Ялінка з Магілёва зноў засталася адна ў клясе

Ялінка Салаўёва

Бацькам адзінай у Магілёве школьніцы, якая вучыцца на беларускай мове, Ялінкі Салаўёвай, не ўдалося знайсьці аднаклясьнікаў для сваёй дачкі.
Сёлета вучыцца яна будзе адна ўжо чацьвёрты год.

Паводле маці Надзеі Салаўёвай, дачка з ахвотай пайшла вучыцца. 1 верасьня Ялінцы на ўрачыстай лінейцы на пару з хлопцам, які вучыцца ў клясе на расейскай мове, даверылі зрабіць першы сымбалічны званок новага навучальнага году.

«Якая ў Магілёве можа быць сэнсацыя? Зноў адна! Заўтра пойдзем ужо на заняткі. Ёй сёньня ўсё спадабалася. Яна сустрэлася са сваімі сябрамі. Адзінае, што засмучае нас — гэта наступны год. Пэрспэктывы, што Ялінка будзе вучыцца ў пятай клясе адна, і што пятую клясу захаваюць для нашай дачкі, цьмяныя. Нам дужа ня хочацца шукаць новую школу для яе», — сказала Надзея Салаўёва.

Бацькі Ялінкі сёлета, як і ў папярэднія тры гады, сустракаліся з бацькамі, якія прыхільна ставяцца да беларускамоўнага школьніцтва, аднак ніхто зь іх так і не наважыўся перавесьці сваіх дзяцей у клясу Ялінкі.

Кляса зь беларускай мовай навучаньня зьявілася ў Магілёве пасьля амаль дзесяцігадовага перапынку дзякуючы намаганьням грамадзкасьці. Калі надышоў час запісваць у яе дзяцей, гэта зрабіла толькі сям’я Салаўёвых. Непрацяглы час разам зь Ялінкай вучыліся яшчэ двое вучняў, але з-за праблемаў у сям’і іх перавялі ў іншую школу.

У Горках адкрыцьця клясы зь беларускай мовай навучаньня дамаглася сям’я Каральковых. Іх старэйшая дачка Марыля ўжо скончыла школу. Дзясяты год у 4-й школе райцэнтру вучыцца на беларускай мове сын Каральковых Мікіта. У Мікітавай клясе трое вучняў.