Жыцьцё пасьля раку

У Беларусі каля 250 тысяч чалавек маюць анкалягічны дыягназ.

«95% людзей хаваюць тое, што яны хварэюць на рак. Але калі хто памрэ, ведае паўгорада. А тое, што ён лячыўся 10 гадоў, ня лічыцца. З тысячы хворых на рак шчытападобнай залозы летась памерла сем чалавек. У нас маса пацыентаў, якія вылячыліся. Раскажыце пра гэта», — заклікаў сёлета журналістаў галоўны лекар Менскага анкадыспансэра Ўладзімер Каранік.

Чаму не гавораць пра рак? З розных прычынаў. Бо не прынята, бо ня хочуць, бо ня ўмеюць. Але не таму, што ня ведаюць.

Некалькі месяцаў таму ад меланомы памёр наш калега Юрась Бушлякоў. Калі ён змагаўся з ракам, я прысьвяціла яму перадачу «Свабода бяз гальштукаў» «Як гаварыць пра рак?». Цяпер змагаецца з ракам мая знаёмая, я сачу за тым, як лекуецца ад анкалягічнай хваробы сын майго сябра. І ў блізкім, і ў больш далёкім коле гэтая тэма прысутнічае ўвесь час.

Рак у сучасным грамадзтве — гэта непазьбежнасьць, кожны знаходзіцца ў небясьпецы, і гэта трэба прыняць. Так піша у адным з апошніх нумароў ўплывовага амэрыканскага навуковага часопісу Wired Mark Wolverton.

Вядучая амэрыканская газэта New York Times ужо тры гады публікуе спэцыяльны праект Your Life After Cancer «Ваша жыцьцё пасьля раку». . Выданьне канстатуе, што ў ЗША каля 12 мільёнаў выжыўшых пасьля раку. І газэта заклікала падзяліцца сваімі фотаздымкамі і досьведам, як зьмянілася іх жыцьцё пасьля хваробы, які вопыт яны займелі, які зьмяніліся прыярытэты і ці зьявілася новае разуменьня сэнсу жыцьця. Гэтую фотагалерэю з амаль 2 тысячамі фотаздымкаў і допісамі максымум у 150 словаў вы можаце пабачыць па спасылцы і яна сапраўды ўражвае.

Днямі New York Times запусьціла асобны праект — прапанавала падзяліцца сваімі гісторыямі хворым на рак грудзей.




Фрагмэнт фотагалерэі


...я кожны дзень малюю карціны...
... я падарожнічаю па Нацыянальных парках...
... я прабягаю палову маратону...
... я ніколі не адчуваў столькі каханьня і падзякі...
... кожны дзень у мяне яркая памада...
...я хачу дапамагчы іншым змагацца з ракам...

Кожны з гэтых допісаў моцна кранае.

Радыё Свабода ня раз зьвярталася да гэтай тэмы. У 2007 годзе першы грамадзкі рэдактар Свабоды Ірына Казуліна прапанавала нам зрабіць спэцыяльны выпуск, прысьвечаны раку грудзей.

Мы працягваем расказваць гісторыі людзей пасьля раку.

Свабода пачынае цыкль «Жыцьцё пасьля раку» пра анкалягічных хворых, якія пасьпяхова лечацца, ведаюць, што рак гэта — не прысуд, і дапамагаюць іншым усьвядоміць гэта і змагацца з хваробай.

Мы хочам паказаць, што пасьля дыягназу рак ёсьць жыцьцё. Іншае, чым было да дыягназу, але гэта жыцьцё, і вельмі многіх людзей яно ўдасканальвае, як напрыклад Ірыну Жыхар, якая кажа: «хвароба ўдасканаліла якасьць майго жыцьця. Каб у мяне не было хваробы, я б сёньня была зусім іншым чалавекам. Я дзякую Богу за тое, што апошнія 20 гадоў у мяне былі выпрабаваньні, зьвязаныя з анкалёгіяй».

Раскажыце пра ваша жыцьцё пасьля раку. Якім досьведам хацелі б падзяліцца? Як зьмяніліся прыярытэты? Ці зьявілася новае разуменьне сэнсу жыцьця? Дашліце ваш фотаздымак і кароткі тэкст на мэйл radiosvaboda@gmail.com