Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».
5 сакавіка, субота
Анатоль Лябедзька
Анатоль ЛябедзькаНарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.
Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.
Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).
Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.
За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.
Жанаты, мае сына.
Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.
Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.
6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.
23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.
Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Праз паўгадзіны Раманоўскі аціх. Шчыльна замоўк і сышоў кудысьці ў лябірынты сваіх думак. Я ўважліва ўгледзеўся ў скамянелы твар. Здаецца, Сан Саныч нават пастарэў. Ці то сівізны ў барадзе паболела, ці то маршчыны зрабіліся глыбейшыя, але стары падсеў. Проста на вачах. Гэта ж якое ўзрушэньне перажывае чалавек! Зь іншага боку, зразумела, не пуцёўку ў санаторый атрымаў, а тэрмін. І наперадзе хай сабе і не апраметная «амэрыканкі», але ўсё ж калёнія, карані якой ідуць у савецкае мінулае. Там немагчыма нармальна жыць, там штодзённая барацьба за выжываньне. Гэта для кожнага арганізму сур’ёзнае выпрабаваньне, але калі ў гэтага арганізму яшчэ зношваньне ад узросту, то цяжкасьці ўзрастаюць у разы. Мне стала шкада гэтага чалавека, які змарнеў на вачах.
На некалькі гадзін у камэры запанавала балючая цішыня. Здаецца, нават кантралёры сталі радзей зазіраць у вочка. Хацелася даць Сан Санычу магчымасьць пабыць аднаму ў камэры, дзе нас было трое.
* * *
Убачанае і пачутае падштурхнула да ўласных развагаў. Пра нянавісьць, яе вытокі і наступствы.
Колькі несправядлівасьці, несумленнасьці, подласьці, крывадушнасьці вакол нас! Калі б усё гэта трансфармаваць у нешта матэрыяльнае, то краіна ператварылася б у адзін вялікі сьметнік. Што павінен цяпер адчуваць Дзіма Дашкевіч, якога кінулі ў турму толькі за тое, што ён Дзіма Дашкевіч? Хлопца кінулі ў СІЗА яшчэ да 19 сьнежня. Якія эмоцыі павінны адчуваць людзі каля «сьцяны катаваньняў» у спартзалі? Што робіцца ў душах тысяч тых, хто прайшоў праз канвэер сыстэмы беларускага правасудзьдзя? У галовах тых, каго выкінулі з унівэрсытэтаў, звольнілі з працы? У сэрцах сваякоў выкрадзеных і зьнішчаных апанэнтаў улады? Канспэктам развагаў, прапушчаных праз «думкавыціскалку» галавы, стаў зварот да галоўнага вытворцу нянавісьці ў Беларусі — Аляксандра Лукашэнкі. Тэкст неяк лёгка і хутка лёг на паперу. Што значыць прасякнуцца тэмай!
* * *
«Прыйдзе час, і вы памраце таксама! У балючых курчах ці ў здаровым розуме. Ва ўласнай пасьцелі ці на бальнічным ложку. У адзіноце або на руках целаахоўніка. Гэта непазьбежна і няўхільна!
Дыктар паведаміць пра падзею журботным голасам. Хрысьціянска-атэістычная Беларусь адрэагуе не па-хрысьціянску: захлынецца ад радасьці. Не, вядома ж, ня ўся. Усхліпне пэнсіянэрка. Уздыхне заежджы госьць з Расеі. Насьцярожыцца генэральскі кіцель.
Праяўленьне пачуцьцяў будзе нягучным, але масавым і шчырым. У кулак. На кухні. У курылцы. Краіна, якая радуецца сьмерці, а не жыцьцю, — відавочнае сьведчаньне ненармальнасьці яе мінулага.
Вы памраце, а што ж застанецца? Застанецца нянавісьць. Тая, што назапашвалася, наслойвалася ў сэрцах і душах. Гадамі, дзесяцігодзьдзямі. Па граму, па мілімэтру. І яна павінна будзе матэрыялізавацца, выплюхнуцца. На нешта, на кагосьці. На магільную пліту. На вашу памяць. На вашых дзяцей. На вашых унукаў. І гэтага нельга будзе стрымаць. Чым мацней сьціскаць спружыну, тым з большым імпэтам яна распрастаецца.
Нянавісьць абавязкова знойдзе саўдзельнікаў. Помста — адзін зь іх. Жорсткі і прагавіты.
Нянавісьць абавязкова знойдзе саўдзельнікаў. Помста — адзін зь іх. Жорсткі і прагавіты
Тады што? Ці можна зрабіць хоць нешта?
Можна спыніцца! У тыражаваньні, памнажэньні гвалту, злосьці, агрэсіі, страху.
Нельга вярнуць родным забітых. Але можна аддаць маці і каханым сыноў і мужоў. Усіх палітычных закладнікаў. Ня трэба каяцца і прасіць прабачэньня. Тыя не павераць, гэтыя палічаць за слабасьць. Але ж можна не падкідаць дроваў у печ рэпрэсіўнай сыстэмы.
Намнажэньне нянавісьці, а адпаведна — і помсты, якая прагне рэваншу, можна спыніць! Вам гэта трэба? Вядома ж, не! Але, можа, гэта трэба ім? Тым, хто носіць ваша прозьвішча. Або пасьля вас хоць сусьветны патоп?»
* * *
Калі б у мяне была магчымасьць, я б сказаў гэта, гледзячы проста ў вочы Лукашэнку. Але такой магчымасьці ў мяне няма. Так што пакуль абмяжуемся фіксацыяй развагаў на паперы. А там пабачым. Немагчымае сёньня часьцяком набывае рысы рэальнасьці заўтра. Вось толькі калі прыйдзе тое заўтра?
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
6 сакавіка, нядзеля
Ад ночы засталіся шматкі непрыемных сноў. Прысьніўся Віця Ганчар. Напэўна, упершыню за ўвесь час. Сустрэліся ў нейкім напаўзакінутым будынку. Напярэдадні запіску пра месца сустрэчы перадала незнаёмая жанчына. Усё астатняе — нейкія шматкі. Здаецца, ён хацеў мне нешта сказаць, але што, я ня памятаю. Усю раніцу напружваюся і спрабую аднавіць у памяці. Сон наклаў адбітак на зьмест далейшых размоў. Я ўвесь час чапляўся думкамі за гэтую тэму. І яна раз-пораз саскоквала зь языка.Ці ёсьць нешта яшчэ больш агіднае і несправядлівае, больш быдлячае і несумленнае, чым наша цяперашняе становішча? У іншай сытуацыі я на гэтае пытаньне наўрад ці адрэагаваў бы. Але тут адгукнуліся начныя кашмары.
— Ну вядома ж, ёсьць.
Сукамэрнікі зьдзіўлена пераглянуліся.
— Пры Сталіну?
— Ды не, нашто так далёка зазіраць? І ў наш час можа быць горш. І ўжо было. І нельга выключаць, што можа паўтарыцца.
Пра крывавыя раны беларускай рэчаіснасьці людзі альбо ня ведаюць нічога, альбо ведаюць вельмі павярхоўна
— Віктар Ганчар! Юра Захаранка! Вам што-небудзь кажуць гэтыя прозьвішчы?
У Ігара асацыяцыяў практычна ніякіх, так, нейкія шматкі. Раманоўскі пра Захаранку чуў. Але хутчэй як пра міністра ўнутраных спраў, а не як пра палітыка. Я чарговым разам зразумеў, што пра гэтыя крывавыя раны беларускай рэчаіснасьці людзі альбо ня ведаюць нічога, альбо ведаюць вельмі павярхоўна.
І гэта наша віна. І гэта мая віна. Значыць, мы зрабілі ня ўсё. Значыць, я зрабіў ня ўсё! Ну што ж, будзем дапрацоўваць. І пачнём цяпер жа.
Я справакаваў спачатку пытаньні, а потым і дыскусію пра «гучныя справы». А паміж імі зьмясьцілася маё апавяданьне, мая споведзь, мой боль.
* * *
1999-ты — год з жалобнай чорнай стужкай. За якія чатыры месяцы апазыцыя страціла двух сваіх лідэраў, а прыхільнікі пераменаў — патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. 7 траўня 1999 году бясьсьледна зьнік харызматычны генэрал, былы міністар унутраных спраў Беларусі Юры Захаранка. 16 верасьня 1999 году невядомыя выкралі кіраўніка разагнанага Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктара Ганчара (разам з прыяцелем, бізнэсмэнам Анатолем Красоўскім). Абодва былі сябрамі палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Два сьветлыя, годныя чалавекі. Патрыёты Беларусі.
У пакеце дакумэнтаў, якія сталі здабыткам грамадзкасьці, — рапарт генэрал-маёра міліцыі Лапаціка на імя міністра ўнутраных спраў Навумава. Гучаньне і зьмест гэтага дакумэнту ледзяняць душу. Фактычна гэта прысуд аб ліквідацыі ні ў чым не вінаватых людзей. Без суду і сьледзтва. Генэрал Лапацік даводзіць да ведама міністра, што паводле ўказаньня Віктара Шэймана кіраўнік спэцпадразьдзяленьня САХРу (спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня) Дзьмітрый Паўлічэнка і ягоныя падначаленыя захапілі і зьнішчылі Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. З гэтай мэтай выкарыстоўваўся расстрэльны пісталет — зброя, зь якой у Беларусі забіваюць асуджаных на расстрэл. Здаецца, цынічнай расправе хацелі надаць рысы нейкага рытуалу, афіцыйнай працэдуры.
Анатоль Уладзіміравіч, мы можам хоць заўтра перадаць справу ў суд, сабраных матэрыялаў дастаткова. Так што пытаньне не да нас
Гэта ўвогуле вельмі дзіўнае жаданьне — прысутнічаць пры выкананьні сьмяротнага пакараньня. Дарэчы, гэтым, мабыць балуецца і беларускі кіраўнік. Прынамсі, пра гэта распавядаў Міхаіл Чыгір. Аляксандар Рыгоравіч асабіста запрашаў прэм’ер-міністра паглядзець, як гэта адбываецца на практыцы. Дзеля цікаўнасьці. У абавязкі прэм’ера гэта, на шчасьце, не ўваходзіла.
Ёсьць у маім асабістым архіве і копія санкцыі на затрыманьне і арышт таго самага Дзьмітрыя Паўлічэнкі, завізаванай генэральным пракурорам Бажэлкам і старшынём КДБ Мацкевічам. Арышт быў ажыцьцёўлены. Затрыманага нават зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Так-так, туды, дзе цяпер мы. Праўда, затрымалі ненадоўга. Ужо наступнага дня Дзіма Паўлічэнка цешыўся прыгоствамі беларускай сталіцы. Яго вызвалілі на асабістае распараджэньне Віктара Шэймана. Здаецца, вусна-тэлефоннае. Вось так. Усё гэта можа азначаць толькі адно: што паводле дакумэнтаў Паўлічэнка па сёньняшні дзень дэ-юрэ знаходзіцца ў СІЗА КДБ. А генпракурора і кіраўніка КДБ, якія ініцыявалі затрыманьне і арышт кіраўніка «эскадрону сьмерці», Лукашэнка адправіў у адстаўку. Праўда, разам з Шэйманам. Гэта было ў лістападзе 2000 году. Але галоўным вынікам гэтага гучнага скандалу стала тое, што справу аб выкрадзеных тут жа паклалі пад сукно.
Пасьля выкраданьня Віці Ганчара мяне некалькі разоў выклікалі да сьледчага гарадзкой пракуратуры. Размова была цалкам канкрэтная і прафэсійная. Калі я падпісаў паказаньні, сьледчы Чумачэнка выйшаў са мной у калідор і там, гледзячы проста ў вочы, сказаў: «Анатоль Уладзіміравіч, мы можам хоць заўтра перадаць справу ў суд, сабраных матэрыялаў дастаткова. Так што пытаньне не да нас».
Гэтае прызнаньне сьледчага, гэтаксама як і копіі дакумэнтаў, якія сталі здабыткам грамадзкасьці напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году, сьведчаць пра тое, што заказчыкі і арганізатары выкраданьня і ліквідацыі Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара — людзі з вышэйшых паверхаў «Чырвонага дома». А гэта азначае, што пры цяперашняй уладзе судовага працэсу па «гучных справах» чакаць ня варта. Але ён абавязкова будзе! Можна дараваць неэфэктыўнае кіраваньне краінай, можна заплюшчыць вочы на шмат якія паскудзтвы цяперашняй улады, але нельга, немагчыма быць літасьцівым, калі ў чалавека забіраюць самае каштоўнае — жыцьцё.
Варта прызнаць, што зь цягам часу гэтая тэма пачала згасаць. Хоць напачатку ўдалося зрабіць нямала. І самае галоўнае: неабыякавыя людзі, якія некалькі гадоў запар выходзілі на вуліцы з партрэтамі выкрадзеных, спынілі канвэер сьмерці. Пасьля гэтага апанэнтаў улады кідалі на турэмныя нары, зьбівалі, але не ліквідоўвалі фізычна.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
7 сакавіка, панядзелак
Калі ў рапарце дзяжурнага па камэры гучаць словы «Скаргаў і прапановаў няма», значыць, дзень мае як мінімум пазытыўны пачатак. Зь сёньняшняга шпацыру прынёс гатовы верш, пра «сьцяну катаваньняў і нянавісьці». Калі цэнзар прачытае, то экспрапрыяцыі не пазьбегнуць, а не хацелася б страціць гэтыя радкі, таму заканспэктаваў з выкарыстаньнем кропак і працяжнікаў.* * *
Здаецца, учорашняя размова пра выкрадзеных палітыкаў зачапіла маіх суседзяў. Сёньня тэма «эскадрону сьмерці» вярнулася ў парадак дня нашай размовы. Але калі ўчора мы гаварылі пра Захаранку і Ганчара як пра палітыкаў, то сёньня размова збольшага тычылася асабовага, чалавечага складніку.
Практычна кожны год у маім працоўным графіку — паездкі ў пасёлак Першамайскі, што пад Лідай, і ў пасёлак Васілевічы на Гомельшчыне. Праўда, па першым адрасе маршрут ужо закрыты. Мама Віктара Ганчара і ягоны старэйшы брат Ёсіф адышлі адзін за адным, так і не даведаўшыся ўсіх акалічнасьцяў таго, што адбылося зь іхнім Віцькам.
Я шкадую, што Віця пайшоў у гэтыя палітыкі. Працаваў бы сабе ў наргасе. Яго там так паважалі
А якія Валянціна Адамаўна гатавала нябеснай смакаты калдуны і блінцы! Фірмовыя. Наша гутарка, душэўная, адкрытая, пэрыядычна перарывалася воклічам: «Божа ж мой, дзе мой Віцька? Я ведаю, ён жывы, мне людзі казалі». Мы спрабавалі перавесьці размову на іншыя тэмы. Зь пераменным посьпехам. Празь нейкі час зноў: «Ох, божа, мне б хоць дачакацца Віцю, а тады ўжо хай сабе і памру». Яна так і не дачакалася свайго Віцькі.
Вось тут сядзеў Лукашэнка, цалаваў мне рукі. Называў мяне мамай. А потым нават не патэлефанаваў
У гасьцях у Валянціны Адамаўны бывалі ня толькі мы. Расхвальваў яе знакамітыя «калдуны» і Аляксандар Лукашэнка. Паказваючы на старэнькую канапу, жанчына са сьлязьмі на вачах распавядала: «Вось тут сядзеў Лукашэнка, цалаваў мне рукі. Называў мяне мамай. А потым нават не патэлефанаваў». І горкія сьлёзы расьцякаюцца па барознах маршчын.
А вось у Васілевічы мы езьдзім па-ранейшаму. Ульяна Рыгораўна надзіва моцная і душэўная жанчына. Маці вось ужо амаль 12 гадоў чакае сына. «Рыпне масьнічына ў сенцах, і я ўжо на нагах. Мне здаецца, што гэта мой Юрка. Выходжу, а ён усё не прыходзіць».
Баба Ўльяна гаворыць зь лёгкім украінскім акцэнтам. За год яна страціла адразу двух сыноў. Старэйшы, Уладзімір, служыў на атамнай падлодцы і, відаць, хапянуў радыяцыі. «Да старэйшага хоць на магілку магу прыйсьці. Пагавару зь ім, пасяджу побач. А ад Юркі адны толькі фатаграфіі засталіся».
Жыве Ўльяна Рыгораўна ў невялікім драўляным доміку. Адзін невялікі пакойчык — Юраў. Жалезны ложак і ўсюды, куды ні ўпадзе позірк, Юравы фатаграфіі.
У гады вайны маладую дзяўчыну вывезьлі на працы ў Нямеччыну. Адтуль у бабы Ўльяны гутарковая нямецкая мова і галоўная прафэсія па жыцьці — кухарская: у Нямеччыне ў асноўным працавала на кухні. «Гаспадары кармілі нас добра. Мы нават ежу нашым насілі, тым, хто рабіў на заводзе. Аднойчы панесьлі гасьцінцы, а тут самалёты наляцелі. Бомбы вакол рвуцца, страшна да жаху! Потым пасьля бамбёжкі прыйшлі, а на месцы дома і кавярні адны разваліны. Пад імі і сяброўка мая засталася».
Пасьля таго, што сталася зь Юрыем Захаранкам, сям’я ягоная зьехала ў Нямеччыну. З Ульянай Рыгораўнай у іх толькі адна сувязь — тэлефонная. А яна па-ранейшаму прыслухоўваецца да рыпеньня масьніц у сенцах. Можа, гэта Юрка вярнуўся?
* * *
Такія вось атрымаліся ўспаміны. І выснова адпаведная:
— Я, хлопцы, вось што скажу. Я ў палітыцы ў тым ліку і таму, што даўжнiк перад Валянцінай Адамаўнай Ганчар, якая пайшла з гэтага сьвету. І перад Ёсіфам Ганчаром даўжнік. Я ў палітыцы таму, што ў даўгу перад Ульянай Рыгораўнай Захаранкай, якая чакае свайго Юрку. Я ня прагну помсты, я хачу праўды! І, вядома ж, зло павінна несьці пакараньне. А інакш навошта жыць? Ні ў кога няма права забіраць чужыя жыцьці!
Сан Саныч быў больш радыкальны:
— Я б гэтых сволачаў падвесіў за адно месца, і хай бы віселі ў цэнтры Менску, пакуль ня здохнуць. Каб і іншым мярзотнікам непанадна было.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬЕТ
Папярэднія разьдзелы
Ноч разарваў доўгі званок...Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»
Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй
Маскарад, першы раз у душы
І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам
«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом
Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы
Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль
Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс
Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі
«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра
Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом
Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны
Чырвоная паласа, біяграфія пабоеў, фільм пра фонд Маршала
Цырульня за кратамі, парады парадзіхам, Правадыр Лябедзька
Пра Чаргінца, казіно ў «амэрыканцы», «Саўбелія» шырокага ўжытку, канцлягер і прытон пад адным дахам
Партрэты турэмнікаў, Бальзак замест кавы, «Анатоль, танцуй!», Яроменак у камэры
Салідарнасьць Яроменка, пра Сьнегіра, у войска па блату
Маёр Вазьняк, жудасныя маразы, Арастовіч сышоў, чарговы «алігарх»
Акліматызацыя Каранеўскага, сьмех з камэры катаваньня, яшчэ 5 месяцаў за кратамі, «Не коверкайте белорусский язык!»
Сон пра Міхалевіча, лісты вяртаюцца, лекцыя «Лукашызм на экспарт»
Віншаваньні бацьку, ці не надакучыла змагацца, голуб Лёлік
Уцёкі Міхалевіча, «маскі» зьніклі, як бомж на сьметніку
З(а)гадкі 19 сьнежня, лісты з эмблемай EPP, затапіла камэру, начныя жахі