Дварковіч — Сямашку: сытуацыя з арыштам Баўмгертнэра недапушчальная

Аркадзь Дварковіч

Віцэ-прэм’ер Дварковіч заявіў, што расейскае кіраўніцтва працягвае лічыць непрымальнай сытуацыю з арыштам гендырэктара ААТ «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнэра, які быў затрыманы 26 жніўня ў Менску пасьля перамоваў з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясьніковічам.
Ён падкрэсьліў, што прадстаўнік кампаніі знаходзіўся ў Менску і браў удзел у сустрэчы на запрашэньне Міхаіла Мясьніковіча. Ён быў накіраваны ў Менск на падставе дамоўленасьцяў на міжурадавым узроўні, паведамляе прэсавая служба ўраду Расеі.

Апрача таго, удзельнікі перамоваў абмеркавалі шэраг пытаньняў двухбаковага супрацоўніцтва. Наконт узгадненьня балянсу паставак нафты Аркадзь Дварковіч пацьвердзіў, што расейскі бок мае намер паставіць у Беларусь у 2013 годзе 18 500 000 т нафты, і зыходзячы з гэтага будзе ўзгадняцца балянс на IV квартал.

Прадстаўнікі дзьвюх краін закранулі пытаньне пра ўзаемаадносіны ў сфэры сельскай гаспадаркі. Аркадзь Дварковіч адзначыў, што ў Расеі ёсьць прэтэнзіі што да якасьці і бясьпекі шэрагу прадуктаў беларускай вытворчасьці. Акрамя таго, зацікаўленыя ведамствы Расеі цяпер вывучаюць сытуацыю з рээкспартам прадукцыі з трэціх краін пад выглядам беларускіх тавараў, паведаміў расейскі віцэ-прэм’ер.

Кансультацыі па гэтых напрамках і сустрэчы міжведамасных працоўных групаў Расеі і Беларусі будуць працягнутыя на наступным тыдні. Аркадзь Дварковіч асабліва адзначыў, што ўзаемадзеяньне па ўсіх пытаньнях, якія абмяркоўваліся на перамовах, будзе залежаць ад разьвіцьця сытуацыі ў цэлым.

Герасіменка: чакаць кардынальнага зьмяншэньня паставак не выпадае


Гаворачы пра нафтавы балянс, Аркадзь Дварковіч сказаў, што расейскі бок мае намер паставіць у Беларусь цягам 2013 году 18,5 мільёна тон нафты, і зыходзячы з гэтага будуць узгадняцца аб’ёмы на IV квартал. Для параўнаньня, летась беларускія НПЗ атрымалі на 3 мільёны тон болей, а на гэты год беларускі бок прасіў 23 мільёны тон нафты. Аднак, як лічыць эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка, чакаць кардынальнага зьмяншэньня ўсё ж не выпадае — беларускі рынак для расейскіх нафтатрэйдэраў прыбытковы:

«Расеі, што б там хто ні казаў, выгадныя пастаўкі нафты ў Беларусь. Выгадныя зь некалькіх прычын: найперш, яны непасрэдна маюць выручку ад продажу сюды нафты. Па-другое, знаходзяць для сябе тут істотны рынак збыту, бо так проста зьменшыць пастаўкі сюды і павялічыць іх на зьнешні рынак можа ня ўдацца — усё ж ёсьць канкурэнцыя на ўсясьветным рынку нафты і нафтапрадуктаў. Нарэшце, яна таксама мае паступленьні ў бюджэт ад пералічэньня мыта, якое мы аддаём ім ад экспарту нафтапрадуктаў. Таму нездарма кіраўнік „Раснафты“ спадар Сечын заявіў, што яны зацікаўленыя ў захаваньні аб’ёмаў паставак, калі кіраўніцтва нафтаправоду „Дружба“ заявіла, што на нейкі пэрыяд яны іх усё ж скароцяць. Вось вам пацьверджаньне таго, што ў тым ліку і расейскі нафтабізнэс зацікаўлены ў захаваньні гэтых паставак у Беларусь».

_____________________________________

26 жніўня 2013 гендырэктар і сябра рады дырэктараў ААТ «Уралкалій» Уладзіслаў Баўмгертнэр быў затрыманы ў Менску ў межах сьледчых захадаў, якія праводзяцца ўладамі Беларусі. Шэраг асобаў з кіраўніцтва кампаніі абвешчаны ў міжнародны вышук, у тым ліку адзін з акцыянэраў «Уралкалію» і сябра расейскага Савету Фэдэрацыі Сулейман Керымаў. «Уралкалій» абвяргае заявы аб неправамерных дзеяньнях з боку Баўмгертнэра або мэнэджмэнту кампаніі.