Кантрасты прэзыдэнцкай кампаніі ў Азэрбайджане

9 кастрычніка ў Азэрбайджане маюць адбыцца прэзыдэнцкія выбары.
На пасаду кіраўніка краіны прэтэндуюць дзейны прэзыдэнт Ільхам Аліеў і адзіны кандыдат на прэзыдэнта Азэрбайджану ад шэрагу вядучых апазыцыйных сілаў Джаміль Гасанлы.

Аліеў, у чыёй перамозе і трэцім тэрміне наўрад ці можна сумнявацца, правёў кампанію амаль непрыкметна, адзначаюць назіральнікі. А Гасанлы, наадварот, выступаў на мітынгах, размаўляў з выбарцамі ў Баку і рэгіёнах.


Аліева зьвінавацілі ў фінансавай падтрымцы рэжыму Лукашэнкі


Абвінавачаньні прагучалі 29 верасьня ў тэледэбатах кандыдатаў у прэзыдэнты Азэрбайджану. Яны трансьляваліся грамадзкім тэлебачаньнем краіны.

Сам Ільхам Аліеў не прымаў у іх удзелу. Большасьць кандыдатаў у прэзыдэнты нападалі на прадстаўніка Нацыянальнай рады дэмакратычных сіл Джаміля Гасанлы і іншых лідэраў апазыцыі. Нягледзячы на гэта, галоўнаму канкурэнту азэрбайджанскага кіраўніка ўдалося агучыць свае прэтэнзіі да ўладаў.

Джаміль Гасанлы, у прыватнасьці, назваў Ільхама Аліева «галоўным карупцыянэрам краіны» і акцэнтаваў увагу на тым, што ўлады не змагаюцца з самаўпраўствам чыноўнікаў. Ён таксама заявіў пра кабальныя ўмовы банкаўскіх крэдытаў: аказаўшыся ня ў стане расплаціцца, людзі ня раз канчалі жыцьцё самагубствам.

Пры гэтым Джаміль Гасанлы абвінаваціў улады краіны ў ільготным фінансаваньні беларускага прэзыдэнта. Ён распавёў, што ўрад Азэрбайджану даў Лукашэнку новы крэдыт па стаўцы ўсяго 1%.

Ільхам Аліеў пазычае грошы беларускаму калегу ня першы раз. Летам 2010 году кіраўнік Азэрбайджану выдзеліў Лукашэнку беспрацэнтны крэдыт на 200 мільёнаў даляраў, каб Беларусь змагла разьлічыцца з Расеяй за газ.


Аліеў і Лукашэнка — ворагі прэсы


Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» штогод публікуе сьпіс ворагаў прэсы.

Ня першы год запар у ім фігуруюць Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў.

У Індэксе свабоды СМІ сярод краінаў «Усходняга партнэрства» Беларусь займае перадапошняе месца, на апошнім — Азэрбайджан.