Хвіліна маўчаньня па Ігару Пцічкіну пад сьценамі Валадаркі

Ігар Пцічкін

Сваякі і сябры зьбіраюцца ўшанаваць памяць Ігара Пцічкіна хвілінай маўчаньня каля менскай турмы на вуліцы Валадарскага ў суботу, 14 верасьня, а 13-й гадзіне дня.
Сястра Ірына кажа: сваякі і сябры хочуць нагадаць, што памятаюць яе брата Ігара Пцічкіна і ўсіх тых, хто загінуў у СІЗА.

«Мы хочам сабрацца а 13-й гадзіне каля СІЗА і ў памяць пра майго брата наладзіць хвіліну маўчаньня. Споўнілася 40 дзён. Таксама мы хочам згадаць усіх, хто загінуў у СІЗА, бо я ўпэўнена, што адтуль вывезьлі ня толькі майго брата. Проста ня ўсе пра гэта гавораць — забіраюць трупы і ціхенька хаваюць. Няхай і тыя людзі, у якіх ёсьць загінулыя, далучацца да гэтага. Дагэтуль, атрымліваецца, ніхто не падымаў гэтае пытаньне, усе баяліся. Усе баяцца. Але яны нарваліся цяпер на тых людзей, якія не баяцца. Яны нам, відаць, і цела не аддалі б, калі б ведалі, што мы ня будзем маўчаць пра гэтую справу», — сказала карэспандэнту Радыё Свабоды сястра Ігара Пцічкіна Ірына.

Яна таксама паведаміла, што дагэтуль сваякі ня маюць вынікаў мэдэкспэртызы:

«Нам яе не даюць. Маці напісала з адвакатам патрабаваньне, каб нам далі судмэдэкспэртызу ці эксгумацыю. А калі яны ні тое, ні другое не дадуць, то гэта азначае, што яны проста хаваюць факт забойства. Бо ня мог ён там памерці за 4 дні. Яны зрабілі зь яго труп. Людзі ўсе дзівяцца, як яны нам цела аддалі».

Паведамленьне пра хвіліну маўчаньня зьявілася ў суполцы «Ўкантакце», прысьвечанай Ігару Пцічкіну.

У праваабарончай установе «Плятформа» мяркуюць, што трэба распачынаць справу аб забойстве Ігара Пцічкіна на «Валадарцы», шукаць вінаватых, а таксама вызначыцца з прычынамі, якія спарадзілі гэтае здарэньне.

«У нас няма сумневу, што гэта забойства. Відавочна, што сьмерць Ігара Пцічкіна наступіла пасьля шэрагу цялесных пашкоджаньняў, якія былі яму нанесеныя менавіта ў СІЗА», — сказаў кіраўнік «Плятформы», праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Даведка Радыё Свабода: Ігар Пцічкін


Менчуку Ігару Пцічкіну быў 21 год. Пцічкіна пакаралі 3 месяцамі арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, ня маючы правоў. Для адбыцьця пакараньня Ігара Пцічкіна зьмясьцілі ў менскі сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага 30 ліпеня, а ўжо 4 жніўня вязень памёр.

Сваякі Ігара Пцічкіна не паверылі ў вэрсію пра раптоўную сьмерць у выніку спыненьня сэрца. Яны спасылаліся на плямы на целе нябожчыка.

На сустрэчы з начальнікам СІЗА сваякам Ігара Пцічкіна паведамілі, што 3 жніўня ў яго нібыта пачалося «псыхаматорнае ўзбуджэньне», з-за чаго яго мусілі «зафіксаваць мяккімі рамянямі».

Сваякі Ігара Пцічкіна запатрабавалі новай экспэртызы.