Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі плян «прымушэньня да інтэграцыі» для Ўкраіны


Віктар Медвядчук і Уладзімір Пуцін
Віктар Медвядчук і Уладзімір Пуцін
Уплывовае ўкраінскае выданьне «Люстэрка тыдня» апублікавала сэнсацыйны дакумэнт, які, паводле рэдакцыі, ўяўляе сабой крамлёўскі плян, як не дапусьціць падпісаньня Ўкраінай пагадненьняў аб асацыяцыі і зоне свабоднага гандлю з Эўразьвязам і як прымусіць краіну ўступіць у Эўразійскі эканамічны саюз.

Плян прадугледжвае дзеяньні па шэрагу накірункаў: ціск на украінскіх алігархаў, бізнэс якіх зьвязаны з Расеяй, шэраг эканамічных праектаў, якія б ўзмацнялі залежнасьць украінскай эканомікі ад Расеі, праца з рэлігійнымі арганізацыямі, найперш, прыхаджанамі Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага патрыярхату, стварэньне і ўмацаваньне сеткі прарасейскіх арганізацый. Сярод апошніх ключавая роля адводзіцца руху «Украінскі выбар» кіраўніку адміністрацыі прэзыдэнта пры Кучме Віктару Медведчуку.

Прадугледжаная праца ў мэдыйнай прасторы Ўкраіны, падкрэсьлена, што толькі адсутнасьць ціску з боку Расеі дазваляе ўкраінскім мэдыя-магнатам «зарабляць грошы на Расеі і спансараваць антырасейскую і празаходнюю прапаганду».
Плян адводзіць пэўную ролю нават партнэрам Расеі па мытным саюзе, у прыватнасьці, адзначаецца карысьць прамых кантактаў Аляксандра Лукашэнкі і Нурсултана Назарбаева зь Віктарам Януковічам

Мэта пляну фармулюецца адназначна і дакладна — не дапусьціць стварэньня Ўкраінай зоны свабоднага гандлю з Эўразьвязам (адпаведнае пагадненьне мяркуецца падпісаць у лістападзе сёлета на Віленскім саміце Ўсходняга партнэрства) і забясьпечыць далучэньне Ўкраіны да мытнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі да 2015 году.

Плян адводзіць пэўную ролю нават партнэрам Расеі па мытным саюзе, у прыватнасьці, адзначаецца карысьць прамых кантактаў Аляксандра Лукашэнкі і Нурсултана Назарбаева зь Віктарам Януковічам, «з улікам украінскіх каранёў Януковіча і адмоўнага стаўленьня да іх з боку Эўразьвязу, Лукашэнка мог бы знайсьці пераканаўчыя для Януковіча аргумэнты на карысьць эўразійскай інтэграцыі» — гаворыцца ў дакумэнце.

Аўтары «Люстэрка тыдня», камэнтуючы дакумэнт, падкрэсьліваюць, што хада рэальных падзеяў дакладна адпавядае пляну: перашкоды украінскаму імпарту ў Расею, забарона на імпарт шакаляду Roshen празаходняга украінскага «шакаляднага караля» Парашэнкі — гэта этапы рэалізацыі пляну, апублікаванаму газэтай.

Прамых доказаў сапраўднасьці пляну, апублікаванаму «Люстэркам тыдня», няма. Аднак былы міністар замежных справаў Украіны Ўладзімер Агрызка кажа, што ў гэтым пляне няма насамрэч нічога новага.

Агрызка: «Гэта было асновай палітыкі Расеі ў адносінах да Ўкраіны на працягу доўгага часу. У гэтым няма нічога новага. Спадзяюся, дакумэнт будуць чытаць заходнія дыпляматы ва Украіне. Можа быць, яны, нарэшце, разумеюць, што супраць Украіны вядзецца сыстэматычная ідэалягічная, палітычная, эканамічная і інфармацыйная вайна».
Разам з тым Медвядчук падкрэсьліў, што ён і кіраваны ім рух сапраўды выступаюць за далучэньне Ўкраіны да мытнага саюзу, але робяць гэта цалкам адкрыта.

Віктар Медвядчук у інтэрвію Радыё Свабода абверг як сваю датычнасьць да падрыхтоўкі дакумэнту, гэтак і сапраўднасьць самога пляну:

«Гэта ня першы раз, калі „жоўтая“ прэса спрабуе злучыць маё імя з рознымі скандальнымі гісторыямі. Публікаваць свае фантазіі пад выглядам „сакрэтных дакумэнтаў“ са спасылкай на незразумелыя крыніцы — гэта мэтад, якім шарлатаны ад СМІ карыстаюцца на працягу стагодзьдзяў» — сказаў Медвядчук.

Разам з тым Медвядчук падкрэсьліў, што ён і кіраваны ім рух сапраўды выступаюць за далучэньне Ўкраіны да мытнага саюзу, але робяць гэта цалкам адкрыта.

Сувязі Медведчука з Расеяй не зьяўляюцца сакрэтам: Уладзімер Пуцін і жонка Дзьмітрыя Мядзьведзева — хросныя бацькі дачкі Медведчука, падчас нядаўняга візыту Пуціна ва Ўкраіну на сьвяткаваньне 1025-годзьдзя хрышчэньня Кіеўскай Русі, прэзыдэнт Расеі правёў значна больш часу з Медведчуком, чым зь Януковічам.

У артыкуле аглядальнікаў «Люстэрка тыдня» адзначаецца, што да пэўнага часу Масква лічыла, што зьняволеньне былога прэм’ер-міністра Юліі Цімашэнкі зьяўляецца гарантыяй таго, што Эўразьвяз ня пойдзе занадта далёка ў інтэграцыі з Украінай. Аднак, паводле газэты, Масква атрымала інфармацыю пра меркаваньне канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркэль, што наяўнасьць палітвязьня Цімашэнкі не павінна быць перашкодай для заключэньня з Украінай пагадненьняў аб асацыяцыі і зоне свабоднага гандлю. Менавіта пасьля гэтага Расея перайшла да рашучых дзеяньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG