108 дзён у засьценках КДБ: сон пра Міхалевіча, лісты вяртаюцца, лекцыя «Лукашызм на экспарт»

Дзьверы цэнтральнага будынку КДБ у Менску

Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

20 лютага, нядзеля

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Гэтай ноччу мне прысьніўся сон. Дзіўны. Зачапіў. На волі сны рэдка заставаліся ў нераце маёй памяці. Раніцай ледзь расплюшчыш вочы, ногі ўжо нясуць цела. Справы наслойваюцца на праблемы. Праблемы чаргуюцца са справамі. Але ў «амэрыканцы» нешта недзе замкнула, і сны пайшлі на запіс. Вось і гэтым разам сон быў поўнамэтражны, выразны і з галавакружным сюжэтам. Падзеі адбываліся ў далёкім замежжы. Амэрыка. Лос-Анджэлес. Вялізная канфэрэнц-заля, запоўненая па самыя берагі. Мужчыны ў гальштуках, дамы ў строгіх строях. Заля варушыцца і гудзе, потым выбухае аплядысмэнтамі. Успышкі, блікі. На подыюм падымаецца... Алесь Міхалевіч. Тут жа, у сьне, я пачынаю разважаць і спрачацца сам з сабой. Не магу зразумець, чаму ён, самы ціхі з кандыдатаў у прэзыдэнты, які найбольш фліртаваў з уладамі, — тут, у цэнтры ўсеагульнай увагі. Міхалевіч гаворыць пра злачынствы рэжыму, пра падзеі 19 сьнежня. Энэргічна так гаворыць, правільна. Пра несумленныя выбары, пра грубы, жорсткі разгон людзей на плошчы. І зрывае авацыі.

Прачнуўшыся, яшчэ доўга зьбіраў лега з дэталяў сну. Да чаго б усё гэта? Вячэра была нібыта сьціплая і аскетычная. І нельга сказаць, што на працягу дня была перадазіроўка эмоцыяў і ўражаньняў. Было ясна, што нічога ня ясна. І маіх ведаў відавочна недастаткова, каб прачытаць гэты сон. Нават між радкоў. Можа, перавядуць у адну камэру з Алесем? А чаму не? Так да суду я з усімі фігурантамі справы пагутару.

Алесь Міхалевіч абдымае жонку пасьля вызваленьня з турмы КДБ



* * *

Бывала і горш. Значна горш. Гэта да пытаньня: як справы, Анатоль? Апошнімі днямі быў эмацыйна ўзьвінчаны. Чаканьне невядомасьці напружвае. Не чалавек, а клубок аголеных нэрваў. А голы — значыць, неабаронены. Але пасьля таго, як заўчора тэрмін майго знаходжаньня ў «амэрыканцы» падоўжылі, напал чаканьня спаў. Наперадзе яшчэ некалькі месяцаў у СІЗА. І цяпер зьявілася пагроза: каб з вышыні чаканьня не зваліцца ў бездань абыякавасьці і апатыі. Патрэбныя нейкія нетрадыцыйныя захады. Трэба нешта мяняць. Але што і як? Прымаю рашэньне ў бліжэйшы аўторак пусьціць пад нож сваю бараду.

А пакуль давялося тармасіць Каранеўскага, якога апанавала гэтая самая хандра. Відаць было, што яму зусім нядобра. Ігар распавядаў пра малога сына, а вочы вільготныя. Здавалася, яшчэ крышачку, і адтуль ліне ўся туга і ўсе перажываньні, што назьбіраліся за гэты час. «Ён чакаў мяне кожны вечар. Я распавядаў яму казку, а ён цягнуў мяне пад коўдру, прыгаворваючы: «Плячься, папа, а то вольк нас скусает!» Відаць, паток усё ж прарваў плаціну, бо Ігар змоўк і на нейкі час уткнуўся ў сьцяну.

Прыйшлося распавесьці некалькі забаўных гісторый з свайго турэмнага мінулага. Напрыклад, як на адной з сустрэч я настойліва раіў начальніку Акрэсьціна не чапаць рамонтам хоць адну камэру Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў. Гэта трэба пакінуць для гісторыі. А там і праўда было на што паглядзець. Пасьля масавых затрыманьняў у пазамінулую прэзыдэнцкую кампанію да нас у камэру прабіўся кіраўнік місіі АБСЭ ў Беларусі Ёка Пэтэрсан. Гэта было поўнай, але прыемнай неспадзяванкай. Немагчыма перадаць рэакцыю швэда. Камэра перапоўненая настолькі, што ўначы маглі спаць толькі на баку і пераварочваліся па агульнай камандзе. Жудасны смурод з прыбіральні. Абсыпаны са сьцен тынк. Нямытыя чалавечыя целы. Калі мы сустрэліся зь Ёка ўжо па маім вызваленьні, ён не стрымаў сьлёз.

Турма на вуліцы Акрэсьціна



Мае гісторыі зь мінулага, здаецца, паспрыялі псыхалягічнай рэабілітацыі. Прынамсі, ужо праз гадзіну Ігар дэманстраваў гатоўнасьць стойка пераносіць нягоды і нястачы, якія так нечакана зваліліся на яго і ягоную сям’ю.

Крызіс настрою — і ў звычайным жыцьці зьява распаўсюджаная, а тут і пагатоў. Галоўнае, умець гэтым працэсам кіраваць і не дазваляць яму душыць усё астатняе.

ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





21 лютага, панядзелак


Сёньня атрымаў ліст. Свой жа, напісаны ў пятніцу і перададзены сёньня дзяжурнаму. Не прайшоў цэнзуру. Нечая рука падкрэсьліла наступныя радкі: «Тым больш, што ніякіх працэсуальных дзеяньняў са мной зь мінулага году не праводзіў ніхто. Як бы нікому не патрэбны. Пытаньняў да мяне няма, але і на волю не адпускаюць. Такое адчуваньне, што я рэч для нейкага бартэру».

Кожнае напісанае слова — праўда! Бо сапраўды аблічча сьледчага расфакусавалася ў маёй памяці да нейкай размытай плямы. Маіх сукамэрнікаў каго часьцей, каго радзей, але адпраўляюць калі не на душэўную гутарку са сьледчым, то на размову з адвакатам. У мяне ж сытуацыя больш чым дзіўная. Сьледзтва дэманструе поўную адсутнасьць цікавасьці да маёй пэрсоны, а адвакатаў трымаюць ад мяне на дыстанцыі. І гэта таксама зразумела. Перакрыты ледзь не адзіны і, здавалася б, гарантаваны канал інфармацыі. Няма зносін — няма інфармацыі. Ні туды, ні назад. Няма інфармацыі, ёсьць нявызначанасьць, няўпэўненасьць, трывога. Я нэрвуюся, яны ўхмыляюцца.

Улады сталі закладнікамі сытуацыі, якую стварылі сваёй галавой, сваімі рукамі. У неўтаймоўным жаданьні расправіцца з апанэнтамі, прыціснуць іх, зьняважыць, растаптаць яны пайшлі на рэстаўрацыю парадку і ўзнаўленьне працэдур часоў гітлераўскай Нямеччыны і сталінскага СССР. Праўда, на невялікай, закрытай тэрыторыі. Калі мэханізм быў запушчаны, калі палітвязьні і ўсе астатнія арыштанты «амэрыканкі» былі аддадзеныя ў поўнае распараджэньне схаванага пад маскамі «эскадрону страху», паўстала пытаньне, як не дапусьціць працёку інфармацыі пра тое, што адбываецца ў сьледчым ізалятары КДБ. Як вынік — шматлікія табу і забароны. На кантакты з адвакатам, на карэспандэнцыю, на магчымасьць апэляцыі ў пракуратуру.

Праўда стала праблемай для ўлады. І яе, як і нас, ізалявалі ад людзей, ад грамадзкай думкі. Для цяперашняй быдлячай улады праўда — гэта наагул адзін зь лютых ворагаў. Гэта значыць толькі адно: калі ўсё трымаецца на хлусьні, падмане, фальсыфікацыях і маніпуляцыях, то праўда — гэта выгнаньніца, гэта істота, пазбаўленая ўсіх правоў.

Мы ня толькі палітзьняволеныя «амэрыканкі», мы яшчэ і тавар. Для продажу, для бартэру. На нас пакуль яшчэ няма цэньнікаў, але гэта пытаньне часу. Такая практыка папярэдніх гадоў, і няма падстаў сьцьвярджаць, што зараз будзе па-іншаму.

Мала таго, што тыя, хто сядзіць у «Чырвоным доме», хочуць, каб усе маршыравалі шыхтам, яны яшчэ жадаюць кіраваць нашымі думкамі.

Адвярнуўшыся да сьцяны, невялікім цьвіком надрапаў «Свабоду слова!» Сваім пратэстам застаўся задаволены. Нам патрэбны маленькія перамогі незалежна ад нашага месцазнаходжаньня і палітычнага календара.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





22 лютага, аўторак


Здаецца, пазбыўся балячак. Зарадка прайшла паводле формулы 1000—200—580. Нядрэнна! Тысяча практыкаваньняў на прэс, дзьвесьце — брусы, 580 адцісканьняў ад падлогі. Дарэчы, пра брусы. Каб хто не падумаў, што ў камэрах «амэрыканкі» стаяць спартовыя трэнажэры, растлумачу. Функцыю брусоў выконвае жалезная акантоўка двух верхніх нараў. Спачатку адчуваеш пэўныя нязручнасьці, бо жалеза ўпіваецца ў далоні, але потым звыкаеш і маеш толькі станоўчыя эмоцыі.

Шчыра кажучы, калі ўлічыць стан майго арганізму, я не разумею, як мне ўдаецца так інтэнсіўна займацца. Хутчэй за ўсё, гэта ідзе насуперак усталяваным правілам і рэкамэндацыям. Але бываюць сытуацыі, калі правіла і выключэньне мяняюцца месцамі. Цяпер я ведаю, так бывае.

* * *

Разам з усімі палашчу горла вадой зь ёдам. Раніцай і ўвечары стаім, задраўшы галаву, і выдаём гартанныя гукі.

Г-р-р-р-р.

Зь дзяржавай ніякага ліставаньня не вяду. Ня бачу ў гэтым сэнсу. Выключэньне — адміністрацыя СІЗА. Але гэта вымушаная неабходнасьць
Да абеду дачытаў «Зоркі над балотам» Пікуля. Потым прыступіў да другой кнігі «На задворках вялікай імпэрыі». Тэмп чытаньня перарывісты. Падсьлепаватае сьвятло самотнай лямпачкі прымушае рабіць перапынкі, якія запаўняю пісаньнем лістоў і практыкаваньнямі ў рыфмаваньні.

Зь дзяржавай ніякага ліставаньня не вяду. Ня бачу ў гэтым сэнсу. Выключэньне — адміністрацыя СІЗА. Але гэта вымушаная неабходнасьць.

Ад хандры знайшоў «абязбольвальнае». Як толькі нойдзе маркота, вымаю з пакета і перачытваю тры лісты і дзьве запіскі, атрыманыя з дому. Дзейсныя лекі.

Тэма сёньняшняй вечаровай дыскусіі тычыцца ня толькі бэтонных муроў «амэрыканкі». Гутарым пра тое, як здарылася, што ў цэнтры Эўропы існуе такі бэтонны, аўтарытарны рэжым.

Мая бясплатная лекцыя на тэму «Лукашызм як экспартны тавар на міжнароднай арэне» авацыяў ня выклікала, але аўтарытэту дадала. Перадаю амаль даслоўна.

* * *

Лукашызм», які ўяўляе сабой сумесь камунізму, фашызму і лацінаамэрыканскага папулізму, — галоўны экспартны тавар беларускага рэжыму. Ён карыстаецца вялікай папулярнасьцю на постсавецкай прасторы
Міжнародная супольнасьць відавочна недаацэньвае «беларускую праблему». Для многіх палітыкаў беларускае пытаньне — ня пункт эўрапейскага парадку дня, а так, лякальная праблема, якая не выходзіць па-за межы тэрыторыі Беларусі. Гэта памылка. Беларусь надалей застаецца экспэрымэнтальнай лябараторыяй па вытворчасьці і распаўсюджваньню нэааўтарытарнай ідэалёгіі — «лукашызму». «Лукашызм», які ўяўляе сабой сумесь камунізму, фашызму і лацінаамэрыканскага папулізму, — галоўны экспартны тавар беларускага рэжыму. І, трэба прызнаць, ён карыстаецца вялікай папулярнасьцю на постсавецкай прасторы. Тое, што Беларусь прайшла восем-дзесяць гадоў таму, у той ці іншай форме сёньня ўзнаўляецца ў Расеі і іншых постсавецкіх рэспубліках. Гэта небясьпечная тэндэнцыя, і ў сталіцах цывілізаваных дзяржаў яе наступствы да канца не пралічваюцца.

(Пры слове «лукашызм» Сан Саныч напружыўся, а Ігар закруціў галавой. Я ж увайшоў у ролю.)

У Беларусі ўжо шмат гадоў ідзе паўнавартасная «халодная грамадзянская вайна». Малалікая група людзей (клан Лукашэнкі) трымае пад кантролем дзяржаву і зь яе дапамогай зьнішчае любую альтэрнатыву. Нэасавецкая дзяржава ўзурпавала ўсе правы грамадзян. Укаранілася манаполія дзяржавы (клана Лукашэнкі) на палітычны, эканамічны і сацыяльны сэктары. Адсутнічае грамадзкая дамова. Мае месца прававая няроўнасьць: Лукашэнка, а не незалежныя суды, прызначае вінаватых. Грамадзяне фактычна не бяруць удзелу ў кіраваньні дзяржавай. Улада не абнаўляецца. Усталявана фундамэнтальная аўтарытарная ўлада «прэзыдэнта» Лукашэнкі, пры якой ён знаходзіцца 16 гадоў.

Лукашэнка дэ-факта і дэ-юрэ забараняе любую палітычную канкурэнцыю. Уся апазыцыя выціснутая ў пазасыстэмныя нішы і ня мае магчымасьці быць абранай у мясцовыя і рэспубліканскія органы ўлады. Любая палітыка-сацыяльная альтэрнатыва зазнае сыстэмны ціск з боку спэцыяльных службаў, паўнамоцтвы якіх надзвычайныя і дазваляюць агентам без адпаведных судовых рашэньняў сачыць за любым грамадзянінам і арыштоўваць любога.



За 16 гадоў свайго кіраваньня Лукашэнка стварыў жорсткі аўтарытарны рэжым з украпінамі дыктатуры. Гэткі Савецкі Саюз у мініятуры, які геаграфічна разьмясьціўся ў самым цэнтры эўрапейскага кантынэнту. Гэты факт толькі ўзмацняе жаданьне зразумець, у чым жа сакрэт палітычнага даўгалецьця рэжыму, які ёсьць адкрытым выклікам усёй Эўропе. Рэжым гэты трымаецца на трох кітах. Па-першае, на страху. І гэта не спэцыфічна беларускае ноў-хаў. Гэта эфэктыўная зброя ўсіх таталітарных рэжымаў, на якую Лукашэнка зрабіў галоўную стаўку. Маленькі, але вельмі паказальны штрых. Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе ў спэцслужбаў засталася ранейшая абрэвіятура — КГБ. Адзін гэты факт не дазволіць устаць з каленяў мільёнам беларусаў, якія вырасьлі пры савецкай сыстэме.

Па-другое, фінансава-эканамічная залежнасьць насельніцтва ад улады. Каля 80 працэнтаў грамадзян свае зарплаты, пэнсіі, стыпэндыі атрымліваюць у Лукашэнкі. Людзі пазбаўленыя альтэрнатывы, іх ставяць у жорсткую залежнасьць ад улады. Яшчэ адзін штрых да партрэта беларускай рэчаіснасьці. У сярэдзіне 90-х, калі па краіне пракацілася першая хваля судовых працэсаў над апанэнтамі ўлады, было нямала судзьдзяў, якія адмаўляліся выносіць палітычна матываваныя судовыя рашэньні. Але тады ў людзей у чорных мантыях была альтэрнатыва: у выпадку адміністрацыйнага ціску яны маглі сысьці ў прыватны натарыят або адвакатуру. Лукашэнка тут жа выдаў указ, які практычна зьнішчыў прыватную адвакатуру і натарыят. І судовы канвэер запрацаваў без аніякіх збояў. Тэлефоннае права ператварыла судовую сыстэму ў аддзел адміністрацыі Лукашэнкі.

А я цяпер не дзіўлюся, чаму ты, Анатоль, у „амэрыканцы“, а ня дома
Па-трэцяе, штогадовы энэргетычны грант з Расеі, які да нядаўняга часу складаў каля 8 мільярдаў даляраў. Гэта дазваляла беларускаму кіраўніку ажыцьцяўляць сацыяльны подкуп значнай часткі насельніцтва Беларусі. І нягледзячы на тое, што дабрачыннасьць Крамля апошнім часам крыху зьмізарнела, тым ня менш за кошт рознасьці цэнаў на энэрганосьбіты «Чырвоны дом» працягвае атрымліваць вялізныя сумы. Цалкам відавочна, што бяз гэтай сур’ёзнай фінансавай падтрымкі рэжым Лукашэнкі ня змог бы існаваць так доўга.

Калі рэзюмаваць рэакцыю нешматлікай, але ўважлівай публікі, то яна зводзіцца да дзьвюх фраз: «Ну ты, Правадыр, даеш!» і «А я цяпер не дзіўлюся, чаму ты, Анатоль, у „амэрыканцы“, а ня дома».

* * *

Дзень цырульніка. Два месяцы істотна зьмянілі маё зьнешняе аблічча. Гляджу ў люстэрка і стараюся захаваць сябе ў файле памяці. Доўгія валасы. Вяртаньне ў далёкае студэнцкае мінулае. Барада — гэта ўжо з сучаснасьці. Такой я ніколі не адгадоўваў. Праўда, нешта падобнае назіралася на маім твары, калі адразу па заканчэньні ўнівэрсытэту быў на лесасплаве ў Пермскім краі. Тады мяне таксама не было два месяцы, але ў кішэні ляжаў зваротны білет, у якім з дакладнасьцю да хвіліны быў пазначаны час вяртаньня. А тут — два месяцы зь невядомай пэрспэктывай. Як кажуць у Адэсе, адчуйце розьніцу.

Цяпер мой люстраны адбітак — такі сабе палявы камандзір Налібоцкай пушчы часоў праўленьня Аляксандра з-пад Шклова. Меў намер такім і паўстаць перад роднымі і паплечнікамі па партыі. Але, відаць, ня лёс. Патрэбныя перамены і абнаўленьне. А што мяняць? Самае простае — згаліць бараду.

Плястыкавы кубачак з гарачай вадой. Аднаразовы станок. Балёнчык зь пенай. Гляджуся і нейкі час не наважваюся. Але вось узмах памазком — валасяныя зарасьці пакрыліся бельлю. Праводжу лязом раз, другі, трэці. Лязо не бязь цяжкасьці адрывае валасы ад скуры. Добры дзень, а вы, уласна, хто?

Меркаваньні падзяліліся. Каранеўскаму абноўлены Анатоль Лябедзька спадабаўся, а вось барадаты Раманоўскі сказаў, што ў ранейшым вобразе было больш брутальнасьці і мужнасьці. Гэта і ёсьць плюралізм думак. Як на мяне, дык нічога, хіба што скура нейкая бледная. Але гэта непасрэдны вынік адсутнасьці сонца і сьвежага паветра.

* * *

ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





Атрымаў ад Антаніны Кавалёвай віншавальную паштоўку з Днём абаронцы Айчыны. Наагул, гэтае савецкае сьвята я не адзначаю чырвоным колерам у сваім календары. Але цяпер — зусім іншая рэч. Паштоўка з офіса, літаральна пару слоў віншаваньня, прыйшла зусім нечакана. Гэта першае пасланьне ня з дому. Прыемна! Пэрспэктыўна! Можа, за гэтым ручайком адбудзецца прарыў інфармацыйнай плаціны? І будзе зьнятая забарона на карэспандэнцыю, накіраваную на адрас: г. Мінск, Галоўпаштамт, а/с 8, Лябедзьку Анатолю?

Але далейшыя развагі былі не такія аптымістычныя. Хутчэй за ўсё, сьцісласьць тэксту абяззброіла і падкупіла цэнзара. Дый сьвята такое, вельмі ўжо набліжанае да пагонаў нашых прыгнятальнікаў. Так што гэта ня зьмена маршрутаў карэспандэнцыі, гэта дакладнае пападаньне ў слабую кропку і псыхалягічны нэрв сыстэмы і цэрбэраў, якія яе ахоўваюць.

У мяне ёсьць вялікае падазрэньне, на мяжы з упэўненасьцю, што нейкі падвал СІЗА завалены мяхамі зь лістамі, якія не дайшлі да палітвязьняў «амэрыканкі». Заплюшчваю вочы і ўяўляю, як з паштамта дастаўляюць у СІЗА некалькі цюкоў карэспандэнцыі. Гэта нэрвуе Арлова і ягоных паплечнікаў. Яны глядзяць на мяхі з роспаччу і злосьцю. А заўтра ўсё паўтараецца.


Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом

Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы

Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль

Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс

Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі

«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра

Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом

Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны

Чырвоная паласа, біяграфія пабояў, фільм пра фонд Маршала

Цырульня за кратамі, парады парадзіхам, Правадыр Лябедзька

Пра Чаргінца, казіно ў «амэрыканцы», «Саўбелія» шырокага ўжытку, канцлягер і прытон пад адным дахам

Партрэты турэмнікаў, Бальзак замест кавы, «Анатоль, танцуй!», Яроменак у камэры

Салідарнасьць Яроменка, пра Сьнегіра, у войска па блату

Маёр Вазьняк, жудасныя маразы, Арастовіч сышоў, чарговы «алігарх»

Акліматызацыя Каранеўскага, сьмех з камэры катаваньня, яшчэ 5 месяцаў за кратамі, «Не коверкайте белорусский язык!»