Класкоўская прызнаная псыхічна здаровай. Прысуд — 23 жніўня

Сёньня ў Стакгольме адбылося пасяджэньне суду ў справе беларускай эмігранткі Вольгі Класкоўскай. На судзе было агучанае заключэньне псыхіятрычнай экспэртызы, паводле якой яна была прызнаная дзеяздольнай.
Прысуд будзе агучаны 23 жніўня. Пракурор запатрабава​ для Вольгі Класкоўскай 8 гадоў турмы. Са Стакгольму перадае Юлія Лапіцкі.


Лапіцкі: Вырак будзе абвешчаны 23 жніўня аб 11 гадзіне. Сёньня было канчатковае пасяджэньне суда. яго асноўная мэта была агучыць вынік псыхіятрычнай экспэртызы. Гэта адбывалася пры зачыненых дзьвярах, але выснова вядомая — у Вольгі не было знойдзены ніякіх псыхічных адхіленьняў, яна дзеяздольная і будзе несьці адказнасьць, як псыхічна здаровы чалавек.
Калі яна будзе будзе прызнаная вінаватай, яе прысудзяць да турмы, а не да лячэньня.

Пракурор пакінула ранейшае патрабаваньне — 8 гадоў турмы і кампэнсацыя ў 100 тысяч крон — гэта 15 тысяч эўра. Вольга трымалася добра, яна не зламаная. Яна спрабуе змагацца. Яна паставіла пад сумнеў усю швэдзкую сыстэму, сказала, што тое, што зараз адбываецца, гэта спроба яе забойства. Паводле яе швэдзкая сыстэма прыняла незаконнае рашэньне аб дэпартацыі, потым незаконна забралі яе дзіця, зараз спрабуюць яе згнаіць у турме. Потым яна спрабавала паставіць пад сумнеў кампэтэнтнасьць пракурора, казала, што пракурор спрабуе ёй помсьціць за тое, што яна апублікавала пра яе артыкул у інтэрнэце і ўнесла ў свой «чорны сьпіс» швэдзкіх чыноўнікаў.

Класкоўская сказала, што «пракурор устала ў позу, як дзіця». Яна некалькі разоў зьвярталася наўпрост да Гёкая Безгіна, свайго мужа (рашэньне аб іх разводзе будзе прынятае таксама ў жніўні) і пыталася: «Дзе мой сын?»

Гёкай быў вельмі спакойны, ён не адказваў на яе пытаньні. Ён сказаў суду, што зьбіраецца з сынам пераехаць і скарыстацца магчымасьцю «сакрэтнай ідэнтыфікацыі». У Швэцыі ёсьць такі сродак абароны удзельнікаў судовага працэсу — чалавек мяняе дакумэнты, ўсе свае ідэнтыфікацыйныя дадзеныя. Гёкай хоча скарыстацца такой магчымасьцю, каб Вольга ніколі не змагла знайсьці яго і іх сына.

Вольгу пакінулі пад вартай. Я размаўляла зь юрыстамі, і яны кажуць, што гэта прыкмета таго, што яе могуць палічыць вінаватай.

Адвакат сказаў мне, што Вольга была вельмі задаволеная вынікам псыхіятрычнай экспэртызы, што для яе было вельмі важна, што яе прызналі псыхічна здаровай. Адвакат таксама паведаміў, што яна мае намер абскарджваць прысуд.

Што тычыцца грамадзкай рэакцыі ў Швэцыі, то ніякага рэзанансу гэтая справа ня мае, гэта звычайная "бытавуха. Нават беларусы, якія тут жывуць, ня надта гэтай справай цікавяцца.

***

Савіных: Мы пракансультуемся з адвакатамі

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных паведаміў Свабодзе, што пры юрыдычнай магчымасьці беларускі бок будзе патрабаваць апэляцыі ў справе Вольгі Класкоўскай.

«Мы, вядома, пракансультуемся з адвакатамі. І калі адвакаты скажуць, што рашэньне можна законным чынам аспрэчыць, запатрабаваць апэляцыі альбо зрабіць любыя іншыя юрыдычныя дзеяньні, то мы можам гэта зрабіць. А калі гэта ня будзе магчымым, то зрабіць нешта для аблягчэньня лёсу Вольгі будзе нельга», — сказаў Андрэй Савіных.



Марцін Угла: Тэрмін за такое злачынства можа вельмі розьніцца

Марцін Угла

Кіраўнік швэдзкай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла лічыць, што швэдзкая сыстэма дзейнічае ў межах закону і што разбор паступова пераходзіць з этапу на этап.

«Я лічу, што зацягваньне вырашэньня лёсу Вольгі Класкоўскай у гэтым выпадку цалкам нармальнае. Тут такая працэдура, якая мае розныя этапы, вось яны і выконваюцца. Было пытаньне пра псыхалягічны стан Класкоўскай, вырашылі зрабіць аналіз. І вось на паседжаньні даецца вынік аналізу. І затым пачынаецца новы этап працэдуры. Для мяне гэта выглядае нармальным. Што да тэрміну, якія патрабуе пракурор, то за такое злачынства, калі яно было зьдзейсьнена, могуць быць як мінімальны, так і максымальны тэрмін, якія могуць вельмі розьніцца ў залежнасьці ад абставінаў», — кажа Марцін Угла.


Людміла Класкоўская: Патрабаваньне пракурора — помста Вользе за крытыку

Маці Вольгі Класкоўскай Людміла Класкоўская кажа, што зацягваньне вынясеньня судовага рашэньня — наўмыснае. Такім чынам швэдзкія чыноўнікі хочуць зламаць Вольгу, якая крытыкавала швэдзкую сыстэму і некаторых чыноўнікаў. Крытыка была зьвязаная з тым, што ёй адмовілі ў атрыманьні віду на жыхарства і прынялі рашэньне аб дэпартацыі бяз права на абскарджваньне, а пасьля адабралі сына.

«Вольга ў лістах піша, што калі пракурор Марціна Вінслув, якая патрабуе такога строгага прысуду, хадзіла ў адпачынак, было вырашана ўзяць іншага пракурора. Але Марціна Вінслув пачала пратэставаць, што яна сама хоча давесьці гэтую справу да канца. Я не разумею, як пасьля вынікаў экспэртызы, якая паказала, што Вольга здаровая і працаздольная, патрабаваць такія рэчы — 8 гадоў турмы і 100 тысяч крон штрафу. Гэты пры тым, што муж Вольгі Гёкай Безгін адсудзіў у яе алімэнты, а таксама яна павінна сплаціць дзяржаве 27 тысяч крон за роды ў шпіталі. Пракурора, які вядзе справу, Вольга крытыкавала ў сваім блогу „Швэцыя без ружовых акуляраў“. Відаць, што тая ня хоча дараваць гэтую крытыку. Таму тут такое жаданьне пасадзіць Вольгу за краты, каб прымусіць яе замаўчаць. Бо яны ж разумеюць, што на волі Вольга ня спыніцца і будзе змагацца за тое, каб неяк вярнуць сабе сына», — кажа Людміла Класкоўская.

Даведка Свабоды: Справа Вольгі Класкоўскай


Вольгу вінавацяць у «замаху на забойства альбо нанясеньне асабліва цяжкай шкоды здароўю» свайму мужу Гёкаю Безгіну.

Пра затрыманьне Вольгі Класкоўскай стала вядома 2 красавіка. Яе затрымалі ў горадзе Ханінге паблізу Стакгольма і зьмясьцілі ў турму Акэрсбэрга за 30 км на паўночны ўсход ад Стакгольма.

Некалькі гадоў таму Вольга Класкоўская атрымала статус палітычнага ўцекача ў сувязі зь перасьледам на радзіме за апазыцыйныя перакананьні. У 2011 годзе, падчас суду над родным братам, былым міліцыянтам, фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году, Вольга вярнулася ў Менск, каб падтрымаць сям’ю.

У жніўні 2011 году яна зноў зьехала зь Беларусі, выйшла ў Швэцыі замуж за мясцовага жыхара Гёкая Бэзгіна, а ў ліпені 2012 году нарадзіла сына. Дакумэнты на атрыманьне віду на жыхарства ў Швэцыі падавала двойчы: пасьля шлюбу і нараджэньня дзіцяці. У канцы студзеня 2013 году стала вядома, што ўлады Швэцыі адмовілі ёй у атрыманьні віду на жыхарства і прынялі рашэньне аб яе дэпартацыі бяз права на абскарджваньне.

6 лютага прадстаўнікі сацыяльных службаў Швэцыі забралі ў Класкоўскай малое дзіця на той падставе, што ў яе няма віду на жыхарства ў гэтай краіне і яна ня можа забясьпечыць сыну нармальныя ўмовы пражываньня. 8 лютага Класкоўская з адвакатам сустракалася з прадстаўніком сацыяльных службаў, які паведаміў, што дзіця перадалі бацьку. Дачка Класкоўскай Міраслава згодна з рашэньнем швэдзкіх уладаў таксама падлягала дэпартацыі і цяпер знаходзіцца ў Менску.