Баба Шура — пра жыцьцё ў хлеўчуку і пра «Дажынкі»

Your browser doesn’t support HTML5

90-гадовая Аляксандра Новікава з-пад Жлобіна, чый паўразбураны дом у кожную хвіліну можа зваліцца ў Дняпро, раздумала скардзіцца Лукашэнку і пакорліва чакае непазьбежнага.
Маштабная падрыхтоўка да рэспубліканскіх «Дажынак» у Жлобіне ніяк не закранула бабулю, удаву вэтэрана вайны Сяргея Новікава.

Паўразбураны дом бабы Шуры яшчэ трымаецца па-над Дняпром. Калі бераг асыплецца яшчэ хоць на мэтар, дом непазьбежна абрынецца ў раку. Аднак Аляксандра Мікалаеўна перадумала скардзіцца Аляксандру Лукашэнку, хоць яшчэ ўлетку мела намер паехаць да дачкі ў Менск зімаваць і неяк дагрукацца да кіраўніка дзяржавы. Цяпер такі плян выглядае марным:

«Не пайду я да яго, да Лукашэнкі. Навошта? Ня хочу й не пайду! А чаго я пайду? Што — яны ня ведаюць? Хіба наш Луцкі сельсавет ня ведае? Альбо наш Жлобінскі выканкам ня ведае? Усё яны ведаюць! Ня раз міліцыя тут была. Або ж яны ня ведаюць, як мы тут жывём? Яны ўсё выдатна ведаюць! Во ў хлеўчуку будзем жыць!»

Аляксандра Мікалаеўна, якой у жніўні споўнілася 90 гадоў, і цяпер начуе ў хлеўчуку: баіцца, што дом рухне ў раку. Сьпіць у паўразбуранай хаце толькі яе 48-гадовы сын Аляксандар, ахоўнік тутэйшых геалягічных сьвідравін. Ды яшчэ ў печцы ў ацалелым кутку хаціны Новікавы гатуюць есьці — сабе, хатняй птушцы, катам ды сабакам.

Маштабная падрыхтоўка да «Дажынак» у Жлобіне ніяк не закранула гэту сядзібу, тры гады таму падмытую веснавой плыньню Дняпра. Хата не відаць з магістралі Менск — Гомель. Таму й не зьвяртае на яе ўвагі ані раённае, ані абласное начальства. Мясцовыя кіраўнікі загадалі толькі зруйнаваць 7 цыганскіх дамоў, якія былі відаць з магістралі. У іншых прыдарожных вёсках паставілі ярка пафарбаваную агароджу, каб паселішчы выглядалі дагледжанымі.

Бабе Шуры зь яе праблемным берагам ракі й напаўразбуранай хатай не пашанцавала — далекавата ад магістралі. І на «Дажынкі» яе ніхто не запросіць, хоць мае яна паўвека аграрна-прамысловага працоўнага стажу. Бабуля крыўдуе на спэцыялістку сацыяльнай службы, якая не ўлічыла ёй дзесяць гадоў працоўнага стажу. А рэч у тым, што ў Беларусі жанчынам больш як 40-гадовы стаж наагул не запісваюць:

«Вось пражыла я столькі — і маю 50 гадоў працоўнага стажу. Калі яна, негадзяйка, прыйшла пісаць, то толькі 40 запісала. Дзесяць гадоў яна мне не запісала. А я ж тут жыла й рабіла. Цагляны завод тут быў, пчольнік саўгасны. Лугі ахоўвалі саўгасныя. Я атрымлівала б пэнсію за пяцьдзясят гадоў, а не за сорак».

Бабуля наагул цяжка ўяўляе сабе сэнс «Дажынак», калі да яе, вясковай працаўніцы з 50-гадовым стажам, «Дажынкі» тыя ніякім бокам не павярнуліся:

«Я ня ведаю, але хачу даведацца, якую яны ролю граюць, гэтыя „Дажынкі“? Якую карысьць даюць чалавеку? А? Гарэлку п’яніцы будуць піць? Гэта ў горадзе прыбіраюць, а на чорта ім вёска...»

Зрэшты, баба Шура ня супраць, каб менавіта шараговых вяскоўцаў, якія робяць на палетках, неяк заахвоцілі:

«Самых тых, што працуюць на палетках, гэтых трэба ўзнагародзіць. А каторыя сядзяць у кабінэтах, то зь іх трэба й пэнсію зьняць. Я ж баба вясковая, не гарадзкая. Памятаю, як лён палолі, церабілі. Усё было ўручную. Усе гэтыя калгасы памятаю. Не пасьпеем хлеб сабраць, як прыедуць і вывезуць яго ў горад. Пакінуць толькі на насеньне і калгасьніку крыху — па 200, 300, 100 грамаў на працадзень».

Аляксандра Мікалаеўна кажа, што, нягледзячы на стары век, пакрысе працуе й дагэтуль:

«Я й цяпер працую. Я — вартаўнік. І гаспадарку трымаю невялічкую — дзьве казы, два індыкі, дзьве курыцы й пятух, пара сабачак і тры каты».

Аляксандра вельмі шкадуе, што мясцовыя ўлады забаранілі дабудаваць новую хату, пастаўленую за дзьве сотні мэтраў ад ракі. Але высяляцца ці цалкам перабірацца на сталае жыцьцё да каторай з дачок старая й ня думае:

«Ня раз нас хацелі выселіць адсюль. І калі б мы толькі сышлі, тут ужо сядзеў бы нейкі галава. Ужо сьвяткаваў бы тут, гуляў бы».

___________

У даваенны час на месцы, дзе жыве цяпер баба Шура, былі хутары — іх сьсялілі ў вёскі. Пасьля вайны на беразе Дняпра засталіся тры нямецкія дзоты-зямлянкі. Бацькі мужа Аляксандры Мікалаеўны пасяліліся ў адной зь іх. Сюды прыехаў з фронту і Сяргей з Аляксандрай, ураджэнкай Яраслаўскай вобласьці. Працаваў Сяргей на чыгунцы, а затым — бакеншчыкам. За паўвека сумеснага жыцьця Сяргей Новікаў і Аляксандра нарадзілі й выгадавалі сямёра дзяцей. Але ня ўсе дажылі да сталасьці — дзьвюх дачок зьбілі машыны, адзін сын загінуў у Чачэніі. Ня стала ўжо і мужа бабы Шуры. І цяпер яна дажывае век у сваім паўразбураным доме па-над Дняпром зь меншым зь дзяцей — сынам Аляксандрам.