У ЗША беларусаў судзяць за экспарт начных бінокляў

Фэдэральны суд Усходняй акругі штату Пэнсыльванія адклаў на два тыдні вынясеньне прысуду Сяргею Балтуцкаму, грамадзяніну Беларусі. Балтуцкага вінавацяць у арганізацыі злачыннай групоўкі, якая гандлявала зброяй.
Асуджаныя пакуль падзельнікі Балтуцкага абышліся адносна лёгка. Аляксандар Сташынскі і Вольга Дубоўская асуджаныя на 6 месяцаў турмы, Віталь Цішук — на 2 гады пазбаўленьня волі, Эрнэст Чарналецкі — на 15 месяцаў. Выключэньне склаў Аляксандар Бельскі, які атрымаў 57 месяцаў пазбаўленьня волі. Ён вызвалены пад заклад і павінен зьявіцца ў турму сам 18 верасьня.

Гэтая буйная крымінальная справа — аб незаконным вывазе ў Беларусь прыбораў начнога бачаньня (ПНБ), якія маюць як цывільнае, так і вайсковае прызначэньне.

На лаве падсудных апынулася восем чалавек. Усе яны ўжо прызналі сябе вінаватымі ў парушэньні экспартных законаў ЗША, а некаторыя — і ў адмываньні грошай, перадае ВВС.

Паводле вэрсіі фэдэральнай пракуратуры Ўсходняй акругі штату Пэнсыльванія, закуп прыбораў начнога бачаньня ў Амэрыцы ўзначальваў беларус Ягор Осін. Осін адпраўляў іх на радзіму Сяргею Балтуцкаму, якога ўлады ЗША характарызуюць як «міжнароднага гандляра зброяй», перадае ВВС.

Злачынная змова завязалася на пачатку 2010 году, калі да Осіна, які незадоўга да таго перабраўся зь Беларусі ў Філадэльфію, зьвярнуўся з выгаднай прапановай прыяцель ягонага бацькі.

Як гаворыцца ў судовых дакумэнтах, гэты чалавек працаваў беларускім дыпляматычным кур’ерам і рэгулярна лётаў зь Менску ў Нью-Ёрк. У адным судовым дакумэнце згадваецца імя гэтага кур’ера — Аляксандар Шпакоўскі.

Кур’ер заявіў Осіну, што яны могуць зарабіць прыстойныя грошы, закупляючы ў ЗША і таемна вывозячы ў Беларусь прыборы падвойнага прызначэньня, для экспарту якіх неабходная адмысловая ліцэнзія дзярждэпартамэнту. Осін на гэта пагадзіўся.

Па словах пракурораў, Шпакоўскі зьвёў Осіна з Балтуцкім. З таго часу Осін закупіў і незаконна пераправіў за мяжу прыкладна 100 ПНБ агульным коштам каля 400 тысяч даляраў. Балтуцкі плаціў Осіну камісійныя ў памеры 7–10% ад кошту кожнага вырабу, незаконна вывезенага з ЗША.

Большасьць такіх вырабаў ён пераслаў у Беларусь звычайнай поштаю. Астатнія нібыта адвёз дыпкур’ер Шпакоўскі. Балтуцкі звычайна перадаваў Осіну грошы з кур’ерам. Каля 15 разоў ён таксама пераводзіў яму камісійныя — сумамі ад 9600 да 9900 даляраў. Усяго ён пералічыў Осіну 147 тысяч 800 даляраў. Пераводы прыходзілі ад самога Балтуцкага, ад ягонай жонкі і ад нейкіх падстаўных афшорных карпарацыяў.

Памер пераводаў наводзіць на думку, што іх адпраўнік сьвядома пазьбягаў сумаў у 10 тысяч і больш даляраў, пра праходжаньне якіх банкі абавязаныя сыгналізаваць уладам. Такі прыём называецца ў ЗША «структураваньнем», і тэарэтычна за яго існуе крымінальная адказнасьць.

Справа ішла вельмі добра, і Осін падключыў да яе сваіх блізкіх сяброў Віталя Цішука і Аляксандра Бельскага, які зрабіўся сярод змоўшчыкаў адным з галоўных закупнікоў ПНБ. Осін сказаў, што бярэ на сябе адпраўку тавару за мяжу, і плаціў Бельскаму працэнт ад прыбытку.

Агулам той закупіў у ЗША 11 вырабаў на агульную суму 123 тысячы даляраў.

За свае паслугі Бельскі, які эміграваў у ЗША ў 2003 годзе, атрымаў 7 грашовых пераводаў на суму ад 9980 да 9990 даляраў, агулам 69 380 даляраў. Таксама ён атрымліваў гатоўку ў кур’ера, а адзін раз сустрэўся ў Беларусі з Балтуцкім, які расплаціўся зь ім асабіста. Бельскі прыцягнуў да апэрацыі сваіх знаёмых — Аляксандра Сташынскага і Вольгу Дубоўскую, якія купілі на ягонае даручэньне дзьве цеплавізійныя камэры. Ён перадаў камэры Осіну, а той адправіў іх Балтуцкаму.

Паводле судовых дакумэнтаў, у канцы 2010 году напарнік Осіна Раман Ясеў прыцягнуў да апэрацыі Эрнэста Чарналецкага з Чыкага, а ў жніўні 2011 году — жыхара Фларыды Георгія Царыка, які таксама пагадзіўся закупляць для яго ПНБ.

Паводле сьледзтва, са сьнежня 2008 па студзень 2010 году Ясеў адправіў з ЗША ў Беларусь 299 пасылак з высокатэхналягічнымі прыборамі вайсковага прызначэньня.

У красавіку 2012 году Балтуцкі наведаў ЗША і быў арыштаваны.

Як і астатнія фігуранты справы, ён прызнаў сябе вінаватым. Спадзеючыся яшчэ больш палегчыць сваю долю, ён, па словах ягонага адваката Нікаласа Вудбрыджа, спрабаваў дапамагчы пракуратуры перасьледаваць праз суд іншых саўдзельнікаў.

«Ён неаднаразова сустракаўся з фэдэральнымі сьледчымі і як мог ім спрыяў», — пісаў Вудбрыдж судзьдзі напярэдадні прысуду, перадае ВВС.

Відавочна, пракуроры былі незадаволеныя дапамогай Балтуцкага, бо цяпер просяць, каб яму далі ад 151 да 188 месяцаў турмы. Пракуратура называе Балтуцкага кіраўніком злачыннай групы, але ягоны адвакат даводзіць, што ён меў справу толькі з Осіным і, магчыма, Ясевым і ня ведаў іншых абвінавачаных.

Вудбрыдж таксама адзначае, што ПНБ шырока ўжываюцца амэрыканскімі паляўнічымі на зайцоў, дзікоў і каётаў, і ў доказ прыкладае да свайго хадайніцтва рэклямныя праспэкты адпаведных крамаў. Адвакат кажа, што ягоны падабаронны прадаваў ПНБ іншым паляўнічым.

«Размова не ідзе пра пастаўку прыбораў тэрарыстам, — заявіў ён тэлекампаніі АВС. — Гэта сьмеху варта. Гэта ні ў якія вароты ня лезе. Ён не забойца, не тэрарыст, не пэдафіл і ня злодзей. Гаворка толькі пра нейкія ліцэнзіі».

Прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных паведаміў карэспандэнту Свабоды, што амбасада Беларусі ў ЗША назірае за гэтай справай яшчэ з красавіка 2012 году.

Андрэй Савіных

«Консульская служба амбасады Беларусі ў Вашынгтоне знаходзіцца ў кантакце як з самімі абвінавачанымі беларускімі грамадзянамі, так і зь іхнімі адвакатамі».

Наконт датычнага да гэтай справы дыпкур’ера Аляксандра Шпакоўскага спадар Савіных сказаў:

«Аляксандар Шпакоўскі працаваў у службе дыпкур’ераў да пачатку 2012 году, а потым звольніўся. Але ў пэрыяд з 2008 па 2012 год ён камандзіраваўся ў ЗША толькі 7 разоў. Правозіць начныя біноклі ў дыппошце гэты чалавек ня мог. Сыстэма дастаўкі дыппошты цалкам выключае такую магчымасьць. А вага і аб’ём асабістых рэчаў дыпкур’ераў таксама сур’ёзна абмежаваныя».

Падазрэньні ў тым, што Сяргей Балтуцкі нібыта працаваў пад прыкрыцьцём беларускага ўраду, спадар Савіных назваў абсурднымі.

Ён таксама дадаў:

«Гэтыя начныя біноклі, вядома, могуць мець цікавасьць для паляўнічых. Але з гледзішча тэхналёгій яны ніякага сакрэту не ўяўляюць. Уласна, і інтарэсу таксама, бо гэтыя сыстэмы намі не выкарыстоўваюцца.

Я думаю, што тут хутчэй мае месца падкрэсьленая дэманстрацыя барацьбы з тэрарызмам, бо не хапае фактаў у мясцовых уладаў. Справа ў тым, што гэтыя ПНБ абсалютна свабодна прадаюцца на Ebay унутры краіны. І, па сутнасьці, усё, што інкрымінуюць беларусам, — гэта парушэньне экспартнага рэжыму, які патрабуе атрыманьня ліцэнзіі на вываз гэтых прыбораў», — сказаў Савіных.