх дамах найчасьцей адсутнічаюць выгоды цывілізацыі — гарачая вада, прыбіральня ды цэнтралізаванае ацяпленьне. Людзі зьехалі б з гэтых дамоў, але няма куды. Спэцыялісты ж заяўляюць, што помнікі архітэктуры захоўваюцца найлепей, пакуль у іх жывуць людзі.

Цэнтар Магілёва. Камісарыяцкі завулак. Трыста мэтраў да будынку гарвыканкаму. Сьцяна навабуду хавае стары дом. Першы ягоны паверх мураваны, другі — драўляны. На сьцяне ахоўная шыльда. «Гісторыка-культурная каштоўнасьць. Прычыненьне шкоды караецца па законе». Нумар дому — сямнаццаць.

«Гэта дом купца. Я ня памятаю ягонае прозьвішча, але яго неяк называлі. Калі рэвалюцыя пачалася, яго шуганулі адсюль. Прыйшлі саветы. Усё перарабілі. І з гэтага будынку зрабілі жылы дом. Людзі жылі тут і ў падвалах. І з таго боку, і з гэтага. Дом стары. Усё тут рознае было. За столькі гадоў усё тут пагніло. ЖЭУ пазьней ліштвы парабіла. І усё. Дом жа прыгожы», — кажа спадар Аляксандар, старажыл Камісарыяцкага завулка.

Тое, што дом пакрысе разбураецца, — навідавоку. Цагляная частка будынку сьсярэдзіны пасечаная расколінамі. Акурат на ўваходзе правісае кавалак сьцяны. Жыхары другога паверху кажуць, што перад тым, як выйсьці з дому альбо ўвайсьці ў яго, асьцерагаюцца, ці не абрынецца гэты кавалак ім на галовы. Ацаніць стан драўлянай часткі дому цяжка. У доме смурод ад вільгаці.

Ахоўная шыльда, побач зь ёй — прыкметы разбурэньня дому


«Дом сам па сабе дужа добры, але пяцьдзясят гадоў у ім ніхто не рабіў рамонту. Дом дужа моцны, і я думаю, што ён прастаіць яшчэ трыста гадоў, калі толькі зрабіць тут дах, фасад падправіць. Сьцены тут семдзесят сантымэтраў, але патрабуюць капітальнага рамонту, бо тут усё такое дужа чэзлае», — кажа жыхар дому.

Небясьпечны кавалак сьцяны над галовамі жыльцоў


Пакуль гутару з спадаром, ягоная суседка носіць у дом ваду ды дровы. Апавесьці пра жыцьцё у старым доме доўга не наважваецца. Кажа, што жыве ў ім 27 гадоў, і штогод ёй абяцаюць, што неўзабаве адселяць. На пытаньне, ці адчувае яна гонар за тое, што жыве ў доме, які лічыцца помнікам архітэктуры, жанчына адказвае:

«Які ў мяне можа быць гонар, калі я хаджу ў прыбіральню на вуліцу і ўзімку, і ўлетку. Вада ў калёнцы. Дровы ў дрывотні. Пячное ацяпленьне. Вось і ўсе нашы ўмовы».

Your browser doesn’t support HTML5

Жыцьцё ў помніку


Жыць у доме невыносна цяжка, дадае да слоў жанчыны ейны сусед з другога, драўлянага паверху.

«Вокны пагнілі. Усё пагніло. Ветрам прадзімаецца. Узімку клей вокны ці ня клей — усё роўна. Па два разы паліш печку — і ўсё роўна вышэй ад дваццаці градусаў не падымаецца. А за ноч астывае да пятнаццаці. Мы жывём, як у вёсцы. У цэнтры гораду, але нібыта ў вёсцы».

Другі паверх дому драўляны. Унікальнае магілёўскае аздабленьне сьцен разьбой


Зьвестак пра дом у Камісарыяцкім завулку, 17 вобмаль. Яго ўзьвялі прыканцы 19 стагодзьдзя. У абласным краязнаўчым музэі паведамілі, што да нацыяналізацыі ў 1924 годзе ён належаў мясцовай жыхарцы Варвары Васілеўскай. У музэі адзначаюць, што будынак унікальны і адзіны такі ацалелы ў Магілёве. Пры канцы 19 стагодзьдзя такімі дамамі, характэрнымі толькі для Магілёва, забудоўваліся цэлыя гарадзкія раёны. Страта дому для гарадзкой архітэктуры будзе непапраўнай, кажуць у музэі.

Стан дому з боку, схаванага ад мінакоў


У ЖЭУ № 1, на тэрыторыі на якога знаходзіцца дом, пра стан помніка архітэктуры ведаюць. Спэцыялісты ўпраўленьня кажуць, што ўсё, што ў іх сілах, яны робяць, але догляд старога будынку вымагае вялікіх сродкаў, якіх не хапае.

Ведае пра стары ўнікальны магілёўскі будынак і старшыня прэзыдыюму аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Ён адзначае, што пытаньне захаванасьці помніка ня толькі клопат дзяржавы, але і жыльцоў гэтага дому, калі кватэры ў ім яны прыватызавалі:

«Тут практычна патавая сытуацыя. І такая сытуацыя, дарэчы, стандартная для ўсёй Беларусі, і разьвязаньне яе досыць складанае. Расьсяленьне людзей, калі нават горад зробіць, пакіне пытаньне — а што будзе тады ў гэтым доме? Найлепшы сродак захаваньня гэтага дому — тое, што там жывуць людзі. Калі адбудзецца расьсяленьне жыльцоў, то ён заваліцца за паўгода».

Прылеглую пляцоўку да дому парадкуюць самі жыльцы


Суразмоўца адзначае, што сучасную рэстаўрацыю дом можа ня вытрымаць, а калі яна і адбудзецца, помнік архітэктуры страціць сваю аўтэнтыку. І ня толькі сваю. Паводле спэцыяліста навакольле таксама страціць сваю непаўторнасьць.

Цяпер побач з домам з аднаго боку хмызьняк. Ім зарастаюць падваліны зьнішчанага пажарам таксама старога ўнікальнага магілёўскага будынку. З другога боку — разбураецца ўжо адселены двухпавярховы драўляны дом. Непадалёк старыя мураваныя будынкі з ахоўнымі шыльдамі на сьценах. У іх месьцяцца офісы. Ля іх прыпаркаваныя дарагія аўто. На фоне помніка архітэктуры, стан якога далёкі да прымальнага, аўто выглядаюць дзікавата.

Побач з помнікам архітэктуры разбураецца ўжо адселены двухпавярховы драўляны дом