Мечыслаў Грыб: Хто сёньня хоча ваяваць з Расеяй?

Мечыслаў Грыб

Чаму, нягледзячы на калійны канфлікт, Уладзімер Пуцін прыехаў у Беларусь на сумесныя вайсковыя вучэньні? Наколькі важная Беларусь для ваеннай стратэгіі Расеі? На гэтыя пытаньні адказвае былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб.

— У дачыненьнях Масквы і Менску хапае скандалаў, розных «войнаў» у самых розных сфэрах — эканамічнай, палітычнай, ідэйнай. Аднак амаль не бывае нейкіх істотных разыходжаньняў у пытаньнях ваеннага супрацоўніцтва. Чаму Расея настолькі моцна цэніць Беларусь менавіта ў ваенным сэнсе?

— Сёньняшнія ваенныя палітычна не самастойныя — яны нічога не вырашаюць. Сябраваць ці не беларускім і расейскім вайскоўцам — гэта вырашаюць кіраўнікі абедзьвюх краінаў. На фоне розных калійных ды іншых войнаў ёсьць больш важныя інтарэсы. Расея зацікаўленая ў Беларусі, бо імкнецца стварыць Эўразійскі зьвяз, умацаваць Мытны зьвяз.

Гэта асноўная мэта сёньняшняга кіраўніцтва Расеі, дзеля якой яно гатовае пайсьці на ўсё.

— Часам расейскія экспэрты і палітыкі з жахам малююць такую сытуацыю, што Беларусь пойдзе на Захад, стане цалкам незалежнай ад расейскага ваеннага ўплыву. І гэта, маўляў, аголіць расейскую абарону і стане ў ваенным пляне стратэгічнай катастрофай. Ці сапраўды Беларусь мае такое важнае геапалітычнае значэньне для расейскай ваеннай стратэгіі?

— Такія страшылкі ня маюць пад сабой ніякага рэальнага абгрунтаваньня. Ці будзе Беларусь абараняць Расею, ці не — гэта на сёньняшні дзень вялікага ваеннага значэньня ня мае. Сёньня зусім іншыя ваенныя тэхналёгіі і стратэгіі. Вялікага сэнсу ў Беларусі як нейкім ваенным фарпосьце няма.

А па-другое — а хто сёньня хоча ваяваць з Расеяй? Я ня бачу такіх людзей, такія краіны, якія б хацелі ваяваць з Расеяй. Навошта гэта камусьці патрэбна? Няма такога. А вось надзімаць шчокі і бурбалкі пра сваю стратэгічную важнасьць беларускае кіраўніцтва даўно навучылася.