Рыкашэт. Ці будуць беларусы карміць чужога салдата?

Валер Карбалевіч.

Нарада ў Лукашэнкі пра далейшыя кірункі будаўніцтва і разьвіцьця Ўзброеных Сіл Беларусі цікавая ў некалькіх сэнсах.

Найперш прыкметны сам факт яе правядзеньня.

Зьвярнуў бы ўвагу, як кіраўнік Беларусі часта нечакана і непрадказальна рэагуе на розныя міжнародныя падзеі. Асабліва калі недзе ў сьвеце гвалтоўна адхіляюць ад улады дзейнага кіраўніка.

Напрыклад, калі ў 2010 годзе ў далёкім Кіргізстане зрынулі прэзыдэнта К. Бакіева, Лукашэнка тэрмінова накіраваў туды свой самалёт, прывёз няўдачлівага кіргіскага палітыка ў Менск, даў яму беларускае грамадзянства, стаў папракаць АДКБ: маўляў, чаму не ўратавалі.

У 2011 годзе ўсясьветныя тэлеканалы паказалі кадры жахлівай сьмерці лібійскага дыктатара Муамара Кадафі. і Лукашэнка стаў паводзіць сябе таксама на першы погляд дзіўна. Ён раптам ухапіўся за пабудову тэрытарыяльнай абароны. Гэта калі цывільных людзей мабілізуюць у войска, даюць у рукі АК і прымушаюць удзельнічаць у пацешнай кампаніі. Памятаеце, як кіраўнікам абласьцей былі прысвоеныя званьні генэралаў, БТ паказала, як Лукашэнка стаіць перад немаладымі пузатымі дзядзькамі ў генэральскай форме і ставіць ім задачы бараніцца ад вонкавых і ўнутраных ворагаў? «Партызаны» ў ролі апошняй надзеі — гэта амаль як савецкая ваенізаваная дзіцячая гульня «Зарніца».

І вось цяпер. У Эгіпце армія зрынула абранага прэзыдэнта Мурсі, узяла ўладу ў свае рукі і жорстка душыць пратэсты. І Лукашэнка тэрмінова зьбірае генэралаў і праводзіць адмысловую нараду. Пры гэтым спасылаецца на напружанае становішча ў сьвеце, якое, на ягоную думку, штучна стварае падступны Захад. Кіраўнік Беларусі празрыста намякае, што і за ваенным пераваротам у Эгіпце стаяць ЗША і ЭЗ: «Нават да сьмешнага даходзіць: зрынулі ўсё, што можна было скінуць, па арабскай дузе — на поўначы Афрыкі і на ўсходзе. Цяпер па-новаму пачынаюць зрынаць, выступаючы міратворцамі, асабліва Эўрапейскі Зьвяз». Хоць вядома, што ЗША і ЭЗ крытычна ацанілі дзеяньні ваенных уладаў Эгіпту і нават пагражаюць ім санкцыямі.

Магчыма, усё гэта простае супадзеньне — згаданая нарада ў Лукашэнкі па вайсковых пытаньнях плянавая, насьпелі розныя праблемы, якія патрабуюць абмеркаваньня, кшталту плянаваных восеньню беларуска-расейскіх вучэньняў. Можа. Але вельмі ж усё сымбалічна.
Такім чынам, палітыка эканоміі дзяржбюджэту дасягнула і вайскоўцаў.

Некалькі словаў пра зьмест абмеркаваных пытаньняў, якія згадваюцца ў куртатай афіцыйнай справаздачы. «Чужога салдата мы і наш народ карміць не павінны», — з патасам адзначыў кіраўнік дзяржавы. Гэта мае азначаць прыярытэтнасьць вайсковых спраў у дзяржаўнай палітыцы. Аднак па ўсім выглядае, што карміць асабліва няма чым. Бо, акрамя вядомага эўфэмізму пра «аптымізацыю фінансаваньня», было адкрыта сказана пра «скарачэньне колькасьці Ўзброеных Сіл». Плюс патрабаваньне прадаваць састарэлае ўзбраеньне. Такім чынам, палітыка эканоміі дзяржбюджэту дасягнула і вайскоўцаў.
Кожную лічбу, якую называе Лукашэнка, трэба абавязкова пераправяраць.

Лукашэнка мімаходзь адзначыў, што цяпер колькасьць беларускага войска складае 100 тыс. Што вельмі дзіўна. Бо вядома (гэтая лічба не сакрэтная), што насамрэч штатная колькасьць беларускіх Узброеных Сіл — 60 тысяч: 48 тысяч ваеннаслужачых i 12 тысяч цывільнага пэрсаналу. Гэта лішні раз пацьвярджае вядомы прынцып, што кожную лічбу, якую называе Лукашэнка, трэба абавязкова пераправяраць.

З вуснаў кіраўніка дзяржавы прагучала яшчэ адна важная фраза, якую можна інтэрпрэтаваць па-рознаму: «Міністэрству абароны стаўлю задачу прыступіць да практычнай рэалізацыі дасягнутых з Расейскай Фэдэрацыяй дамоўленасьцяў па авіяцыі і сыстэмах супрацьпаветранай абароны... з улікам вынікаў нядаўніх сустрэч зь міністрам абароны Расеі і нашых дамоўленасьцяў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным».

Тут гаворка можа ісьці пра тры пытаньні. Па-першае, дасюль ня вырашаная праблема стварэньня адзінай з Расеяй сыстэмы супрацьпаветранай абароны (СПА). Усе дамовы падпісаныя, ратыфікаваныя, засталася драбніца: прызначыць камандуючага аб’яднанымі сіламі СПА. Бяз гэтага ўсе дамоўленасьці застаюцца на паперы. Але праблема вісіць ужо чатыры гады.
Лукашэнка імкнецца паскорыць абяцаную Расеяй пастаўку ў Беларусь новай партыі зэнітна-ракетных комплексаў «С-300».

Па-другое, пытаньне разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі ваеннай авіяцыйнай базы РФ. Пакуль на гэтую тэму разважаюць толькі расейскія вайскоўцы. Лукашэнка дасюль пра авіябазу фактычна маўчаў. Ці можна гэтыя ягоныя словы разумець як пачатак практычнай рэалізацыі гэтых плянаў Расеі? Магчыма. Трохі бянтэжыць тое, што ён так лёгка згадзіўся абмежаваць сваю ўладу над краінай у такім важным для яго вайсковым пытаньні, не запатрабаваўшы ад Масквы вялікую плату.

Па-трэцяе, магчыма, Лукашэнка імкнецца паскорыць абяцаную Расеяй пастаўку ў Беларусь новай партыі зэнітна-ракетных комплексаў «С-300».

Цалкам верагодна, што ўсе гэтыя пытаньні будуць вырашацца адначасова, адзіным пакетам узаемных дамоўленасьцяў. І калі тут сапраўды зьявіцца расейская авіябаза, то ўсё ж давядзецца беларусам карміць чужога салдата.