«Уралкалій» гатовы да саступак

У выпадку вызваленьня Ўладзіслава Баўмгертнэра.
Старшыня Рады дырэктараў «Уралкалія» Аляксандар Валошын прапанаваў свой варыянт разьвязаньня канфлікту зь Беларусьсю.

У якасьці ўмоў ён назваў вызваленьне арыштаванага гендырэктара холдынгу Ўладзіслава Баўмгертнэра і спыненьне крымінальнага перасьледу ягоных калегаў.

«Пры выкананьні гэтых умоў „Уралкалій“ і „Беларуськалій“ зробяць працу над памылкамі і зразумеюць, што разам на ўсясьветным рынку ім выгадней, яны прыбяруць асабістыя амбіцыі і адновяць супрацоўніцтва», — заявіў Аляксандар Валошын у інтэрвію «Коммерсант FM».

Аднак расейскія палітолягі сумняюцца, што беларускія ўлады пойдуць «Уралкалію» насустрач. Гэтак у інтэрвію газэце «Коммерсантъ» заявіў палітоляг Павел Сьвяценка:

«Вышэйшае расейскае кіраўніцтва, прэзыдэнт Пуцін, ня выступіла жорстка за „Ўралкалій“, разумеючы, што „Ўралкалій“ — хоць і вялікая, але камэрцыйная кампанія, а Беларусь — гэта адзін з ключавых саюзьнікаў, таму Беларусь значна важнейшая. Сілы гэтага алігархічнага холдынгу і цэлай дзяржавы, зь якой ён сутыкнуўся, відавочна няроўныя. Мабыць, Валошын хацеў зрабіць такі жэст добрай волі, але наўрад ці беларускі бок яго прыме. Мяркуецца, што Беларусь спачатку павінна пагадзіцца на гэтую саступку і выпусьціць мэнэджэраў, а потым ужо адновіцца супрацоўніцтва. Лукашэнка, калі ведаць ягоны характар, на падобнае ня пойдзе».

Беларускі палітоляг Аляксандар Класкоўскі ў інтэрвію «Свабодзе» зазначыў, што гэтая прапанова Валошына агучаная пакуль што толькі ў эфіры, гэта як бы эфэмэрная прапанова, бо заўжды можна сказаць, што ня так зразумелі:

«Тым ня меней відавочна, што кіраўніцтва „Ўралкалія“ знаходзіцца ў дыскамфортнай сытуацыі, высьветлілася, што Пуцін не сьпяшаецца ў бойку за Керымава, да таго ж адкрыліся „цёркі“ паміж кланамі ў самой Расеі. І таму кіраўніцтва „Ўралкалія“ падае сыгналы на замірэньне. Тут Лукашэнка можа быць задаволены.

Але абодва бакі мусяць захоўваць твар. Проста так выпусьціць Баўмгертнэра цяжка, на яго навесілі вялікія абвінавачаньні, шмат зрабіла прапаганда, і адразу выпусьціць не атрымаецца. У любым выпадку „разрульваць“ сытуацыю давядзецца не адзін дзень. Малаверагодна, што яго пасадзяць тут на шмат гадоў. Канфлікт, думаю, вырашыцца ў кароткай пэрспэктыве. Кампраміс будзе знойдзены, бо Крэмль мае ў Беларусі іншыя інтарэсы і на бізнэс-узроўні. Апрача таго, у Пуціна ёсьць свае палітычныя і стратэгічныя інтарэсы: авіябаза, супольныя манэўры „Захад-2013“, чым ахвяраваць Крэмль ня будзе».

26 жніўня 2013 году гендырэктар і сябра рады дырэктараў ААТ «Уралкалій» Уладзіслаў Баўмгертнэр быў затрыманы ў Менску ў межах сьледчых захадаў, якія праводзяцца ўладамі Беларусі. Шэраг асобаў з кіраўніцтва кампаніі абвешчаны ў міжнародны вышук, у тым ліку адзін з акцыянэраў «Уралкалія» і сябра расейскага Савету Фэдэрацыі Сулейман Керымаў. «Уралкалій» абвяргае заявы аб неправамерных дзеяньнях з боку Баўмгертнэра або мэнэджмэнту кампаніі.

____________________________________________

26 жніўня 2013 гендырэктар і сябра рады дырэктараў ААТ «Уралкалій» Уладзіслаў Баўмгертнэр быў затрыманы ў Менску ў межах сьледчых захадаў, якія праводзяцца ўладамі Беларусі. Шэраг асобаў з кіраўніцтва кампаніі абвешчаны ў міжнародны вышук, у тым ліку адзін з акцыянэраў «Уралкалію» і сябра расейскага Савету Фэдэрацыі Сулейман Керымаў. «Уралкалій» абвяргае заявы аб неправамерных дзеяньнях з боку Баўмгертнэра або мэнэджмэнту кампаніі.