Сельская настаўніца: «Усе маўчаць, бо баяцца страціць працу»

Жанна Шчарбініна

Жанна Шчарбініна — дэпутатка Аўсянкаўскага сельсавету, што ў Горацкім раёне, — заяўляе, што яе змушаюць да звальненьня зь мясцовай школы.
Настаўніца — сябра аргкамітэту дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Яна сьцьвярджае, што школьнае кіраўніцтва ставіцца да яе перадузята празь ейную прынцыповую пазыцыю ў абароне правоў настаўнікаў.

У Аўсянкаўскай сярэдняй школе Жанна Шчарбініна працуе настаўніцай абслуговай працы, а таксама вучыць дзяцей асновам бясьпекі жыцьцядзейнасьці. Адносіны з кіраўніцтвам школы абвастрыліся, як яна кажа, калі наважылася на дэпутацтва ў сельскі савет. Тады ў вёску агітаваць прыяжджалі актывісты стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Не маўчыць настаўніца і на пэдагагічных нарадах школы, чым выклікае незадаволенасьць кіраўніцтва:

«Усе маўчаць, усе баяцца ў вёсцы страціць працу. Хто супраціўляецца, тым даюць так па галаве, што яны папросту больш ня хочуць пратэставаць. Кажуць, што хаця б мільён-два атрымаеш, а то можаш наагул застацца бяз працы. Зразумела, што я ім не даспадобы. Цяпер во стаіць перада мной пытаньне, што я выходжу з адпачынку і, можа, напішу заяву на звальненьне. Заставацца ў гэтай сыстэме проста абрыдла».

Суразмоўніца сьцьвярджае, што звольніць яе раней ужо спрабавалі, але тады яна адбаранілася.

26 жніўня Жанна Шчарбініна выходзіць з адпачынку. Кляса, як яна кажа, да навучальнага году не падрыхтаваная. У ёй трэба рабіць рамонт. Кіраўніцтва школы пра гэта ведае, цьвердзіць настаўніца:

«Вісяць старыя шпалеры — выцьвілыя. Эстэтычнага выгляду няма ніякага. Столь ня беленая больш за пяць гадоў. Аконныя рамы згнілі. Рамы гнілыя амаль па ўсёй школе. Вокны не адчыняюцца. Я клясу праветрыць не магу. Пачынаць працаваць у гэтай клясе я проста ня буду, пакуль там ня зробяць рамонту. Дзецям там займацца немагчыма».

Выгляд клясы, у якой Жанна Шчарбініна вучыць дзяцей асновам бясьпекі жыцьцядзейнасьці


Паводле Жанны Шчарбінінай, акрамя ейных прадметаў, у неадрамантаванай клясе вучаць дзяцей сьпевам.

Ці праўда тое, пра што заяўляе Жанна Шчарбініна? Супрацоўніца адміністрацыі школы на пытаньне адрэагавала гэтак:

«Я ня буду вам даваць ніякіх камэнтароў, паколькі скарга напісаная на адміністрацыю школы. І гэтым пытаньнем займаецца цяпер кіраўніцтва раённага аддзелу адукацыі. Я вам хачу сказаць адзінае, што гэта ўсё няпраўда».

Пра асаблівы падыход адміністрацыі школы да Жанны Шчарбінінай кажуць і ейныя калегі. Зь іхніх слоў, такое стаўленьне ня толькі да яе. Адно зь меркаваньняў:

«Выдзяляюцца асобныя настаўнікі паводле нейкіх асабістых крытэрыяў, астатнія настаўнікі нібыта ніхто. Гэтак ня першы год. Было такое, што дужа шмат настаўнікаў пазвальняліся».

Жанна Шчарбініна мае дыплём настаўніцы пачатковых клясаў. У сыстэме адукацыі працуе ад 1981 году. У Аўсянкаўскай школе — амаль пятнаццаць гадоў. Ейныя вучні станавіліся пераможцамі на шматлікіх прадметных алімпіядах і конкурсах. Яна адна гадуе ўласную дачку і прыёмную. Пра неадрамантаваную клясу Жанна Шчарбініна паведаміла ў Міністэрства адукацыі. Да скаргі далучыла фатаздымкі кляснага пакоя.

Адметна, што дакумэнты пра поўную гатоўнасьць да новага навучальнага году (так званыя пашпарты гатоўнасьці) усе школы краіны павінны атрымаць да 25 жніўня.