За лета ў Горадні паставілі на пастамэнт зламаны герб Рэчы Паспалітай, адрамантавалі вулічнага Хрыста і не разбурылі ніводнай камяніцы.
За апошняе, зразумела, дзякуй роднай савецкай уладзе, якая на словах называе горад «музэем», у якім каралеўскія рэчы традыцыйна нішто побач з «наганам Дзяржынскага».
Калі шчыра, Горадня астачарцела страшэнна. Пасьля Варшавы ці суседняга Беластоку – гэта вяртаньне ў глыбокую савецкую правінцыю. Дахі ў Старым горадзе мэтадычна зрабілі ўсе «пад аграгарадок», як кажа мой прыяцель. Убачыў сапраўдную сьвежую дахоўку на брыгіцкім кляштары, ажно скалануўся ад нечаканасьці.
Газэты ў адзін голас скардзяцца: у горадзе няма вулічных кавярняў. Ні кавы выпіць, ні пад’есьці: ні сабе, ні людзям. Айцы гораду, зазірніце хаця б у Беласток, колькі публікі за столікамі там на пляцы Касьцюшкі! Навокал сапраўдная архітэктура, ратуша, помнікі, душа адпачывае!
Турысты ходзяць па Горадні з пустымі страўнікамі. Водзяць небаракаў паміж савецкім танкам і аграмадным Леніным, іншых помнікаў няма! Добра хоць Хрыстос перад катэдральным касьцёлам, статую толькі што паднавілі, пафарбавалі.
Але каб ня сам касьцёл, то што яшчэ паказваць турыстам на вялізнай пустой Савецкай плошчы? Пустыя месцы, ясна: тут стаяў выносісты гатычны касьцёл Вітаўта, побач – выдатная забудова каралеўскіх часоў, за ёю ратуша і палац Радзівілаў. Усё ўзарвала родная савецкая ўлада. Дынаміту для Горадні не шкадавала ніколі. Катэдра з Хрыстом былі на чарзе, але ці то «Свабода» перадала ці «Голас Амэрыкі» аб злачынных плянах начальства, і ацалеў неспадзявана касьцельны гмах.
Здавалася б, хай дзеля турыстычнай славы ператвараецца ў летні час Стары горад у эўрапейскі, пабольш культурных падзей, відовішчаў: гурты сярэднявечнай музыкі, рыцары, вулічныя тэатральныя трупы! Дык жа не: два шэсьці толькі прайшлі – раз матросы ў цяльняшках з аркестрам, раз дэсантнікі.
Хаця я рады, калі шчыра, што няма масавых мерапрыемстваў у цэнтры. Астачарцелі перакрытыя вуліцы, уваходы на плошчы, у парк Жылібэра. Паўсюль «КПП», як іх называюць міліцыянты, прапускаюць толькі праз брамкі-мэталашукальнікі, побач з кожнай – купы ў фуражках, бэрэтах, пілётках.
А вось у той Варшаве зусім іншы, сябры, каленкор! Цяпер там адзначаюць чарговую гадавіну збройнага паўстаньня супраць немцаў, што распачалося ў жніўні 1944-га. Я трапіў выпадкова на адкрыцьцё. Насупраць музэю паўстаньня жывуць знаёмыя. З раніцы назіралі падрыхтоўку: крэслы на пляцоўцы, агароджы вакол, людзі ў цывільным, людзі ў форме. Выглядала, што чакаецца ўдзел самога прэзыдэнта Камароўскага. Але ніякіх брамак, як у нас!
Вяртаемся ўвечары са шпацыру, у мяне вялікі рукзак, ідзем уздоўж часовай агароджы. Ніхто нічога! Пакідаем рэчы, бярэм парасоны, нібы пачало імжэць. Зноў ідзем міма імпрэзы, ахоўнікі не рэагуюць. Пазьней вяртаемся з крамы, у мяне ў абедзьвюх руках торбы зь ежай. Праходзім мэтраў за дваццаць ад Камароўскага, якраз абвяшчаюць, што ён зараз ускладзе вянок да помніка паўстанцам. Ніхто нас не спыняў і тым больш не абшукваў!
А калі ў Горадні выступае на плошчы гурт казацкай песьні ці папса, цябе спыняць на кожным кроку, зазірнуць у торбу і могуць абшукаць. А калі аднойчы прыяжджаў гаспадар Карла Маркса-38 са сталіцы, да аблвыканкаму нельга было падысьці бліжэй, чым на некалькі соцень мэтраў. А ў адпачынкавай зоне побач дзяжурылі турэмныя фургоны. Адчуй розьніцу, браце!
Вырашыў я распачаць зараз наступны нумар альманаху «Новы замак» здымкам з паведамленьнем аб тым, што супрацоўнік міністэрства культуры з Варшавы Марэк Малюхнік і рэстаўратар Радаслаў Тушнё ачысьцілі гербавы картуш Новага замку, які захаваўся ў пашкоджаным стане з часоў Аўгуста ІІІ, і паставілі перад уваходам у замак. Адразу супраціў: нашто мы будзем гэтых палякаў праслаўляць?! Ну, раз мясцовае начальства не дадумалася, трэба сказаць дзякуй палякам, так, па-мойму. Да слова: сам кароль Аўгуст ІІІ быў немцам, саксонцам.
Разгортваю прывезеную з Варшавы кнігу пра яго праўленьне. І адчуваю да яго ўдзячнасьць гарадзенца. Ён пабудаваў перш вялікі палац у нас і толькі пасьля прыняўся за перабудову каралеўскага замка ў Варшаве. Новы замак над Нёмнам будаваўся як яго наступная рэзыдэнцыя ў ланцугу Дрэздэн-Варшава-Горадня. Горад меў быць трэцяй сталіцай палітычнага ўтварэньня з трох частак: Саксоніі, Польшчы і Літвы, у якіх ён уладарыў. Рэальна ня стаў, шкада. Палітычныя абставіны не дазволілі.
Сёньня ад Новага замка аўтэнтычнымі захаваліся адно падмуркі, а навідавоку – толькі пашкоджаны герб Рэчы Паспалітай. Больш нічога каралеўскага не засталося...