Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт: страхоўка мэнэджэраў «Уралкалія» роўная шкодзе


Кампанія «Ўралкалій» загадзя застрахавала сваіх мэнэджэраў на выпадак судовага перасьледу за памылкі ў дзейнасьці.

Пра гэта паведамілі ў Сьледчым камітэце Беларусі.

Прадстаўнікі кампаніі былі застрахаваны яшчэ 25 ліпеня, а сума страхоўкі склала 100 мільёнаў даляраў. То бок яна роўная суме шкоды, пра якую заявіла беларускае сьледзтва, паведамляе тэлеканал СТВ.

«Лічба ўзятая сьледзтвам не з паветра. Гаворка ўжо ішла пра ўстаноўленую на момант распачынаньня крымінальнай справы суму шкоды і крадзяжоў. Калі быць дакладным, то ў распараджэньні сьледзтва меліся дадзеныя пра тры эпізоды злачыннай дзейнасьці абвінавачаных. Цяпер мы не выключаем, што сума шкоды можа быць значна вышэй. Гэта залежыць ад наяўных у матэрыялах справы доказаў, таксама ад вынікаў праверкі фінансава-эканамічнай дзейнасьці Беларускай калійнай кампаніі», — заявілі ў Сьледчым камітэце.

Акрамя таго, там адзначылі, што дзеяньні фігурантаў «калійнай» справы , якія былі названыя ў некаторых СМІ «страхавым выпадкам», не зьяўляюцца неўсьвядомленымі або неасьцярожнымі.

У распараджэньні сьледзтва ёсьць факты, якія сьведчаць, што ўсё было наадварот: у дзеяньнях гэтых людзей ёсьць прыкметы фінансавага махлярства. Больш за тое, дзеяньні абвінавачаных былі менавіта накіраваны на дасягненьне такіх мэтаў.

Аднак у Сьледчым камітэце наўпрост не даюць ацэнку страхавой дамове. У ведамстве адзначаюць, што яна была заключана «па-за прававым полем Рэспублікі Беларусь» і не закранае наўпрост інтарэсы беларускай дзяржавы.

Пра страхоўку на выпадак калійнай вайны паведаміла расейскае выданьне «Ведомости». Адказнасць мэнэджмэнту «Уралкалія» перад інвэстарамі была застрахаваная адной з найбуйнейшых страхавых кампаній сьвету — AIG. Калійная вайна можа каштаваць ёй 100 мільёнаў даляраў.

Пра тое, што AIG застрахавала рызыкі адказнасьці топ-мэнэджэраў «Уралкалія», калійная кампанія паведамляла ў матэрыялах да сходу акцыянэраў. Аб’ём пакрыцьця складае да 100 млн даляраў, а тэрмін дзеяньня полісу — з 25 ліпеня 2013 да 24 ліпеня 2014 году.

Кампанія штогод заключае дамову страхаваньня адказнасьці дырэктараў і службовых асоб (поліс D&O). У 2012 годзе такі поліс абышоўся кампаніі ў 250 000 даляраў, цана новага не раскрываецца.

26 жніўня 2013 гендырэктар і сябра рады дырэктараў ААТ «Уралкалій» Уладзіслаў Баўмгертнэр быў затрыманы ў Менску. Шэраг асобаў з кіраўніцтва кампаніі абвешчаны ў міжнародны вышук, у тым ліку адзін з акцыянэраў «Уралкалію» і сябра расейскага Савету Фэдэрацыі Сулейман Керымаў. «Уралкалій» абвяргае заявы пра неправамерныя дзеяньні з боку Баўмгертнэра або мэнэджмэнту кампаніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG