Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».
5 лютага, субота
Анатоль Лябедзька
Анатоль ЛябедзькаНарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.
Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.
Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).
Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.
За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.
Жанаты, мае сына.
Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.
Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.
6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.
23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.
Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Пра сябе магу сказаць са стоадсоткавай пэўнасьцю, што ніколі б не пайшоў працаваць сюды. Ні за якія пернікі. Але ж нехта павінен рабіць і гэтую працу. Зрэшты, тое, што адбываецца вакол нас і з намі, гэта ўжо ня праца, гэта нешта з арсэналу вайны ці прыёмаў барацьбы без аніякіх правілаў.
Вось жа, давайце пазнаёмімся. Адміністрацыя СІЗА. Ху із ху? Ну, з Арловым усё зразумела. Здаецца, гэтая праца яму сапраўды даспадобы. Ня раз быў заўважаны ў «амэрыканцы» нават у выходныя. Ён тут і бог, і воінскі начальнік. Гэткі Лукашэнка ў мініятуры. Чалавек-матрошка. Такі імпэт ня можа застацца незаўважаным і павінен быць узнагароджаны. Мне здаецца, я нават упэўнены, што як толькі скончыцца ўся гэтая сумятня, Арлоў сыдзе. Ён чалавек-спэцзаданьне. Хутчэй за ўсё, перасядзе на жэрдку вышэй. Так што быць Арлову на добрай пасадзе. Праўда, калі новае спэцзаданьне не падвернецца.
З намесьнікамі Арлова разабрацца пакуль не магу. Гэта непублічныя людзі. Выключэньне — Палкоўнік. І па званьні, і па мянушцы. Ён, здаецца, займаецца гаспадарчымі пытаньнямі. Сярэдняга веку, мажнага целаскладу. Няшумны. Яму пасуе ўсьмешка. Кажуць, да ўвядзеньня ў СІЗА «надзвычайнага становішча» ён усьміхаўся значна часьцей. Пару разоў заступаў на зьмену ў якасьці дзяжурнага.
А цяпер партрэтная галерэя дзяжурных па СІЗА.
Адзін у званьні прапаршчыка — Віктар Віктаравіч, або Чыкага Булз. Высокі, чарнявы, сымпатычны мужчына. Часам можа нават пажартаваць. Дэманструе ўменьне слухаць, прынамсі зьнешне. У адрозьненьне ад іншых пры абходзе не таўчэцца каля дзьвярэй, а чаканіць два-тры страявыя ўглыб камэры, тым самым як бы скарачаючы дыстанцыю паміж сабой і намі.
Другі — у званьні старшага лейтэнанта. Малады чалавек, які хоча выглядаць старэйшым, чым пазначана ў пашпарце. Старанны служака. Добры на падхваце. Начальства цэніць такіх. «Чаго жадаеце?» — і стук абцасікаў.
Трэці — капітан, або Ганс, здаравеннае, перакормленае медзьведзяня. Аб’ект жартаў і досьціпаў. Чалавек настрою. Але той чамусьці зь ім не сябруе.
Яшчэ адзін капітан — Міхаіл Іванавіч, невысокі сьветлавалосы негаваркі таварыш. Такі растворыцца ў натоўпе — і не заўважыш. Скажа, і не адразу зразумееш, чыя гэта думка.
На кожнай зьмене, акрамя дзяжурнага, яшчэ чатыры кантралёры. Яны ў сталым кантакце з падсьледнымі. Выводзяць на шпацыр, у туалет, раздаюць ежу, праводзяць асабісты агляд, назіраюць, кантралююць. У асноўным гэта маладыя людзі 25–35 гадоў. А яшчэ ў абавязкі кантралёра ўваходзіць кожныя 15 хвілін падглядваць у дзьвярное вочка. У іх няма ідэнтыфікацыйных бірак, толькі зялёны камуфляж. Затое ў кожнага ёсьць мянушка. Прычым, як правіла, адных і тых жа кантралёраў кожная камэра называе па-рознаму. Да прыкладу, сёньня на зьмене Баптыст, Васіль, Вадзік, Дыджэй.
У дваіх, трэба разумець, сапраўдныя імёны, дадзеныя бацькамі пры нараджэньні. Баптыст — малады, вонкава сымпатычны хлопец, але адзін з асноўных прэтэндэнтаў на тытул «Галоўная сволач СІЗА». Васіль — весялун і жартаўнік, але, як і Баптыст, разам з маскамі бярэ актыўны ўдзел у стадных оргіях. Вадзік — невысокі, чарнявы, з круглявымі формамі. Негаваркі, ва ўчынках залежыць ад настрою. У зьдзеках актыўнасьці не праяўляе. Дыджэй старэйшы за сваіх таварышаў па зьмене і найбольш адэкватны з усёй чацьвёркі. У імпэце насаліць і напаскудзіць не заўважаны. Калі іншыя шалеюць ад усёдазволенасьці, гэты лепш пабудзе ўбаку. Яго можна пра што-небудзь папрасіць, напрыклад, даць кіпяцільнік або таблетку ад болю, і пры гэтым не нарвацца на хамства і абразы. Аматар музыкі — адсюль і мянушка. Ягоныя зьмены самыя музычныя: можна пачуць і Шаўчука, і Цоя, што, безумоўна, выклікае сымпатыю.
* * *
Сан Саныч сёньня зноў «паміраў» і патрабаваў лекара. Дайшло да таго, што дзяжурны прыйшоў з апаратам мераць ціск і на нейкі час ператварыўся ў сястру міласэрнасьці. Раманоўскі міма свайго ня пройдзе — лекі, кіпяцільнік і ашчадны прагон праз «камэру катаваньняў». З паршывай авечкі хоць воўны жмут.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
6 лютага, нядзеля
Новы дзень — новая зьмена. Кантралёры заступаюць на дзяжурства а шостай раніцы, і нейкі час у СІЗА знаходзяцца адначасова дзьве зьмены. Сёньня самая адэкватная: Раман-малодшы, Раман-старэйшы, Малады, Капцёршчык.
Капцёршчык — адкрыты каньюнктуршчык і кар’ерыст. Трымае нос па ветры. У прысутнасьці начальства крыклівы і прыдзірлівы, у каапэрацыі з маскамі паводзіць сябе разьвязна і цынічна
Раман-малодшы з таго ж цеста. Да сёньняшняга дня ня бачыў яго датычным да ніводнай подласьці, да ніводнай несправядлівасьці. Здаецца, ён імкнецца жыць паводле правілаў, якія да 19 сьнежня віселі ў кожнай камэры. І гэта яму ўдаецца. Малады вонкава вельмі падобны да Рамана-старэйшага. Мне часам здаецца, што гэта яго сын. Як правіла, яны ў адной зьмене. На ўсё, што адбываецца вакол, ён глядзіць шырока расплюшчанымі вачыма.
Капцёршчык — адкрыты каньюнктуршчык і кар’ерыст. Трымае нос па ветры. У прысутнасьці начальства крыклівы і прыдзірлівы, у каапэрацыі з маскамі паводзіць сябе разьвязна і цынічна.
Калектыўны партрэт кантралёраў будзе няпоўны без апісаньня яшчэ адной зьмены: Цыбаты, Вялікі, Якут, Лысы.
Першыя два — закончаныя флегматыкі. Здаравенныя дзецюкі, у рэжыме раскладанкі — пад два мэтры кожны. Прымітыўныя і старанныя. У параўнаньні з тым жа Баптыстам ня шкодныя, але калі загад атрыманы, то будуць рыць. Нетаропка, але старанна і пільна.
А вось у барацьбе за тытул самага шкоднага кантралёра «амэрыканкі» канкурэнцыю любому можа скласьці Якут. Несамавітага выгляду, шырокі ў касьцях, вузкавокі. І бясконца злы.
Нарэшце, Лысы. Ён доўга быў за капцёршчыка. Насіў перадачы, а гэта, трэба разумець, прывілеяваная функцыя. Нічым надта не вылучаецца — так, ні тое, ні сёе. Хіба што вонкава запамінаецца: лысы чэрап, як голае калена.
Ёсьць яшчэ жанчына ў зялёным. Яна, здаецца, стаханаўка і шматстаночніца: і сакратар-справавод пры начальніку СІЗА, і паштальён, і канваір падсьледных жанчын. Вонкава прыемная бялявая жанчына. Але як яна можа працаваць, жыць, дыхаць у гэтай агіднай, сьлізкай сыстэме, дзе лёгка зрабіць хібны крок, дзе можна хутка стаць чэрствым мярзотнікам?! Ня ведаю, але пра гэта думаю.
Ёсьць яшчэ і байцы нябачнага фронту — цэнзары. На іх у мяне, здаецца, самы вялікі зуб. Я іх ня бачу, але адчуваю. Уяўленьне чамусьці малюе такога таўстамордага, раскормленага лысага таварыша. Над верхняй губой шчотачка вусоў, на буйным мясістым носе — пэнснэ. Зрэшты, якія накіды ні рабі, на партрэце ўсё роўна выходзіць Лаўрэнцій Берыя.
* * *
Выходжу з хваробы. Гэта мой новы рытм жыцьця — увайсьці, каб выйсьці. І як мага хутчэй. Зноў уваходжу ў стан хваробы і зноў зь яго выкараскваюся. Ніколі ў жыцьці зь мяне не вылазіла столькі балячак, колькі тут, у СІЗА. Як толькі робіцца лепш, даю арганізму фізычную нагрузку. Па поўнай праграме. Напэўна, гэта насуперак усялякім правілам і мэтодыкам, але тут я сам сабе рэжысэр.
* * *
Чытаю Бальзака і знаходжу паралелі з днём сёньняшнім. Глытаю Анарэ маленькімі глыточкамі. Як каву. Цешуся стылем. Часам нават забываю, дзе я. Гэта хвіліны, але дзякуй богу, што яны ёсьць, бо, выйшаўшы са сьвету віртуальнага, ты знаходзіш сябе там, дзе ня хочацца быць і хвіліны. Бальзак — пісьменьнік з далёкага дзяцінства. Бацька сабраў нядрэнную хатнюю бібліятэку. І я чытаў запоем усё спрэс. Францускі пісьменьнік быў адным зь першых, каго я адужаў. Некаторыя апавяданьні перачытаў вось толькі цяпер, гадоў праз сорак.
* * *
Злавіў сябе на тым, што даволі доўга разглядаю таўшчыню жалезных пруткоў на акне. Цікава, за колькі хвілін я змог бы перапілаваць іх? Пры ўмове, што калі зраблю гэта за фіксаваны час, то платай будзе свабода.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
7 лютага, панядзелак
Дзень коціцца па нахіленай. У апраметную цемры. Няма пазытыву, за які можна было б зачапіцца ўвагай альбо эмоцыямі. Караскаесься да лепшага, але ўвесь час зрываесься, сасьлізгваеш альбо ў спартзалю да «сьцяны катаваньняў», альбо ў дворык для шпацыраў з шэрымі, дэпрэсіўнымі сьценамі, альбо ў бачок, дзе плаваюць мандарынавыя лупіны. Дый фізычны стан пакідае жадаць лепшага. Моцна баліць горла. Да абеду так і не ўдалося ўгаварыць ахоўнікаў прынесьці кіпяцільнік, каб закіпяціць ваду. Кожны глыток адгукаецца болем. А хандра і балячкі — слабая матывацыя, каб расчахліць асадку і перавесьці тое, што адбываецца, на мову застылых на паперы словаў і фразаў. Таму да вечара на старонцы дзёньніка, пазначанай сёньняшнім днём, усяго дзясятак радкоў...
Упершыню я не кантраляваў сябе! Душуся сьлязой. Лыпаю вільготнымі вейкамі. Мяне расьпірае ад эмоцыяў. Зрабілася горача. Фу ты!
Прынесьлі пошту. Я ўжо выпрацаваў імунітэт да гэты балючага для мяне пункту распарадку дня. У гэтыя хвіліны стараюся заняць сябе хоць нечым. Вось і цяпер, пакуль разьбіралі пачак канвэртаў, я нырнуў думкамі і рукамі ў пакет і пачаў наводзіць парадак сярод акуратна складзеных маек і шкарпэтак. Калі за сьпінай пачуў: «Анатоль, танцуй!» — нават не адразу зрэагаваў. Відаць, пачулася. Трохі насьцярожыўся, але нават не павярнуўся. Але тут калектыўны выдых зь некалькіх глотак: «Ліст, табе ліст!» Толькі тут мяне ўдарыла, страсянула.
Крутануўся вакол восі і на адлегласьці выцягнутай рукі ўбачыў даўгаваты канвэрт. Ныраю наперад, выхопліваю каштоўны чатырохкутнік. Вядома ж, я пазнаў гэты почырк. Гэта рука майго сынулі. Дрыготкай рукой разрываю канвэрт. Палавінка аркуша фармату А-4. Тры радкі.
Прывітаньне! У нас і сваякоў усё добра!
Сумуем. Любім!!!
Арцём. Сьвета.
Упершыню я не кантраляваў сябе! Душуся сьлязой. Лыпаю вільготнымі вейкамі. Мяне расьпірае ад эмоцыяў. Зрабілася горача. Фу ты! Вакол мяне шчасьлівыя твары сукамэрнікаў, і я разумею, што гэта люстэрка мяне самога. Я шчасьлівы! Божа мой, аказваецца, нават тут, у клетцы, можна адчуваць сябе абсалютна шчасьлівым чалавекам. Няхай хвіліну, няхай чвэрць гадзіны. А да гэтага было столькі пахмурных дзён, захутаных у чорны вэлюм тыдняў. І дзень сёньняшні быў ксэракопіяй папярэдніх. З шумам у вушных ракавінах, з хрыпамі ў горле, з стрэмкай тугі. І раптам такі кульбіт! Шчасьце ўвалілася ў камэру ахапкам пазытыўных эмоцыяў.
Кожныя паўгадзіны бяру ў рукі канвэрт, дастаю аркушык. Чытаю. Перачытваю. Хутка. Павольна.
Тое, што навокал, перастала для мяне існаваць. Сышло кудысьці на задворкі ўвагі. ТБ «амэрыканкі» вяшчае пра таталітарныя сэкты і шпіёнаў-здраднікаў. Але мяне сёньня тут няма. Я ў сваіх разважаньнях, я ў сваіх марах.
Часам у нас пытаюцца: што такое шчасьце? Сёньня я ведаю адказ на гэтае пытаньне!
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
8 лютага, аўторак
Узьніклі праблемы з страваваньнем. Уночы прачнуўся ад непрыемнага бурчаньня ў жываце. Потым бурчаньне зьмянілася рэзьзю. Дзіўна, раней такіх праблемаў не было. Учорашняя трапэза, у прынцыпе, нічым не адрозьнівалася ад рацыёну папярэдніх дзён. На просьбу прынесьці актываваны вугаль ахоўнікі параілі дачакацца сустрэчы зь лекарам. Чакаць давялося на бачку з мандарынавымі лупінамі. Дэманстратыўная абыякавасьць людзей у пагонах спараджае такі згустак адмоўных эмоцыяў, што яго хочацца неадкладна выплюнуць, і пажадана ў твар, што па той бок дзьвярэй. Бо тут, калі чалавек сыгналізуе пра праблему, значыць, яму сапраўды дрэнна. І што ў адказ? За табой назіраюць у адтуліну кармушкі. І калі бачаць, што ты рухаесься, чуюць, што ты можаш падтрымліваць размову, гэтым цалкам задавальняюцца. Ня ведаю, у якім стане трэба быць, каб гэтыя самцы, маладыя, здаровыя, аказалі элемэнтарную дапамогу. Проста адчынілі шуфляду і выдалі твае ж лекі. Сукі! Мярзотнікі! Зь мяне перла лаянка.
Да лекара я трапіў толькі пад абед. Раніцай абмежаваўся моцнай гарбатай, але гэта мала дапамагло. Я вінавата прасіў прабачэньня перад хлопцамі і пэрыядычна мусіў сядаць на бачок. Попыт на мандарынавыя лупіны рэзка павялічыўся.
Новы твар у камэры — заўсёды падзея. Ён — крыніца сьвежай інфармацыі і новых тэмаў для гутарак. Калі чалавек трапляе ў «амэрыканку» адразу зь «Вялікай зямлі», то ўсё ім сказанае пазначаецца як «навіна». Але, бывае, перасяляюць зь іншых камэр. Тады можна даведацца, чым жыве наш сусед або сусед суседа. Мабыць, ёсьць унутранае правіла пэрыядычна тасаваць кантынгент «амэрыканкі». У дадзеным выпадку гэтае правіла нам на руку.
Сёньня такі дзень. У нас папаўненьне. Уладзімер Яроменак. Яшчэ адзін з Плошчы. Навічок невысокага расточку, такі сабе баравічок са сьветлай шапкай валасоў. Этапаваны з аднае спэцустановы ў іншую. З Акрэсьціна ў «амэрыканку». Сьледчы, які вядзе яго справу, — з сыстэмы МУС. Выходзіць, на «Валадарцы» зусім дрэнна з койка-месцамі.
Перш за ўсё прапанавалі навічку «падсілкавацца». Адчувалася, што на Акрэсьціна сядзельцы не жыруюць. Валодзя з апэтытам грыз каўбасу, жаваў сала, храбусьцеў абаранкамі. Скончыў трапэзу — і па твары паводкаю разьлілася ўсьмешка. Твар сапраўды шчасьлівага чалавека! Ну, гэты прыжывецца і адаптуецца без праблемаў, падумаў я, гледзячы на Ўладзімера, які ўжо сядзеў за шашачнай дошкай.
Інтэграцыя ў новае асяродзьдзе — працэс няпросты, а часьцяком і балючы. Далёка ня кожны здатны адаптавацца. І палітычныя — не выключэньне. Гэта не здагадка, гэта дакладная інфармацыя, якая праточваецца празь сядзельцаў, якія мігруюць сюды-туды. За гэты час мне ўдалося скласьці ўяўленьне, у якім фізычным і маральным стане большасьць фігурантаў гучнай справы. І, магу сказаць, дыяпазон настрояў вельмі шырокі. Мне распавядалі, як вядомыя, публічныя людзі ў камэры ператвараліся ў зацкаваных, замкнёных у сабе зьвяркоў. Іншыя палка даводзілі сукамэрнікам, што на плошчы яны апынуліся зусім выпадкова. Трэція нэрваваліся так, што ледзь прытомнасьць ня трацілі.
Мне распавядалі, як вядомыя, публічныя людзі ў камэры ператвараліся ў зацкаваных, замкнёных у сабе зьвяркоў. Іншыя палка даводзілі сукамэрнікам, што на плошчы яны апынуліся зусім выпадкова
Але ні хвіліны не сумняваюся, што Ірына Халіп, Мікалай Статкевіч, Дзіма Дашкевіч, Паша Севярынец, Наста Палажанка, Дзіма Бандарэнка, Наташа Радзіна дый многія іншыя фігуранты «справы дзекабрыстаў» годна выйдуць з гэтай больш чым складанай сытуацыі. Проста я ведаю іх «крэдытную гісторыю».
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
Папярэднія разьдзелы
Ноч разарваў доўгі званок...Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»
Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй
Маскарад, першы раз у душы
І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам
«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом
Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы
Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль
Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс
Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі
«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра
Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом
Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны
Чырвоная паласа, біяграфія пабоеў, фільм пра фонд Маршала
Цырульня за кратамі, парады парадзіхам, Правадыр Лябедзька
Пра Чаргінца, казіно ў «амэрыканцы», «Саўбелія» шырокага ўжытку, канцлягер і прытон пад адным дахам