Даруй, Ян!

Савецкія войскі ў Празе, 1968. Ілюстрацыйнае фота

Негераічныя ўспаміны. Так назваў блог пра свой удзел у савецкім уварваньні ў ЧССР у 1968 годзе старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў Валер Барташ.
24 жніўня 1968 году мотастралковы полк, у якім я служыў, перайшоў дзяржаўную мяжу ЧССР з боку Вугоршчыны. Да самых малых падрабязнасьцяў засталося ў памяці ўсё, што папярэднічала гэтаму. Невялікая паляна, акружаная хмызьняком. Шыхтаваньне асабістага складу паротна. У страі стаялі салдаты розных нацыянальнасьцяў, пераважна каўказцы, сярэднеазіяты. Нездарма нашу мотастралковую дывізію называлі «дзікай».

Камандзір зачытаў загад міністра абароны СССР, у якім гаварылася, што ў выпадку нападу дазвалялася адкрываць агонь на паражэньне. Было ціха. Думка ва ўсіх была адна — гэта сур’ёзна.

Наша рота забясьпечвала рэгуляваньне руху калёны. Рэгуліроўшчыкі са сваімі жэзламі стаялі адкрытыя і неабароненыя, і гэта ўзмацняла пачуцьцё небясьпекі. «Тэрмінова захварэў» салдат-грузін. Моўчкі, без звычайнага галасу, атрымалі патроны і зарадзілі магазыны аўтаматаў. Каманда «Па машынах!» Зараўлі рухавікі бронетранспартэраў.

старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў Валер Барташ у войску, Чэхаславакія, 1968 год



А 19-й гадзіне полк перайшоў чэхаславацкую мяжу. Бясконцай грукатлівай стальной стужкай, разьбіваючы дарожнае пакрыцьцё, рушылі танкі, самаходныя артустаноўкі — 100-мілімэтровыя САУ з латкамі на брані, якія засталіся з вайны, зэнітныя комплексы, палявыя кухні, аўтамашыны, гружаныя боепрыпасамі, аўтацыстэрны і іншае ваеннае майно. У гэты дзень пайшоў чацьвёрты год маёй службы ў арміі — жорсткая расплата за юнацкую легкадумнасьць. Наперадзе былі маршы, блякаваньне частак чэхаславацкай арміі. Насельніцтва выказвала незадаволенасьць, але збройнага супрацьстаяньня не было, і гэта чамусьці выклікала ў мяне раздражненьне.

Адзін з экспанатаў прыватнай экспазыцыі Валера Барташа, прысьвечанай падзеям у ЧССР 1968 году.

Дывізія засталася ў Чэхаславакіі, а мы, «дэмбэлі», у халодных чэхаславацкіх вагонах рушылі дадому. Памятаецца фраза сяржанта-масквіча: «Шкада, па жывых цэлях ня пастралялі».

Памежная станцыя Чоп, прыгажун Львоў — свой, але ня родны. 30 сьнежня, раньняя раніца, Сэвастопаль, вітаю, мора! Марскі патруль чатырма парамі вачэй упёрся ў мае салдацкія пагоны. Са словамі «прывітаньне, салабоны» аддаў гонар. Фізіяноміі матросаў выцягнуліся: якое хамства, ды яшчэ ад салдата. Але мічман — старшы патруля аказаўся здагадлівым хлопцам і паблажліва махнуў рукой. Вось і дом. Якой радасьцю засьвяціўся твар маці, стрыманыя бацькавы абдымкі — сын вярнуўся!

Прайшло 45 гадоў. Часам я ўключаю інтэрнэт і гляджу хроніку «Чэхаславакія-1968». Гляджу з сумам, як чалавек узгадвае маладыя гады, калі, здавалася, усё жыцьцё наперадзе. На экране бачу салдат у гімнасьцёрках, натоўпы людзей, мільгаюць твары палітыкаў… Я быў там, дзякую лёсу, што мяне не атруцілі вадой ці півам, не забілі на варце і, самае галоўнае, што не давялося мне страляць па жывых цэлях на паражэньне. Я забыўся імёны камандзіраў і салдат, я не пэрсаніфікую на сябе віну за акупацыю Чэхаславакіі, усьведамляючы, што выконваў абавязак салдата. Але ёсьць імя чалавека, якое не пакідае мяне, і я адчуваю, што вінаваты ў ягонай гібелі. Ян Палах, амаль мой аднагодак. У думках я датыкаюся рукою да каменя на Вацлаўскай плошчы ў Празе, дзе ён палыхнуў факелам Свабоды, і кажу «Прабач, Ян!»

Валер Барташ, старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча «Пагоня».



Валер Барташ, старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча «Пагоня», з жонкай Валянцінай падчас акцыі ў падтрымку палітвязьня Зьмітра Дашкевіча ў Севастопалі.



Апэрацыя «Дунай» (уварваньне ў Чэхаславакію) — увод войскаў Варшаўскага дагавору (акрамя Румыніі) у Чэхаславакію, які пачаўся 45 год таму, 21 жніўня 1968 года і паклаў канец рэформам Праскай вясны. Найбуйнейшы кантынгент войскаў выдзеліў СССР. Аб’яднанай групоўкай (да 500 тыс. чалавек і 5 тыс. танкаў і БТР) камандаваў генэрал арміі Іван Паўлоўскі.