Што ў Беларусі сваё

Севярын Квяткоўскі

Што ў нашай краіне лепш, чым у іншых? Ня раз у розных формах задаваў людзям такое пытаньне, а таксама чытаў пра гэта матэрыялы калегаў зь іншых мэдыяў.

Большасьць адказаў зводзілася да непаўторнай прыроды, хоць калі пачынаеш задаваць дадатковыя пытаньні, высьвятляецца, што па пэрымэтры дзяржаўнай мяжы, на тым баку — у суседзяў — прырода такая самая.

На другім месцы сярод адказаў — гісторыка-культурныя прыкметнасьці, зь якіх адразу называюцца Мірскі і Нясьвіжскі замкі, а далей ідзе прабуксоўка. Прычым, за замкі гонар ідзе перад расейскімі турыстамі, бо калі нагадваеш, што эўрапейца замкам ня зьдзівіш, усе пагаджаюцца.

А вось што сапраўды яднае большасьць адказаў — ад дзядзькі, спыненага для размовы каля прахадной «МАЗа» да PR-кансультанта за прыватнай размовай у кавярні. Гэта слова «людзі».

«Я доўга думаў, што б магло быць неафіцыйным брэндам Беларусі ў сьвеце, і пераканаўся, што гэта самі беларусы, — падзяліўся сваім адкрыцьцём прафэсійны піяршчык. — Адказныя, сьціплыя, законапаслухмяныя. Прэтэнзій ні да каго ня маюць. Ідэальны народ!». Апошняе прагучала з сумнай іроніяй.

***
Каб было нешта лепшае, чым у іншых, яно мусіць быць непаўторным, адрозным. Для пачатку — сваім.

Да вялікага можна ісьці ад малога. Напрыклад, называць раку Дзьвіной, а не Заходняй Дзьвіной, бо ў Беларусі Дзьвіна адна, другая — у Расеі.

Можна вярнуць гістарычныя назвы гарадам. Проста, у размове, як гэта актыўна пачало адбывацца зь Вільняй, напрыклад. Прынамсі ў сеціве. Альбо зьвяртацца да чалавека Севярын, а не Северин, як адбываецца ў маім асяродзьдзі ў той частцы, дзе яно расейскамоўнае. Мы ж не перакручваем Рыа-дэ-Жанэйра на Студзеньскую Раку, а Джэрома на Ярому.

І, напрыклад, не спрачацца кожны год пра 17 верасьня 1939. А раз назаўсёды прыйсьці да супольнага адказу. Гэта насамрэч вельмі проста.

Калі мы прызнаем БНР, мы прызнаем, што ў 1921 годзе БНР была акупаваная дзьвюма суседнімі дзяржавамі, а ў 1939 адбылася пераакупацыя заходняй часткі краіны.

Але ж няёмка неяк перад суседзямі, «акупацыя» занадта моцнае слова. Можа неяк сьціплей, законапаслухмяней? Нам жа яшчэ туды езьдзіць, а раптам пакрыўдзяцца?

Гэта ж давядзецца тады глыбей капаць: пра маскоўскія войны, пра непрымальнасьць канстытуцыі 3 траўня 1791, якая ліквідавала дзяржаўнасьць ВКЛ.

Усё насамрэч вельмі проста, як з рашэньнем пра назву Дзьвіны. Чыстая безэмацыйная лёгіка: Полацкае княства — ВКЛ — БНР — Рэспубліка Беларусь. Усё, што паміж — акупацыі. І воля да стварэньня сваёй дзяржавы шматлікіх дзеячоў кожнай з эпохаў.

***
«Калі вяртаесься з Прагі, і едзеш па праспэкце, то думка адна: архітэктурнае ўбоства. ... Але ты мусіш укусіць сябе за палец і любіць гэта. Бо гэта — сваё», — разважае Глеб Лабадзенка.

Што лічыць сваім? Калі я правільна разумею аўтара, то змрочны сталінскі ампір яму не падабаецца эстэтычна, і да таго ж гэтыя будынкі навязаныя Беларусі звонку — захопнікамі. Але паколькі савецкая архітэктура — факт рэчаіснасьці, у якой жыве аўтар, то ён празь «не хачу» будзе любіць, тое, што бачыць.

Зь іншага боку, чэхам архітэктурных прыўкрасаў нямала пабудавалі захопнікі аўстрыйцы. Адрозьненьне толькі ў тым, што там Глебу Лабадзенку архітэктура падабаецца эстэтычна. Таму паставіўшы сябе на месца чэха, ня трэба кусаць сябе за палец.

У маім разуменьні сваё/не сваё — гэта погляд на рэчы, і адпаведныя погляду дзеяньні. Напрыклад, можна ўспрымаць гісторыю праз прызму расейска-польскага канфлікту, і лічыць такі пункт гледжаньня сваім.

А можна лічыць сваёй гісторыю пабудовы ўласнай дзяржавы.

Разважаньні пра свой/ня свой сталінскі праспэкт у Менску — гэта як разважаньне пра сваю/не сваю Кастрычніцкую рэвалюцыю, якая «частка нашай гісторыі». Для кагосьці гэта свая трагедыя, а для кагосьці свая нагода выпіць па звычцы за сьвяточным сталом, як для згаданага вышэй рабочага. (Пытаюся, дык а ў чым сьвята? Адказвае з усьмешкай, маўляў, ды прызвычаіўся з часоў СССР).

Можна лічыць беларускім нацыянальным брэндам сьціпласьць і законапаслухмянасьць (выдатныя работнікі-выканаўцы). А можна лічыць — волю ісьці супраць плыні, каб стварыць сваё новае.

***
Для мяне самае лепшае, цікавае і непаўторнае ў Беларусі — у тым творчым чыне, калі з раскіданых у прасторы і часе невыразнасьцяў ствараецца новае: вялікая карціна візіяў мінуўшчыны і будучыні.

Маючы падобныя візіі, можна пераасэнсаваць і перапрацаваць нават сталінскі ампір. Ёсьць дызайнэрскія задумкі.

Але глябальныя задумкі пачнуцца рэалізоўвацца толькі пасьля таго, як панятак «свайго» станецца адзіным для дастаткова вялікай колькасьці людзей.