Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Усіх, хто супраціўляўся, расстрэльвалі на месцы

Аляксандар Лукашэнка 11 кастрычніка праводзіць прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў расейскіх рэгіянальных СМІ. Радыё Свабода асьвятляе падзею ў рэжыме рэальнага часу.

19:12 11.10.2013
Блог Валера Карбалевіча. Слабы Пуцін і круты Лукашэнка

Скончыўся чарговы сэанс палітычнага гіпнозу для расейскай аўдыторыі. Як вядома, падобны жанр палітычнага мастацтва мае сэнс і дае эфэкт толькі пры ўмове, калі сабралася публіка, якая паддаецца гіпнозу. Не выклікае сумневу, што падбору ўдзельнікаў гэтага больш як пяцігадзіннага шоў аддавалася значная ўвага.
19:11 11.10.2013
«Шлейф падзельнікаў» пакуль з аднаго затрыманага

У Сьледчым камітэце пацьвердзілі зьвесткі толькі пра аднаго з затрыманых разам з намесьнікам старшыні «Белнафтахіма».
16:38 11.10.2013
Станіслаў Багданкевіч, прафэсар, экс-старшыня праўленьня Нацыянальнага банку:

Дэнамінацыю сапраўды нельга праводзіць ва ўмовах чаканьня дэвальвацыі і высокай інфляцыі. Пажадана, каб інфляцыя была як мінімуму 10% гадавых, а яшчэ лепей — не болей за 5%. Прычым я вяду гаворку пра рэальную інфляцыю, а не пра тую, якую на паперы ствараюць улады.

У нас. Калі параўноўваць з мінулым годам, інфляцыя дасягнула ўжо 20%. Дык пра якую дэнамінацыю зараз можна казаць?! Зробіш, а праз пару-тройку гадоў зноў вымушаныя будзем яшчэ раз праводзіць дэвальвацыю.

А што тычацца новых грошай, дык яны паляжаць. Гэта фармальна нават яшчэ і не грошы. Я назваў бы іх блянкамі. Калі не выкінулі, дык падобныя блянкі дзесьці ляжаць яшчэ з маіх часоў. Яны становяцца грашыма толькі пасьля таго, як будуць запушчаныя ў абарот Нацыянальным банкам.

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч
16:35 11.10.2013
Аглядальнік Свабоды падводзіць вынікі:

Прэсавая канфэрэнцыя пакінула агульнае ўражаньне крызісу жанру. Даўно заўважана, што Лукашэнка найлепш раскрываецца, калі яму задаюць вострыя пытаньні. Расейскія правінцыйныя журналісты, якія тры дні паілі-кармілі-вазілі, такіх пытаньняў амаль не задавалі. Калі расейскі журналіст кажа, як у Беларусі ўсё добра, а Лукашэнка пераконвае, што ня так усё і цуоўна — то такія дыялёгі пакідаюць дзіўнае ўражаньне. Мерапрыемства пакінула сумнае ўражаньне, шмат было «вады» — і нават у сацыяльных сетках прэс-канфэрэнцыя не стала дамінуючай і галоўнай тэмай.
16:28 11.10.2013
Прэсавая канфэрэнцыя скончылася праз амаль 5 з паловай гадзін пасьля пачатку. Лукашэнка паставіў рэкорд па працягласьці.
16:06 11.10.2013
Пра дэнамінацыю беларускага рубля




«Дэнамінацыя — не праблема. Гэта чыста тэхнічны працэс. Яе трэба праводзіць, калі будзе фінансавая стабільнасьць. Гэта чыста тэхнічнае пытаньне. Калісьці мы праводзілі дэнамінацыю, але мала нулёў адкінулі. Мы ж да гэтага гатовыя, новыя грошы ўжо ляжаць на складах. Але ня хочацца турбаваць людзей, каб яны па закавулках бегалі».
16:04 11.10.2013

Аляксандар Лукашэнка: Аддайце нам Калінінградзкую вобласьць

У адказ на пытаньне тое, што літоўцы гатовыя перакрыць дарогі ў Калінінградзкую вобласьць у сувязі з малочнай вайной Літвы і Расеі, Лукашэнка заявіў:

«Калі літоўцы будуць сябе так паводзіць — атрымаюць па мордзе... Я казаў неяк Пуціну: аддайце нам Калінінградзкую вобласьць, мы разараем кожны гектар і зробім квітнеючую вобласьць. Там нашыя людзі, таму я перажываю. Калі б можна было б забраць Беларусі Калінінград, то мы б з задавальненьнем».
16:02 11.10.2013
Аб непрызнаньні Абхазіі і Паўднёвай Асэціі

Лукашэнка
патлумачыў расейскаму журналісту, што ў 2008 годзе ў выпадку прызнаньня Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэціі, перад краінай паўставалі вялікія праблемы з валютай. У той жа час Расея увяла ба’еры для беларускай малочнай прадукцыі і вяла газавую вайну:

«Я сустракаюся пытаюся, вы гатовыя падставіць плячо. Вы ведаеце, тое-сёе..
Перш чым рабіць такі крок, я павінен быў падумаць, што было б з-за прызнаньня-непрызнаньня».

15:53 11.10.2013
Камэнтуе аглядальнік Свабоды:

Пры пытаньні пра Абхазію і Паўднёвую Асэтыю Лукашэнка нечакана стаў відавочна нэрвавацца. «Каму гэта зараз патрэбна бударажыць гэтае пытаньне?» «Вы сапраўды хочаце, каб я вам адказаў?» Распавядае пра перадгісторыю, выстаўляе Мядзьведзева, тагачаснага прэзыдэнта Расеі, ў ганебным сьвятле («гэта не мае пытаньні», нібыта казаў яму Мядзьведзеў). «Гэта няшмат дало б Расеі, а нас бы апусьціла на такое дно... Калі б Расея падзяліла з намі гэтыя рызыкі, я сам бы падпісаў гэты Ўказ», — кажа Лукашэнка. Відавочна, што гэтае пытаньне вельмі непрыемнае для яго.
15:35 11.10.2013
Пра Кітай і ўсходнюю палітыку

Журналіст «Забайкальскага рабочага» спытаўся пра ўсходнюю палітыку Беларусі і адносіны з Кітаем.

Лукашэнка адказаў:

«Наша ўсходняя палітыка — гэты Мытны саюз. Што да КНР. Кітай — гэта лёс напэўна. Яны і крэдытамі нас падтрымліваюць. У нас вельмі добрыя адносіны зь імі. Ужо не адзін год. І яны на справе гэта паказваюць. Яны будуць будаваць у Беларусі індустрыяльны парк, на 50 мільярдаў даляраў экспарту ў год пасьля завяршэньня будаўніцтва. Яны нас падтрымліваюць і ў дыпляматыі, мяне старшыня Савета КНР адкрыта падтрымаў перад другімі выбарамі».
15:33 11.10.2013
15:32 11.10.2013
Камэнтар да выказваньняў Лукашэнкі пра яго настальгію аб СССР

Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

Лукашэнку хочацца вярнуцца назад у СССР. Ну, і хай бы гэта ён і рабіў. Але ня трэба цягнуць туды краіну. Бо Лукашэнка зацягне туды на што ё1н мсам сёньня спасылаецца — на турму, на перасьлед.

Падаўляючая бальшыня беларусаў хоча ісьці наперад — да эўрапейскіх стандартаў, эўрапейскіх каштоўнасьцяў. А не вяртацца ў Савецкі Саюз.

Бяда ня ў тым, што Лукашэнка сумуе па СССР. Ён робіць спробы вярнуць у мінулае ўсю краіну. І мы за гэта плацім вельмі вялікую цану.

Мне цікавыя яго спасылкі на тое, што яму было асабіста дрэнна ў СССР. Наколькі мне вядома, ён ня быў дысыдэнтам. Таму яго развагі пра турму дастатковыя цікавыя.. Можна было б пакапацца ў гэтых момантах яго біяграфіі.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
15:24 11.10.2013
Пра карупцыю і асабнякі міністраў

На пытаньне пра барацьбу з карупцыяй Лукашэнка адказаў:

«Бароцца да канца, тут не павінна быць кампанейшчыны. Я хачу застацца ў памяці людзей такім, каб у мяне ніхто кій, ня кінуў у вакно, як у нас у вёсцы казалі, каб людзі не сказалі пра мяне кепска. Дзеля гэтага я гатовы працаваць, і я працую. Ніхто не скажа, што ў нас празьмерна карумпаваная краіна...

У нашых міністраў няма асабнякоў. Так, я ім дазволіў пабудаваць дамы, але толькі пры ўмове, што яны прадалі свае кватэры».
15:15 11.10.2013
Аляксандар Лукашэнка пра МАЗ і БелАЗ:

Наконт праблемы аб’яднаньня МАЗа і КАМАЗа і долі БелАЗу Лукашэнка сказаў:

«Я пытаюся ў інвэстара: які аб’ём інвэстыцыяў будзе: адказу няма. Другое пытаньне: якія новыя тэхналёгіі. Адказу няма. Трэцяе: якія новыя рынкі прапануеш? У Расеі і Беларусі... Дык навошта? Што дасьць гэткае аб’яднаньне? А ці не атрымаецца так, што вы забярэце гэтае прадпрыемства, і з часам там будуць вырабляць толькі дыскі для аўтамабіляў, і мы страцім вытворчасьць аўтамабіляў... А БелАЗ мы нікому не аддаём. Мы трымаем 30 працэнтаў сусьветнага рынка».

Лукашэнка распавёў, што ў адрозьненьне ад расейцаў на прапанову разам вырабляць электрацягнікі ў Беларусі прадстаўнік кампаніі са Швайцарыі прапанаваў 200 мільёнаў эўра інвэстыцый, навейшыя тэхналёгіі, і рынкі ў Расеі.
15:06 11.10.2013
Аляксандар Лукашэнка пра міжнацыянальны мір:

Найвялікшае наша дасягненьне, што ў нас не было міжрэлігійных і міжнацыянальных спрэчак. Беларускі габрэй невінаваты ў тым, што Канцэльсон загубіў „Камунарку“... Мы не забаранялі украінскім лекарам і мэдыцынскім сёстрам прыяжджаць працаваць у Беларусь, хоць міністар аховы здароўя, сама украінка, настойвала на гэтым.
14:58 11.10.2013
Аляксандар Лукашэнка: «Мы стварылі дзяржаву. Я ішоў наперадзе»

«У нас не было сваёй дзяржавы. Мы з разрухі падхапіўшы абломак краіны на краю пропасьці, захавалі і мадэрнізавалі яе, мы стварылі сваю дзяржаву. У гэтым мая заслуга. Усё астатняе народ рабіў. І не я адзін. Проста мы не выпала шчасьце ісьці наперадзе»

14:55 11.10.2013
Ці вы сумуеце па СССР, спытаў Лукашэнку журналіст з Санкт-Пецярбурга:


«Я не проста сумую, я чалавек савецкі, я вырас у той краіне. Ад той сыстэмы мне спаўна хапіла: мяне з партыі хацелі выгнаць, два спагнаньні па партыйнай лініі, ледзьве ў турму не пасадзілі, усяго было... Але я гэта нармальна ўспрымаю. Цяпер сыстэма ў цэлым ня лепей. Хоць можна з падваротні гаўкаць, абліваць брудам прэзыдэнта і табе нічога ня будзе. А тады было іначай. Цяпер сыстэма ня лепшая.

Гарбачова многія сварылі і свараць, я адзіны дэпутат, які галасаваў у нашым парлямэнце супраць развалу СССР. Я вельмі перажываў і перажываю за гэта. Але калі б не было Гарбачова і той адлігі, я б прэзыдэнтам ня быў дакладна. Калі б захаваўся СССР, у нас увогуле не было б прэзыдэнцтва ў Беларусі.

Нехта сказаў, што я ўжо старажытны прэзыдэнт. Так, як кіраўнік высокага ўзроўню я разумею, чаму распаўся СССР. А гэтага і ў цяперашняй Расеі церпяць. Вы ня ўмееце цаніць людзей.

Але б калі быў Савецкі саюз, не палыхаў бы Бліжні Ўсход, арабская дуга... А цяпер альтэрнатывы няма. Таму як можна не шкадаваць па распадзе СССР. Ня ўсё ў нас было кепска. Таму настальгія вялікая».

14:54 11.10.2013
Камэнтуе аглядальнік Свабоды:

Лукашэнка зноў кажа, што ён адзіны дэпутат, які галасаваў супраць белавескіх пагадненьняў, якія паклалі канец СССР. Уражвае, як Лукашэнка працягвае паўтараць гэтую хлусьню, ня гледзячы на тое, што гэта было неаднаразова абвергнута. Даўно былі прадстаўленыя дакумэнты, (у тым ліку нашым калегам Сяргеям Навумчыкам), паводле якіх вынікае, што Лукашэнка не галасаваў за ратыфікацыю. А адзіны дэпутат, які галасаваў супраць — гэта быў Валеры Ціхіня. Чакаем, што Лукашэнка зноў скажа, што ягоны бацька загінуў на вайне.
14:38 11.10.2013
Лукашэнка пра гульнявы бізнэс: «Я ў тэме»

Гульнявыя цэнтры мы жорстка кантралюем, не забараняем, не заганяем на кухні. Некаторыя такія цэнтры да нас з Масквы перакачавалі. І расейцы прыяжджаюць, пакідаюць тут грошы і вялікія. Таму я ў тэме.

Тут ты не можаш арганізаваць банду з мэтай паставак дзяўчат за мяжу. Хоць мы не трымаем дзяўчат за рукі, гэта кожнай зь іх асабістая справа. Але мы лідэры па барацьбе з гандлем людзьмі. У нас жонкі вельмі вялікіх начальнікаў за гэта тэрміны адбываюць.

14:27 11.10.2013
Камэнтуе аглядальнік Свабоды:

Лукашэнка трэці раз у розных аспэктах падчас прэсавай канфэрэнцыі кажа пра тое, што беларускі народ занадта расьпешчаныя дзяржавай. Кажа, што заробак мусіць быць зароблены, а не проста выплачвацца. Скардзіцца на тое, колькі дзяржава траціць на сацыяльныя паслугі насельніцтву – мэдыцына, камунальныя паслугі. А насельніцтва гэта ня цэніць, больш за тое, купляе валюту і кудысьці яе траціць. У той час як дзяржава надта шмат дабротаў дае народу, а ён няўдзячны. Карацей, народ падводзіцца да думкі, што гэтыя сацыяльныя даброты будуць скарачацца.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG