Усё, што трэба ведаць аб сусьветным калійным рынку

Сайт РБК склаў падрабязную даведку, якая дапаможа разабрацца ў асаблівасьцях сусьветнай калійнай галіны і зразумець сапраўдныя прычыны калійнай спрэчкі паміж Расеяй і Беларусьсю.


Асноўная прадукцыя

Асноўны тавар калійнага рынку — хлёрысты калій (хімічная формула — KCl) , які атрымліваецца ў працэсе перапрацоўкі калійнай руды. Хлёрысты калій можа выкарыстоўвацца як самастойнае ўгнаеньне або ў складзе складаных, фосфарна-калійных або азотна-фосфарна-калійных, угнаеньняў (так званыя NPK- ўгнаеньні). Рэалізуецца ў дзьвюх формах — стандартнай і грануляванай, пры гэтым грануляваны хлёркалій каштуе даражэй. Хлёрысты калій, як правіла, утрымлівае каля 60 % калію — пажыўнага рэчыва.

Аб’ём сусьветнага калійнага рынку

У 2012 г. сусьветнае спажываньне хлёрыстага калію, паводле ацэнак галіновых экспэртаў, склала 52 млн. т. У грашовым выражэньні гадавы абарот на сусьветным калійным рынку ацэньваецца на 20 млрд. Даляраў. Глябальны попыт на калійныя ўгнаеньні, паводле прагнозаў экспэртаў, будзе расьці ў сярэднім на 3-4 % у год.

Ключавыя гульцы

Асноўныя краіны-вытворцы хлёрыстага калію — Канада (32% агульнасусьветнай вытворчасьці) , Расея (19%) і Беларусь (16%). Разьведаныя сусьветныя запасы калію ў асноўным сканцэнтраваныя ў Канадзе (46,1 %) і Расеі (34,5 %), на трэцім месцы — Беларусь (7,9 %).

Найбуйнейшыя кампаніі-вытворцы — «Уралкалій» (Расея), «Беларуськалій» (Беларусь), Potash Corp. (Канада), Mosaic (ЗША), Israel Chemicals (Ізраіль) , K + S (Нямеччына), Agrium (Канада).

Найбуйнейшыя краіны-імпарцёры хлёрыстага калію — Кітай, Індыя і Бразылія.

Цэнаўтварэньне

Хлёрысты калій не таргуецца на таварных біржах, цана на прадукт вызначаецца на фізычным рынку ў ходзе перамоваў паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі. Як і на любых іншых рынках фізычнай сыравіны, важную ролю ў ланцужках паставак адыгрываюць трэйдэры. Цэны міжнароднага рынку закрытыя ад шырокай грамадзкасьці і публікуюцца спэцыялізаванымі цэнавымі агенцтвамі, такімі як Argus FMB, ICIS і Fertecon .

Цэны за тону прадукту вызначаюцца на базісах пастаўкі fob (free on board) у асноўных экспартных рэгіёнах і cfr (cost and freight) у асноўных імпартных рэгіёнах. Два найбуйнейшыя імпарцёры хлёркалію — Кітай і Індыя — дамаўляюцца з пастаўшчыкамі аб кантрактных цэнах на прадукт два разы на год, аднак індыйскія імпарцёры цяпер пераходзяць на гадавыя кантракты.

З 2003 да 2008 г. сусьветныя цэны на хлёрысты калій вырасьлі ў шэсьць разоў, на піку перавышаючы тысячу даляраў за тону, аднак у выніку сусьветнага эканамічнага крызісу скарэктаваныя ўніз. Цяепр вядучыя імпарцёры закупляюць хлёркалій, дастаўляны морам, па 400 дал. / т. «Уралкалій» прагназуе, што да канца 2013 г. цэны на прадукт могуць упасьці на 25 %, да 300 дал. / т. , і ніжэй.

Экспартная дуаполія на сусьветным рынку

Да ліпеня 2013 г. міжнародны рынак калійных угнаеньняў дзялілі паміж сабой два гульцы — Беларуская калійная кампанія (БКК, супольны эксклюзіўны трэйдэр «Уралкалію» і «Беларуськалію») і канадзкі экспартны кансорцыюм Canpotex, які складаецца з канадзкіх кампаній Potash Corp. і Agrium, а таксама амэрыканскай Mosaic. БКК і Canpotex кантралявалі каля 70 % міжнародных продажаў (на БКК прыходзілася больш за 40 %), і менавіта ў іх кантрактах з асноўнымі пакупнікамі вызначаліся базавыя сусьветныя цэны на хлёрысты калій.

Выхад «Уралкалію» з БКК, пра які было абвешчана 30 ліпеня 2013 г., і рашэньне кампаніі ажыцьцяўляць экспарт праз ўласнага трэйдэра — Uralkali Trading — фактычна разбурылі дуапалістычную структуру рынку. Аналітыкі расцэньваюць гэтую сытуацыю як «судны дзень» для калійнай галіны.

«Алігапалістычная структура рынку, пры якой тры канадзкія вытворцы і два вытворцы з СНД каардынуюць экспартныя аб’ёмы і цэны, пастаўлена пад пагрозу і ў канчатковым выніку павінна саступіць месца больш шматбаковай канкурэнцыі і больш нізкім коштам», — адзначаюць аналітыкі Berenberg Bank. «Гістарычна пастаўкі на многіх сыравінных рынках на пэўным этапе былі арганізаваны па алігапалістычным прынцыпе, аднак нябачная рука рынку кожны раз расстаўляла усё на свае месцы», — адзначаюць экспэрты банку.

Чаму пасварыліся «Уралкалій» і «Беларуськалій»?

У 2011 г. «Уралкалій», дзякуючы паглынаньню «Сыльвініту», стаў найбуйнейшай у сьвеце калійнай кампаніяй па аб’ёмах вытворчасьці і продажаў, апярэдзіўшы «Беларуськалій», што не магло парадаваць лідэра Беларусі Аляксандра Лукашэнку. На думку аналітыкаў, беларускі прэзыдэнт быў незадаволены тым, што «Беларуськалій», які забясьпечвае ільвіную долю бюджэтных даходаў краіны, вымушаны абмяжоўваць сваю вытворчасьць, падпарадкоўваючыся цэнавай стратэгіі БКК.

Акрамя таго, А.Лукашэнка ня мог зьмірыцца з тым, што «Уралкалій» рэалізуе частку сваёй прадукцыі самастойна: так, у адпаведнасьці з дамоўленасьцямі па БКК расейская кампанія напрасткі экспартуе сваю прадукцыю ў Кітай па чыгунцы. Акрамя таго, БКК ня можа збываць прадукцыю ў Амэрыцы з-за эканамічных санкцый ЗША супраць Беларусі.

А.Лукашэнка, хутчэй за ўсё, не хацеў правакаваць разрыў адносін з «Уралкаліем» , а толькі спрабаваў націснуць на расейскіх партнэраў з мэтай дамагчыся больш выгадных для Менску ўмоў гандлю каліем праз супольнага трэйдэра. Характэрна, што, паводле дадзеных крыніц, галоўны акцыянэр «Уралкалію» Сулейман Керымаў, супраць цяпер зараз у Беларусі распачата крымінальная справа, за апошні год як мінімум двойчы сустракаўся з Лукашэнкам для абмеркаваньня пэрспэктываў БКК.

«Уралкалій» мог скарыстацца насьпелым канфліктам для таго, каб выйсьці з супольнага прадпрыемства і пачаць рэалізацыю ўласнай гандлёвай стратэгіі, накіраванай на максымізацыю аб’ёмаў выпуску. Аналітыкі даўно адзначаюць, што «Уралкалій» вылучаецца аднымі з самых нізкіх выдаткаў у галіне, таму бязбольна можа прайсьці праз пэрыяд таннага хлёркалію. Больш таго, зьніжэньне коштаў, магчыма, зьяўляецца сьвядомай мэтай «Уралкалію» ў гэтай глябальнай гульні: нізкія цэны дазволяць яму выціснуць з рынку менш эфэктыўных канкурэнтаў (такіх як нямецкая K + S), і стрымаць уступленьне на прывабны калійны рынак новых гульцоў (такіх, як аўстралійская BHP Billiton, якая выношвае пляны распрацоўкі гіганцкага калійнага радовішча Jansen у Канадзе).

Што далей?

Будаваць прагнозы аб лёсе калійнага рынку пасьля «разводу» «Уралкалію» і «Беларуськалію» пакуль рана: занадта вялікая нявызначанасьць, зьвязаная з коштамі. Пакупнікі чакаюць якога-небудзь прасьвятленьня сытуацыі, якое дазволіць акрэсьліць новыя цэнавыя арыенціры. Сытуацыя з БКК можа памяняцца яшчэ ня раз: «Уралкалій» не спальваў масты, калі абвяшчаў аб выхадзе з супольнага прадпрыемства, і Расея і Беларусь тэарэтычна яшчэ могуць вярнуцца да супрацоўніцтва ў калійнай галіне, хоць арышт гендырэктара «Ўралкалію» ды крымінальная справа супраць С. Керымава зводзяць шанцы на прымірэньне бакоў да мінімуму.

Але нават калі «Ўралкалій» і «Беларуськалій» з гэтага часу будуць дзейнічаць на сусьветным рынку як канкурэнты, а не як партнэры, гэта не азначае, што будуць доўгатэрміновыя рынкавыя ўзрушэньні і абвал цэн. Аналітыкі нагадваюць, што адносна нядаўна канкурэнцыя паміж расейскімі і беларускімі калійнымі ўгнаеньнямі была нармальнай характарыстыкай рынку: на працягу некалькіх гадоў (з 2005 г.) паралельна існавалі два пастаўшчыкі — БКК і Міжнародная калійная кампанія (МКК), што не было перашкодай для стабільнага росту коштаў на рынку. Магчыма, цяпер на рынак вернецца канкурэнцыя двух незалежных пастаўшчыкоў калійных угнаеньняў з СНД.