Беларусь зрабіла Керымава невыязным

Сулейман Керымаў

Сябра Савету Фэдэрацыі Расеі Сулейман Керымаў устрымаецца ад паездак за мяжу, калі будзе абвешчаны ў міжнародны вышук па лініі Інтэрполу.
Пра гэта заявіў яго адвакат Анатоль Кучарэна.

«Інтэрпол не высьвятляе сапраўднасьць або абгрунтаванасьць абвяшчэньня той ці іншай асобы ў вышук. Ён абавязаны выконваць даручэньні сьледчых органаў краіны-сябра міжнароднай паліцэйскай арганізацыі», — заявіў Інтэрфаксу адвакат.

Менавіта таму, паводле ягоных слоў, у выпадку абвяшчэньня Керымава ў міжнародны вышук сэнатар адмовіцца ад выезду за мяжу, каб пазьбегнуць арышту.

Адвакат назваў сытуацыю з расьсьледаваньнем справы абсурднай:

«Гэта поўны абсурд. Я нават ня ведаю, як весьці абарону, ад каго абараняцца. З кім мне размаўляць, як — праз прэс-службу Сьледчага камітэту Беларусі?».

Ён ня змог адказаць на пытаньне, якія крокі мае намер распачаць абарона.