Тэатар у Беларусі хварэе на тыя ж хваробы, што і ўсё грамадзтва: страх, самацэнзуру, апатыю, адсутнасьць ініцыятываў. Ён у разы болей маргінальны, чым быў за саветамі. Можа, тады тэатар і мітусіўся, можа, і трымаў кукішы ў кішэні, але паказваў іх. Часам паказваў нават свае вострыя зубкі, кусаўся. Ва ўсялякім выпадку, дакладна, ня спаў.
І ўсё ж тэатры разумеюць, што летаргічны сон мае тэндэнцыю завяршыцца сьмерцю. Сэзон мінулы асобнымі ўспышкамі асобных спэктакляў дае нейкую надзею.
Нацыянальны акорд
Мінулы сэзон завяршыўся даволі моцным акордам з трох спэктакляў. Акорд гэты я аб’яднаў бы дэвізам: годзе спаць, тэатры, годзе спаць, нацыя! Спачатку «Дзяды» паводле Адама Міцкевіча ў прыватным «Тэатры Ч» (літоўская рэжысэрка Рамуне Кудзманайце), затым «Аракул?» паводле «Зацюканага апостала» Андрэя Макаёнка ў Тэатры імя М.Горкага (рэжысэр Барыс Луцэнка) і, нарэшце, «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы ў Тэатры беларускай драматургіі (рэжысэр Аляксандар Гарцуеў) паказалі, што тэатры нават у несвабоднай краіне могуць адкрываць рот і ўрывацца ў сьвядомасьць запалоханых людзей. Паказальна, што ўсе тры лепшыя, з майго гледзішча, спэктаклі, пастаўленыя паводле нацыянальных клясычных твораў. Драматычнае асэнсаваньне лёсу краіны, нацыі, забраных акупантамі і дыктатарамі свабодаў і дабрабыту з уласнай зямлі, пакутлівы пошук сябе і свайго прызначэньня інтэлігентам, селянінам, падлеткам яднаюць гэтыя спэктаклі, ставяць іх ў адзіны падмурак надзеі, зь якога сучасны тэатар можа і павінен зрабіць новы адлік. У тым ліку, і мастацкі, бо рэжысэрскія і сцэнаграфічныя вырашэньні вызначыліся сучасным мысьленьнем.
У гэтых спэктаклях ёсьць і істотны пробліск надзеі на вяртаньне да маштабнасьці, эпічнасьці, народнасьці — цэнтральнай характарыстыкі беларускага сцэнічнага мастацтва.
«Раскіданае гняздо» Янкі Купалы ў Тэатры беларускай драматургіі
Сэзон Міцкевіча
Распачаты сэзон мае стаць доўгачаканым беларускім сэзонам вялікага Адама Міцкевіча. У дадатак да дзьвюх пастановак «Дзядоў» (у «Тэатры Ч» і ў Дзяржаўным тэатры лялек,) мае зьявіцца на новай сцэне Тэатру імя Янкі Купалы і спэктакль паводле паэмы «Пан Тадэвуш». Рэжысэр Мікалай Пінігін абяцае грандыёзнае відовішча з выкарыстаньнем найноўшай сьветлавай і гукавой тэхнікі. На пастаноўку спэктакля вярнуўся з Масквы колішні сааўтар Пінігіна, цяпер адзін з самых папулярных і дарагіх сцэнографаў Расеі Зіновій Марголін. Толькі хочацца пажадаць, каб у відовішчнасьці не згубіўся драматычны лёс чалавека, нацыі, у якіх адабралі радзіму.
«Дзяды» Адама Міцкевіча ў Тэатры Ч
Надзеі купалаўцаў
Па-сутнасьці гэтым спэктаклем мае паўнавартасна адчыніцца новая сцэна купалаўцаў. Тое адкрыцьцё «Паўлінкай» было ўсяго толькі рапартам Аляксандру Лукашэнку. Спэктакль іграўся без стацыянарнага сьвятла — на мабільным (для гастроляў) і арэндаваным сьветлавым і гукавым абсталяваньні. Пасьля чаго тэатар зноў быў вымушаны гуляць.
На пастаноўку вялікай камэдыі Мальера «Дон Жуан» з Расеі прыедзе цікавы рэжысэр Анатоль Праўдзін. Іншыя задумы тэатру, зьвязаныя з пастаноўкай п’ес мясцовых аўтараў у перакладзе з расейскай на беларускую, пакуль выглядаюць кампраміснымі.
«Ханума»
Тым часам шырока абвешчаны сэзон беларускай драматургіі ў Нацыянальным тэатры ім М. Горкага працягне... «Ханума» — прапахлая нафталінам грузінская камэдыя з папулярнага савецкага забаўляльнага рэпэртуару саракагадовай даўніны. Гэтага і трэба было чакаць ад недарэчнай і тупіковай задумы тэатру пры адсутнасьці цікавай нацыянальнай драматургіі. Цяпер кіраўніцтва тэатру вымушанае выкручвацца, тлумачыць, што сэзон беларускай драматургіі ня мае часавых межаў, што беларускія п’есы могуць чаргавацца з замежнымі, і ў беларускую драматургію запісваць «пастскрыптумы» мясцовых аўтараў на расейскай мове да расейскіх п’ес і раманаў, што ніякім чынам не зьяўляецца нацыянальнай драматургіяй. Пакуль толькі адзін спэктакль «Аракул?» адпавядае беларускаму сэзону. Дый пачакаем яшчэ ўжо абвешчанага спэктакля пра Ўладзімера Мулявіна ў пастаноўцы Валянціны Ераньковай.
«Аракул?» Андрэя Макаёнка ў Тэатры імя М.Горкага
Разграбаць і чысьціць
Цягам мінулага сэзону адбылася чарговая кадравая пературбацыя. У Маладзёжны тэатар вярнуўся Віталь Катавіцкі. Замест Валер’я Анісенкі, якога адправілі ў Віцебск у Тэатар імя Я.Коласа, Тэатар беларускай драматургіі ў Менску ачоліў былы купалавец Аляксандар Гарцуеў.
Абодвум давядзецца разграбаць, чысьціць рэпэртуар. Аляксандру Гарцуеву — ад непераборлівых і кан’юнктурных пастановак мясцовай драматургіі, Віталю Катавіцкаму — ад старамоднай драматургіі эпохі савецкага правінцыйнага тэатру. Абодвум давядзецца пры гэтым не забываць пра скіраванасьць сваіх сцэнаў — у адным выпадку на нацыянальную драматургію, у другім — на моладзевую аўдыторыю. І не забываць на патрабаваньні часу.
Зрэшты, як мне падаецца, пачысьціць рэпэртуар не перашкодзіла б і купалаўцам, тым болей, што ёсьць аказія: не перавозяць жа на новую кватэру аджылыя рэчы...
З руінаў на самаакупнасьць
Катавіцкаму разграбаць даводзіцца ня толькі рэпэртуар, а і друз. Маладзёжны тэатар — не Купалаўскі, яго будынак не пад вокнамі прэзыдэнта. Руіны не мазоляць вока, грукат ня б’е па вушах. Пэрспэктыва завяршэньня рэканструкцыі вельмі цьмянае. Не нашмат ясьнейшая яна і ў Тэатры юнага гледача, які за сотню мэтраў ад прэзыдэнкага палацу. Вось і бадзяюцца па гораду гэтыя калектывы, паказваючы свае спэктаклі на непрыстасаваных сцэнах, — у Доме літаратара, у Клюбе вэтэранаў, у кінатэатры «Электрон», Палацы культуры чыгуначнікаў.
І ўжо зусім безнадзейным на найбліжэйшую пэрспэктыву выглядае рэканструкцыя Акадэміі мастацтваў. Гэта яшчэ не зусім бяда, што заняткі па розных дысцыплінах адбываюцца ў розных кутках гораду. Бяда, што ніяк не рэстаўруюць вучэбны тэатар. Можа так стацца, што цэлае пакаленьне актораў прыйдзе ў тэатры бязь адчуваньня водару сцэны, бо і рэпетуюць, і паказваюць спэктаклі ў звычайных аўдыторыях.
Нібыта прысьпічыла ўладам адначасна бальшыню тэатраў рэканструяваць, рамантаваць... Мо каб пасьля ўсіх разам выправіць на самаакупнасьць, як гэта было сказана купалаўцам? Трупы не самаакупяцца, а самараспусьцяцца. Такі сцэнар можа стаць праўдай жыцьця, і гэта будзе не тэатар абсурду.
Вячаслаў Ракіцкі нарадзіўся ў 1953 годзе ў мястэчку Празарокі на Глыбоччыне. Журналіст, тэатральны крытык, рэжысэр дакумэнтальнага кіно, перакладчык з польскай мовы. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар кніг "Беларуская Атлянтыда" (у 2-х тамах) і "Сто адрасоў свабоды". Адзін з аўтараў акадэмічнага трохтомнага выданьня "Гісторыя беларускага тэатру". Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.