Міністэрства адукацыі прызнала, што ў Аўсянкаўскай сярэдняй школе з пункту гледжаньня гатоўнасьці да навучальнага году ёсьць недахопы.
Аднак яны, лічыць міністэрства, не перашкаджаюць навучальнаму працэсу. Пра гэта гаворыцца ў адказе на скаргу цяпер ужо былой настаўніцы гэтай вясковай школы, што ў Горацкім раёне Магілёўскай вобласьці, Жаньне Шчарбінінай.
Настаўніца паскардзілася ў міністэрства, што ў ейнай клясе абслуговай працы доўгі час не было рамонту і кляса не прыдатная для таго, каб у ёй вучыліся дзеці. Пазьней пра сваю клясу Жанна Шчарбініна паведаміла журналістам. Скарга ў міністэрства і публікацыі ў незалежных мэдыях выклікалі грамадзкі розгалас і нэрвовую рэакцыю адміністрацыі школы. Настаўніца мусіла звольніцца па ўласным жаданьні. Тым часам ейную клясу падрамантавалі.
У лісьце да былой настаўніцы за подпісам намесьніка міністра адукацыі Сяргея Рудага недахопы ў школе тлумачацца абмежаваным фінансаваньнем. Прызнаецца, што рамонт тут зроблены толькі касмэтычны. Трэба яшчэ замяніць вокны (часткова), мэблю, сьвяцільні ў клясах, адрамантаваць падлогу. У клясе абслуговай працы таксама, паводле міністэрства, зроблены касмэтычны рамонт. Школа атрымала пашпарт гатоўнасьці да навучальнага году.
Жанна Шчарбініна кажа, што зь ёй сустракаўся прадстаўнік міністэрства і пытаўся — ці засталася б яна працаваць у школе і пры якіх умовах?
«Я яму адказала, што пры цяперашнім кіраўніцтве школы я застацца не магу, бо зь ягонага боку робіцца ўсё, каб мне ня даць працаваць. Цяпер я спадзяюся, што пасьля таго як школу наведаў прадстаўнік міністэрства і ўбачыў яе сапраўдны стан, можа, у ёй што і зьменіцца. Можа, зьявіцца новае абсталяваньне і будуць створаныя прыдатныя для вучобы дзяцей умовы. Я казала, што не хапае падручнікаў. У некаторых клясах па маім прадмеце „Абслуговая праца“ быў адзін падручнік на трох вучняў. Нагляднасьці ніякай няма. Швейныя машыны састарэлі і дужа часта ламаюцца, а рамантаваць іх таксама праблема. Трэба ж ня толькі фарбаваць падлогу і клеіць шпалеры, хоць і гэта не заўжды робіцца. Карысьць, я лічу, усё ж ад маёй скаргі для школы ёсьць, аднак я цяпер бяз працы».
У Аўсянкаўскай школе Жанна Шчарбініна адпрацавала амаль пятнаццаць гадоў. Ейныя вучні станавіліся пераможцамі на шматлікіх прадметных алімпіядах і конкурсах.
Жанна Шчарбініна — дэпутатка сельскага савету і сябра аргкамітэту дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Яна сьцьвярджае, што адносіны з адміністрацыяй школы ў яе абвастрыліся, калі яна наважылася на дэпутацтва. Тады актывісты стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» прыяжджалі ў вёску агітаваць за яе.