Міністар сувязі Панцялей: «Інтэрнэт патаньнеў у 100 разоў»

Далей таньнець інтэрнэту перашкаджае прыхільнасьць беларусаў да замежных сайтаў.
Праблема імпартазамяшчэньня закранае ў Беларусі ня толькі тавары, але і інтэрнэт, паведаміў міністар сувязі і інфарматызацыі Мікалай Панцялей на «прамой лініі» ў газэце «СБ. Беларусь сегодня».

«У асноўным спажываецца замежны інтэрнэт-трафік. Шмат у чым гэта і вызначае высокі ўзровень коштаў», — пракамэнтаваў пэрспэктывы патаньненьня доступу ў інтэрнэт для беларусаў міністар сувязі. Пры гэтым, падкрэсьліў спадар Панцялей, «ён у нас пастаянна таньнее. Калі паглядзець на цэны пяцігадовай даўніны, то сёньня яны зьнізіліся практычна на два парадкі. Набліжаемся ўжо да стакротнага патаньненьня» .

Яшчэ хутчэй зьніжаць кошты інтэрнэту не выходзіць таму, што «ў нас у краіне не хапае ўласных інфармацыйных рэсурсаў. Калі ж карыстальнікаў, якія, да прыкладу, каб паглядзець фільм, шукаюць яго на расейскіх пляцоўках, удасца перацягнуць на беларускія рэсурсы, тады гэта стане для вас практычна бясплатным». Паводле словаў Мікалая Панцялея, над гэтай праблемай міністэрства цяпер працуе.