«Лукашэнку дастаўляе асалоду прыніжаць людзей»

Сяргей Навумчык

На вашы пытаньні падчас онлайн-канфэрэнцыі адказаў Сяргей Навумчык.

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе» выйшла чарговая, 42-я кніга — «Дзевяноста першы» Сяргея Навумчыка. У панядзелак, 16 верасьня, у сядзібе Партыі БНФ у Менску адбылася яе прэзэнтацыя.

Аўтар кнігі быў непасрэдным удзельнікам падзеяў лёсавызначальнага 1991-га году. На падставе ўспамінаў і захаваных дакумэнтаў ён распавядае, як, кім і пры якіх абставінах была здабытая незалежнасьць Беларусі.

Гістарычнай падзеяй назваў выхад кнігі Зянон Пазьняк, узорам жарснай публіцыстыкі — Рыгор Барадулін. «Дзевяноста першы» чытаецца як раман — падзялілася сваімі ўражаньнямі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

Поўны тэкст онлайн-канфэрэнцыі вы можаце чытаць ТУТ.

А тут мы прапануем вытрымку з адказаў Сяргея Навумчыка на самыя цікавыя і грунтоўныя пытаньні.

Пра сваю эміграцыю і амэрыканскі пашпарт


Я ўзяў амэрыканскае грамадзянства восем гадоў таму і толькі пасьля таго, як у беларускім заканадаўстве была зробленая зьмена, якая дазваляе грамадзянам Беларусі мець грамадзянства іншай краіны — каб захаваць беларускае грамадзянства, для мяне гэта было прынцыпова. І за гэтыя гады нават лукашэнкаўская прапаганда не папракнула мяне амэрыканскім пашпартам. Упершыню прэтэнзіі выказаў такі Вячаслаў Дзіянаў, які жыў у Беларусі, а цяпер у Варшаве. (Зараз вось пытаньне ад Вячаслава Д. з Варшавы — відаць, супадзеньне.)

Гэта клясычная прэтэнзія яшчэ да савецкіх дысыдэнтаў, якіх спачатку выштурхоўвалі за мяжу, а потым абвінавачвалі ў «предательстве» і «отречении от Родины». Распрацоўваліся такія абвінавачаньні вядома дзе. Маё сумленьне перад Беларусьсю чыстае. Я быў не апошнім з тых, хто дамагаўся, каб яна зрабілася сувэрэннай дзяржавай. А наконт таго, ці лічу я сябе беларусам — я не лічу, што Івонка Сурвіла, Данчык, айцец Надсан ці прадстаўнікі «новага» пакаленьня дыяспары, якія маюць грамадзянства іншых краінаў, — што яны «меншыя беларусы», чым Аляксандар Лукашэнка ці Ўладзімер Макей, у якіх толькі пашпарты Рэспублікі Беларусь. І сябе я не лічу меншым беларусам, чым вы, Вячаслаў Д., які не пажадаў авалодаць беларускай мовай і на беларускамоўны рэсурс піша не па-беларуску.


Пра Лукашэнку


Увосень 1994 году я прапанаваў Вярхоўнаму Савету стварыць адмысловую камісію для вывучэньня псыхічнага стану новаабранага прэзыдэнта А.Р.Лукашэнкі. Гэтая прапанова не набрала належнай колькасьці галасоў. Ніякая ацэнка Лукашэнкі ня будзе аб’ектыўнай без такога кшталту экспэртызы.

Што да маіх уласных суб’ектыўных назіраньняў, гэта чалавек з абвостраным пачуцьцём уласнай значнасьці, чалавек вельмі жорсткі, надзвычай помсьлівы. Яму дастаўляе асалоду прыніжаць людзей ці глядзець на прыніжэньні іншых. Ён не талерантны, у тым сэнсе, што не дапускае існаваньня палітычных апанэнтаў, ні ў якай форме. Вельмі раўніва і зайздросна ставіцца да посьпехаў іншых. Ягоны сьветапогляд сфармаваны савецкай камуністычнай прапагандай, пры гэтым ён ня проста варожа, а агрэсіўна варожа ўспрымае беларускія нацыянальныя каштоўнасьці — беларускую мову, беларускую культуру. Наадварот, вельмі прыхільны (ва ўсялякім разе, так было да 1995 году, калі я мог бачыць яго зблізку) да носьбітаў шавіністычнай імпэрскай ідэі «вялікай Русі». Перакананы, што ягонай ідэяй-фікс застаецца «шапка Манамаха» — ён, як і раней, марыць быць «царом Расеі» і дзеля гэтай мэты прадасьць Беларусь Маскве за дзьве сэкунды. Ён будзе трымацца за ўладу да апошняга — як кажуць, да «апошняга патрона», і ва ўтрыманьні ўлады ня спыніцца ні перад чым.


Пра тое, каму належыць заслуга здабыцьця Незалежнасьці


Давайце абапірацца на факты. А факты такія: у чэрвені 1990 году дэпутаты БНФ прапанавалі Вярхоўнаму Савету прыняць Дэклярацыю аб сувэрэнітэце. Спачатку прапанова была адкінутая, але потым прынятая, хай і ня ў поўным аб’ёме і з прыярытэтам «саюзнай» Канстытуцыі. Цэлы год Апазыцыя БНФ дамагалася наданьня Дэклярацыі статусу канстытуцыйнай сілы. У жніўні 1991 году менавіта Апазыцыя БНФ ініцыявала скліканьне нечарговай сэсіі ВС. І менавіта Апазыцыя БНФ, нягледзячы на супраціў вядоўцаў сэсіі М. Дземянцея і С. Шушкевіча, дамаглася ўнясеньня ў парадак дня пытаньня аб Незалежнасьці (першапачаткова парадак дня, які яд імя Прэзыдыюму ВС прапанаваў С. Шушкевіч, складаўся з двух пунктаў: аб бягучым моманце і аб саюзным дагаворы). Вы можаце спампаваць з нашага сайту маю кніжку і падрабязна пра ўсё гэта пачытаць.

Вы пішаце: «Фракцыя проста ўдала выкарыстала разгубленасьць КПБ. Навошта прысабечваць тое, што належыць ня толькі вам?»

Паслухайце, у бітве пад Аўстэрліцам Напалеон таксама ўдала скарыстаў слабасьць праціўніка — дык што, перамога належала і праціўніку?

Але насамрэч перамога, атрыманая 25 жніўня 1991 году, належыць ня толькі дэпутатам БНФ, а тысячам актывістаў Народнага Фронту, тым, хто ў тыя дні выйшаў на плошчу ў Менску, хто падтрымліваў БНФ у рэгіёнах.

Пра Кебіча


Мне цяжка сказаць, ці быў бы Кебіч дыктатарам, але ўжо з 1992 году ён працаваў у інтарэсах Расеі. Ва ўсялякім разе, шмат якія ягоныя рашэньні былі не на карысьць Беларусі. Праўда, я ня думаю, што ён загадаў бы групе КДБ «Альфа» зьбіваць дэпутатаў у Авальнай залі.

Пра тое, што зрабіў, калі быў дэпутатам

Для сваіх выбаршчыкаў за гады маёй працы ў беларускім парлямэнце я канкрэтна зрабіў (разам з паплечнікамі па Апазыцыі БНФ) Незалежнасьць Беларусі.

Была і праца непасрэдна ў акрузе — больш падрабязна вы можаце распытаць пра яе ў тагачаснага старшыні райвыканкаму Генадзя Пучкова, зь якім мы то трубы для каналізацыі раёна «выбівалі» ў Мясьніковіча, то сродкі для перасяленьня людзей з аварыйных будынкаў. Старшыні райвыканкаму было вельмі цяжка прабіцца на прыём да першага віцэ-прэм’ера, а з дэпутатам ВС — проста. Ці ў тагачасных дырэктараў станкабудаўнічых заводаў (яны на тэрыторыі акругі), з просьбамі якіх я хадзіў да Кебіча (да гонару Вячаслава Францавіча скажу, што ён выконваў гэтыя просьбы). Мне было прыемна нядаўна атрымаць прывітаньне ад аднаго з гэтых дырэктараў (тым болей што ў палітычным пляне мы былі зь ім апанэнтамі).


Пра прыняцьцё Канстытуцыі ў 1994-м годзе


Адносна Канстытуцыі. Прынятая ў 1994 годзе Канстытуцыя Беларусі зусім ня копія расейскай (хаця б таму, што ў Беларусі парлямэнт не двухпалатны, а дзяржаўнае ўладкаваньне не фэдэральнае).

Канстытуцыйны працэс выглядаў наступным чынам. Мы (Апазыцыя БНФ) былі перакананыя, што пасьлядоўнасьць павінна быць наступная: спачатку — новыя выбары ў парлямэнт, і толькі потым парлямэнт, абраны ў незалежнай Беларусі паводле дэмакратычнага закону (ва ўсялякім разе, значна больш дэмакратычнага, чым пры камуністах), будзе прымаць новую Канстытуцыю і вызначаць дзяржаўны лад (прэзыдэнцкая ці парлямэнцкая рэспубліка; мы ў БНФ выступалі за парлямэнцкую). Пазыцыя С. Шушкевіча, якую ён адстойваў, была іншая: спачатку — Канстытуцыя, і толькі потым — выбары. Шушкевіч казаў, што перакананы, што абраны пры камуністах Вярхоўны Савет здольны працаваць на карысьць Беларусі. У выніку атрымалася тое, што атрымалася: ВС прыняў Канстытуцыю з прэзыдэнцтвам (мы блякавалі прыняцьце такой Канстытуцыі, але нашых галасоў не хапіла), тут жа дэпутаты прызначылі прэзыдэнцкія выбары (хоць мы патрабавалі, каб яны былі адкладзеныя і праведзеныя пасьля парлямэнцкіх — пры гэтай сытуацыі людзі б мелі час разабрацца, хто такі Лукашэнка).

У выніку быў абраны аўтарытарны прэзыдэнт, які стварыў такія ўмовы на выбарах, што ніводзін прадстаўнік БНФ у новы Вярхоўны Савет ня быў прапушчаны.

У Вярхоўным Савеце 13 скліканьня не было ніводнага чалавека, які б у лістападзе 1996-га глядзеў на «маскоўскі дэсант» безь піетэту, не як на выратавальнікаў ці «старэйшых братоў», а як на палітычных спадкаемцаў традыцыйна імпэрскай палітыкі, якія б сказалі Чарнамырдзіну «Пшол вон!», а Шарэцкага ўзялі б за каўнер і адцягнулі ад «стала перамоваў» з Лукашэнкам.