Шоў Лукашэнкі — ці быў удзячны глядач?

Аляксандар Лукашэнка

Ці дасягнула прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі свайго заплянаванага прапагандысцкага і мэдыйнага эфэкту? Ці сапраўды супадаюць погляды беларускага і расейскага прэзыдэнтаў на калійны канфлікт?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі, і з Масквы — дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што ў гэтым традыцыйным жанры Аляксандру Лукашэнку ўдалося сказаць нешта новае, захапіць увагу СМІ сваімі выказваньнямі? Прэсавая канфэрэнцыя пакінула агульнае ўражаньне крызісу жанру. Даўно заўважана, што Лукашэнка найлепш раскрываецца, калі яму задаюць вострыя пытаньні. Расейскія правінцыйныя журналісты, якіх тры дні паілі-кармілі-вазілі, такіх пытаньняў амаль не задавалі. Таму большасьць адказаў падалася ня надта цікавымі. Аляксандар, ці падзяляеце вы такое меркаваньне?


«Натуральна, ані слова пра тое, што сацыяльная мадэль пачынае ўжо хістацца»


Аляксандар Класкоўскі

Класкоўскі: Так, гэта ўжо стала даволі дзяжурным мерапрыемствам, і публіка, якую зьбіраюць паводле адпаведных сьпісаў, даволі спэцыфічная. Гэта пераважна правінцыйная, лева-патрыятыная, казённа-інтэграцыйная прэса. Таму вострых пытаньняў было вобмаль. Некаторыя госьці ў сваёй прастадушнасьці нават дзякавалі за пачастунак і прызнаваліся, што патаўсьцелі на некалькі кіляграмаў.

Гэта пераважна правінцыйная, лева-патрыятыная, казённа-інтэграцыйная прэса. Таму вострых пытаньняў было вобмаль.


Зь іншага боку, на гэтую аўдыторыю лукашэнкаўскія піяраўскія зярняты падалі на спрыяльную глебу. Таму ён і паставіў кружэлку пра распад Саюзу, уключыў міт пра тое, што ён быў адзіным беларускім дэпутатам, які галасаваў супраць распаду СССР. Гэта ўсё матывы, якія будуць узьдзейнічаць на пэўную частку расейскай аўдыторыі, як і апатэоз моцнай рукі — маўляў, у вас там развал, алігархі, а ў Беларусі клапатлівы правадыр падтрымлівае сацыяльную мадэль. Натуральна, аніслова пра тое, што сацыяльная мадэль пачынае ўжо хістацца і ляснулася б, калі б не расейскія датацыі.

Кірыл Коктыш

Але калі задаваліся вострыя пытаньні, то Лукашэнка рэагаваў па-байцоўску. Калі спыталі, чаму Менск не прызнаў Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, сэнс адказу Лукашэнкі быў такі, што тагачасны расейскі прэзыдэнт не пагадзіўся праплаціць гэтае пытаньне, кампэнсаваць усе выдаткі і страты. Вось сапраўдная подбіўка ўсіх гэтых высокіх фразаў пра братэрства. Усё пралічана, і грунтуецца толькі на тым, што пад той ці іншай маркай Менск імкнецца высмактаць чарговую дозу датацыяў ад Расеі.


«Пасьля гісторыі з Уралкаліем Лукашэнка павялічыў свой рэйтынг у Расеі»


Цыганкоў: Сёньня з вуснаў Лукашэнка зноў усплыў тэзіс пра тое, што менавіта Расея затрымлівае далейшую інтэграцыю. «Народ зачакаўся нейкай дынамікі станоўчай ў рамках саюзнай дзяржавы. Але гэта — пытаньне да мяне», — заявіў беларускі кіраўнік. Ці можна сказаць, што расейскае грамадзтва гатовае паверыць гэтым словам Лукашэнкі, ці ён ужо не зьяўляецца галоўным лідэрам у гонцы інтэгратараў?
Беларуская сацыяльная мадэль яўна выйграе ў параўнаньні з сацыяльнай мадэльлю расейскай правінцыі.

Коктыш: Я б сказаў, што пасьля гісторыі з Уралкаліем Лукашэнка павялічыў свой рэйтынг у Расеі. Зараз ён практычна вярнуўся на тыя пазыцыі, якія займаў у канцы 90-х гадоў. І пытаньне ў тым, ці здолее гэтая прэсавая канфэрэнцыя капіталізаваць той рэйтынгавы капітал, які зьнянацку зваліўся на Лукашэнку ў выніку калійнай вайны. Выглядае, што нешта новае не было вынайшана. Былі выкарыстаныя тыя хады, якія заўсёды добра працавалі, бо беларуская мадэль куды больш папулярная ў рэгіёнах, чым у Маскве. Беларуская сацыяльная мадэль яўна выйграе ў параўнаньні з сацыяльнай мадэльлю расейскай правінцыі.

Цыганкоў: Некалькі разоў з вуснаў Лукашэнкі падчас прэсавай канфэрэнцыі прагучаў тэзіс, што беларусы надта расьпешчаныя ўласнай дзяржавай. Надта шмат яна ім дае, і камунальныя паслугі, і мэдыцыну, і гэтак далей. Што азначаюць гэтыя словы?
Для расейцаў — паказана, як у нас тут добра жывецца простаму чалавеку, ён як сыр у масьле катаецца, і нават расьпесьціўся троху.

Класкоўскі: Рэч у тым, што гэтыя выказваньні ўжо пераважна не для расейскай аўдыторыі. Для расейцаў — паказана, як у нас тут добра жывецца простаму чалавеку, ён як сыр у масьле катаецца, і нават расьпесьціўся троху. А для беларусаў мэсыдж такі — дэвальвацыя надыходзіць, але вы самі будзеце вінаватыя.

Тут яшчэ такі цікавы момант — Лукашэнка нібыта дэманстраваў свой піетэт перад эканамічнымі законамі. Калі трэба было апраўдаць павышэньне цэнаў, то ён казаў — я ж мушу іх павялічваць, іначай вывозяць адсюль прадукты. То бок сам прызнаецца, што ён камандуе цэнамі. Таксама прызнаўся, што пасьля дэвальвацыі ён загадаў падымаць заробкі, фактычна раздаваць незаробленыя грошы. Але разам з тым ужо перавёў стрэлкі, і калі лясьнецца рубель, то ў гэтым будзе вінаваты «народзец», які пабег у абменьнікі.


«Мытны зьвяз нараджае моцныя канфліктныя зоны паміж дзьвюма дзяржавамі»


Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Лукашэнка сёньня неаднаразова вяртаўся да калійнай тэмы, і выказваў тэзіс, што ягоныя погляды на калійны канфлікт цалкам супадаюць з поглядамі Ўладзімера Пуціна? Ці вы пагадзіліся б з такой ацэнкай?

Коктыш: Лукашэнка зацікаўлены дэманстраваць, што паміж ім і Пуціным існуе добры ўзровень даверу, і што Лукашэнка мае шанцы ў той ці іншай ступені гуляць на расейскім палітычным полі. Пра ступень даверу паміж імі меркаваць, вядома, цяжка. У калійным канфлікце Пуцін заняў пазыцыю назіральніка і арбітра. Калі ж канфлікт будзе вырашаны цалкам на беларускіх умовах, можна будзе ацаніць, наколькі гэта працуе.

Аднак стасункі паміж краінамі ня зводзяцца да стасункаў паміж двума палітыкамі. І тут якраз існуюць моцныя канфліктныя зоны паміж двума дзяржавамі. Бо той мытны зьвяз, які будуецца, не прадугледжвае дамінаваньня ніводнай беларускай карпарацыі на прасторы гэтага зьвязу. І гэта можа пераўтварыцца з часам ў вельмі істотную праблему.