«Гавары праўду» рыхтуецца да мясцовых выбараў

Агітацыйны пікет «Гавары праўду», архіўнае фота

Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» падвяла вынікі году пасьля парлямэнцкіх выбараў і абвясьціла пра пачатак падрыхтоўкі да мясцовых выбараў, якія адбудуцца ў сакавіку 2014-га.
Год назад актывісты кампаніі «Гавары праўду» далі абяцаньне, што не пакінуць сваіх выбаршчыкаў. За гэты год у офісы кампаніі зьвярнулася каля 2000 чалавек, прыйшло больш за 100 актывістаў, што дазваляе ўжо сёньня мець сьпіс патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў амаль у 400 чалавек, кажа адзін зь лідэраў кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў:

«На сёньняшні дзень у нас калі 400 кандыдатаў. Да выбараў яшчэ ёсьць час, можа, іх будзе больш. Наша мэта сёньня — паклікаць на выбары простых людзей. Мы кажам: ідзіце на выбары і самі распавядайце пра свае праблемы. А мы будзем вам толькі дапамагаць.

Андрэй Дзьмітрыеў


У нас няма пагоні за колькасьцю. Мы гонімся за тым, каб у кандыдаты пайшлі звычайныя беларусы, а ідуць туды за тым, каб распавесьці гісторыю жыцьця, гісторыю праблемаў. Мы ставім перад сабой, безумоўна, пэўныя мэты, але калі ў нас будзе не 5 тысяч, а 400, гэта будзе добра. Тут галоўнае, мне падаецца, ня колькасьць. Тут галоўнае — як кожны будзе змагацца за галасы беларусаў».

Юры Салодкі

Юрыст Юры Салодкі ў кампаніі «Гавары праўду» актыўна змагаецца супраць незаконных забудоваў, ушчыльненьняў, высечкі паркаў і сквэраў. Ён дамогся ад сталічных уладаў, каб тыя азнаёмілі народ з гарадзкім бюджэтам. Зьбіраецца стаць кандыдатам у дэпутаты Менгарсавету:

«У Менску ў нас на сёньняшні дзень больш за 30 патэнцыйных кандыдатаў. І зараз займаемся праблемамі мясцовага бюджэту. Вельмі цікавая тэма. Адразу глядзіш — усё выглядае больш-менш прыстойна: нармальныя грошы і на сацыяльныя мэты ідуць, і на іншыя сфэры нямала. Але потым, калі пачынаеш разьбірацца — вельмі шмат такіх артыкулаў у расходнай частцы, і не разумееш, куды ідуць гэтыя грошы. Напрыклад, у мясцовым бюджэце ёсьць асобны разьдзел на нацыянальную абарону. На што гэта ідзе ў Менску? Калі мы пачынаем удакладняць, куды яны канкрэтна пайшлі, на якія мерапрыемствы — адказаў дакладных няма, нейкія размытыя фармулёўкі, і ўсё. Мы разумеем, што за гэтым, напэўна, хаваецца карупцыя, дробная ці буйная, зараз будзем высьвятляць. І будзем далей працаваць зь людзьмі».

Лідзія Сагідуліна

Каардынатар кампаніі на Віцебскай вобласьці Лідзія Сагідуліна кажа, што цяпер асноўная праца ў рэгіёнах — гэта пошук кандыдатаў ня зь ліку апазыцыі і ня зь ліку дэмакратычных актывістаў. І атрымліваецца гэта празь лякальныя акцыі ў гарадах, дзе кампанія мае офісы: у Глыбокім, Воршы, Полацку, Віцебску.

«Людзі спачатку зьвяртаюцца ў пошуку вырашэньня праблемы, мы падказваем, як дзейнічаць, і чалавек разумее, што можа гэта зрабіць сам, яшчэ сам камусьці дапамагчы. І калі мы кажам пра выбары, што ў нас ёсьць каманда, мы можам аказаць дапамогу, падтрымку, падказаць, як гэта рабіць, — чалавек кажа: «А чаму б мне не паспрабаваць? Чаму я буду галасаваць за таго, каго прызначаць?»

Лідзія Сагідуліна распавяла, што літаральна ўчора знайшлі патэнцыйнага кандыдата ў аграгарадку, а таксама ў райцэнтры.