Расейцы хочуць адабраць у Беларусі вядомыя савецкія брэнды

Вытворчасьць «Пашахонскага» сыру на слуцкім заводзе, архіўнае фота

Расейскія вытворцы хочуць адабраць савецкія гандлёвыя маркі ў былых рэспублік Савецкага Саюзу і пакінуць іх выключна за сабой.
Калі такое адбудзецца, то гэта закране шмат якія беларускія прадпрыемствы, напрыклад, вытворцаў сыроў «Расійскага», «Кастрамскога», «Пашахонскага» ды іншых.

Зь ініцыятывай выступілі дэпутаты заканадаўчага сходу Прыморскага краю. Яны перадалі ў Дзярждуму законапраект, які прадугледжвае вяртаньне савецкіх таварных знакаў былым уладальнікам.

Гэтыя захады падтрымалі і расейскія вытворцы прадуктаў харчаваньня. Так, Андрэй Даніленка, старшыня праўленьня Нацыянальнага саюзу вытворцаў малака, заявіў:

— Я лічу, пытаньне гэтае павінна вырашацца зыходзячы з канцэпцыі тэрытарыяльнасьці. А то, напрыклад, самы папулярны ў нашага насельніцтва сыр — «Расійскі» — выпускаюць у Беларусі, ва Ўкраіне, краінах Балтыі. Таксама, я лічу, прадукты, якія маюць традыцыйныя расейскія назвы, напрыклад, сыры «Кастрамскі» і «Пашахонскі», павінны выпускаць толькі на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі.

Слуцкі сыракамбінат вырабляе ўсе згаданыя гатункі сыроў: і «Расійскі», і «Пашахонскі», і «Кастрамскі». Адзін з кіраўнікоў прадпрыемства ў тэлефоннай размове са «Свабодай» сказаў, што гэтыя віды сыроў карыстаюцца добрым попытам. Людзі да іх прывыклі. А на раскрутку новых гатункаў спатрэбіцца шмат дадатковых грошай. А на камбінаце цяпер лічаць кожны рубель.

Гэта было прыватнае меркаваньне. Па афіцыйнае параілі зьвярнуцца ў вышэйстаячую арганізацыю ў Менску. Адтуль накіравалі ў Міністэрства гандлю. Адтуль — у Дзяржстандарт. Урэшце спыніліся на Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасьці.

Намесьніца начальніка ўпраўленьня права і міжнародных дамоваў Нацыянальнага цэнтру Тацяна Кавалеўская адзначае:

«Вазьміце за аналёгію савецкія таварныя знакі на цукеркі. Але пры гэтым трэба ўлічваць, што прававая ахова забясьпечваецца толькі на пэўнай тэрыторыі. То бок пасьведчаньне Рэспублікі Беларусь дзейнічае толькі на тэрыторыі Беларусі. Пасьведчаньне Расейскай Фэдэрацыі — толькі на тэрыторыі Расеі. Мне цяпер цяжка сказаць, ці зарэгістраваны на нейкую кампанію назва „сыр «Расійскі»“. Я вельмі ў гэтым сумняваюся. Бо калі б такое было, наўрад ці нашы вытворцы парушалі б гэтыя правы».

Эканаміст Леў Марголін лічыць, што пазбавіць замежных вытворцаў права на савецкія брэнды будзе даволі цяжка. Сытуацыя з цукеркамі была крыху іншая, чым цяпер, бо ў цукерак — напрыклад, «Мішка на Поўначы» альбо «Чырвоны каптурык» — можна было знайсьці першага ўладальніка брэнду:
Калі цяжка канкураваць з коштам альбо якасьцю, то найлепей забараніць вытворчасьць, знайшоўшы якую зручную прычыну

«Што да сыроў, дык тут запатэнтаваць назву, мабыць, ня ўдасца. Гэта ўсё ж ня тая назва, пра якую можна сказаць: я яе прыдумаў альбо я пачаў першым яе выкарыстоўваць. Бо гэты брэнд сапраўды быў саюзны. Толькі калі Дзярждума прыме адпаведную пастанову, як гэта было зроблена ў Францыі наконт каньяку і шампанскага. Але ці будзе гэта зроблена? Можа, так? Бо сапраўды сыр „Расійскі“ альбо „Кастрамскі“ — гэта даволі вядомыя брэнды. І тут, канечне, ёсьць жаданьне — калі цяжка канкураваць з коштам альбо якасьцю, то найлепей забараніць вытворчасьць, знайшоўшы якую зручную прычыну».

Спадарыня Кавалеўская ня верыць, што расейцы дамогуцца заяўленай мэты:

«Сыр „Расійскі“. Яго вырабляюць абсалютна розныя нашы кампаніі. Напрыклад, яго выпускаюць і менскі, і гарадзенскі камбінаты. А назва агульная — „Расійскі“. І я, калі купляю гэты сыр, гляджу — а хто ж вытворца? Шукаю той сыр, які мне найбольш падабаецца.

Вядома, той, хто мае выключнае права, зацікаўлены ў тым, каб гэтае права ніхто не парушаў. Але паколькі ў нас у Беларусі гэты сыр прадаецца паўсюль, я сумняваюся, каб нехта меў такое выключнае права».

Нават калі Дзярждума прыме адпаведны закон, гэта не азначае, што ў Беларусі ня змогуць ужываць гэты брэнд унутры краіны, — падкрэсьлівае Леў Марголін:

«Гэта азначае толькі, што мы ня зможам экспартаваць прадукты на Расею пад гэтымі назвамі. Гэта вядома ва ўсясьветнай практыцы. Тое ж самае — шампанскае, напрыклад. У СССР яно ішло як „Советское шампанское“, а на экспарт як „Советское игристое“.

Іншая справа, што мы цяпер у Мытным зьвязе. І ня выключана, што калі Дзярждума прыме адпаведную пастанову, то наступным крокам будзе зварот у кіраўнічыя органы Мытнага зьвязу, каб распаўсюдзіць гэта на ўсю Мытную прастору».