Чатыры ўдары па Беларусі

Сяргей Дубавец

Ня трэба тлумачыць, што для адносна невялікай беларускай супольнасьці значыць страта аж чатырох ключавых постацяў за тыдзень.
Маю на ўвазе мінулы тыдзень, калі пайшлі з жыцьця людзі, галоўныя ў сваіх асяродках.

Спачатку паведамілі пра сьмерць 90-гадовага філёзафа Міколы Крукоўскага – найбуйнейшага беларускага філёзафа ўсіх часоў.

Потым дайшла вестка пра сыход Норбэрта Рандава – перакладчыка беларускае літаратуры на нямецкую мову, у сваёй галіне творцу і аўтарытэт першае велічыні.

Наступным стаў пачынальнік новага беларускага адраджэньня Віктар Івашкевіч.

Нарэшце мы даведаліся пра гібель 26-гадовай журналісткі Кацярыны Бязмацерных, папулярнай блогеркі, эсэісткі, аўтаркі «Нашай Нівы», «Дзеяслова», Generation.by.

Усе яны – асяродкаўтваральныя постаці, вакол якіх гуртаваліся людзі. Прыхільнікаў беларушчыны рабілася болей. Гуртавалі праз кнігі, як Крукоўскі, празь пераклад, як Рандаў, непасрэдна ў гушчыні людзей, як Івашкевіч, у інтэрнэце, як Кацярына.

Такім тыдзень 30.09-01.10.2013 увойдзе ў нашу беларускую гісторыю. У зьвязку з гэтым – засьцярога і спадзяваньне.

Засьцярога – каб стратны тыдзень не ператварыўся ў чорную паласу.

Спадзяваньне – усе чацьвёра, хутчэй за ўсё, не былі нават знаёмыя паміжсобку. А гэта значыць, нас ня так і мала.