Мільён штрафу за пікет супраць расейскай авіябазы

Мікалай Гладышаў ля суду

Ленінскі суд Магілёва пакараў сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Гладышава на на 10 базавых велічыняў — гэта адзін мільён рублёў.
Судзьдзя Алена Волкава прызнала актывіста вінаватым у парушэньні закону «Аб масавых мерапрыемствах». Паводле выраку Мікалай Гладышаў 4 ліпеня правёў без дазволу гарвыканкаму пікет. Гэтым пікетам актывіст пратэставаў супраць намераў разьмясьціць у Беларусі расейскую авіябазу.

У судзе Мікалай Гладышаў сябе вінаватым не прызнаў. У сваіх тлумачэньнях ён заявіў, што ня згодны, каб у Беларусі разьмяшчаліся замежныя войскі. Сваім пікетам, казаў суду актывіст, ён бараніў нацыянальную бясьпеку краіны. Калі б у Беларусі разьмяшчаліся вайсковыя базы НАТО, даводзіў актывіст, ён усё адно б выйшаў пратэставаць, як і ў выпадку з намерам разьмясьціць расейскія базы.

«У артыкуле 18 Канстытуцыі нашай краіны сказана, што Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву нэўтральнай. Бязьядзерная зона ў нас ёсьць — а нэўтральнасьць пад пагрозай. Я выступіў супраць замежных ваенных базаў, бо лічу іх акупацыйнымі. Знаходжаньне замежных войскаў на тэрыторыі Беларусі — гэта пагроза і нам, і нашым суседзям. Бясьпека нашай краіны знаходзіцца пад пытаньнем», — тлумачыў сваю пазыцыю «Свабодзе» ў перапынку судовага пасяджэньня Мікалай Гладышаў.

На пытаньне судзьдзі, ці ведаў Гладышаў, што парушае закон, ладзячы пікет без дазволу гарвыканкаму, актывіст адказаў, што пра тое не задумаўся, але ведаў, што ён патрэбны. Актывіст патлумачыў, што зьвяртацца ў гарвыканкам па дазвол — значыць марнаваць час, бо дазволу там не дадуць.

Суду даў тлумачэньні і былы ўчастковы міліцыянт Дзьмітры Карпянкоў. Ён 4 ліпеня затрымліваў Гладышава, калі яшчэ працаваў у Ленінскім аддзеле міліцыі. Цяпер Карпянкоў беспрацоўны.

Міліцыянт убачыў пікет Гладышава, калі абыходзіў свой адміністрацыйны ўчастак. На плоце, казаў Карпянкоў, быў вывешаны плякат з надпісам «Не расейскім авіябазам на зямлі Беларусі». Судзьдзя запыталася ў Карпянкова, як тлумачыў свае дзеяньні Гладышаў:

«Ён сказаў, што спрабуе выказаць сваё меркаваньне, што ён супраць таго, каб у Беларусі разьмяшчаліся расейскія авіябазы. Я запытваў, ці ёсьць у яго дазвол на правядзеньне. Ён адказаў, што няма і гэта ягонае асабістае рашэньне. Я прапанаваў яму прайсьці ў пастарунак для разбору», — казаў Дзьмітры Карпянкоў.

Мікалай Гладышаў пікетуе Магілёўскі гарвыканкам 4 ліпеня 2013


Тое, што ў Гладышава не было дазволу гарвыканкаму на правядзеньне пікету, і стала падставаю для вынясеньня Аленай Волкавай абвінаваўчага выраку.

Мікалай Гладышаў выступіў у судзе з хадайніцтвам, каб міліцыянты вярнулі яму канфіскаваны плякат. Актывіст патлумачыў, што зьбіраецца і надалей праводзіць акцыі пратэсту без дазволу гарвыканкаму. Судзьдзя Волкава, аднак, пастанавіла плякат зьнішчыць.

У матэрыялах справы ёсьць пастанова, паводле якой у дзеяньнях Гладышава Ленінскі аддзел міліцыі ня ўгледзеў складу крымінальнага злачынства, а толькі адміністрацыйнага. Там адзначаецца, што да пікету падыходзілі людзі, якія нэгатыўна выказваліся супраць намераў разьмясьціць у Беларусі расейскія авіябазы.

Мікалай Гладышаў стаў сябрам АГП незадоўга да правядзеньня сваёй акцыі. Пікет, за які яго пакаралі, стаўся для актывіста першым публічным выступам, судзілі яго таксама ўпершыню. Абскарджваць вырак судзьдзі Волкавай у Гладышава пакуль намераў няма. Пікет актывіст праводзіў у цэнтры гораду непадалёк ад будынку гарвыканкаму.