Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».
11 студзеня, аўторак
Анатоль Лябедзька
Анатоль ЛябедзькаНарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.
Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.
Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).
Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.
За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.
Жанаты, мае сына.
Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.
Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.
6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.
23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.
Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Перанасяленьне ніяк не адбіваецца на тэмпэратурным рэжыме. Надыхаць цяплом нават гэтую невялікую прастору мы ня ў стане. І хударлявы, плоскі Алесь Малчанаў тут слабая падмога. Холадна. І трохі голадна. Абязгрошылі. Ратоў шмат, а ў запасьніках ня так і густа. Практычна нічога. Штабэлі пустых кантэйнэраў. Арлоў працягвае скарачаць сьпіс дазволеных для перадачы прадуктаў. Проста-такі мясцовая разнавіднасьць галоўнага санітара Расеі Анішчанкі. На дэсэрт цяпер размовы пра тое, што яшчэ год таму ў «амэрыканку» перадавалі гарачую курыцу і хатнія катлеты. А сёньня зь меркаваньняў бясьпекі забаронена перадаваць нават сала. Уяўляеце, сала ў сьпісе забароненых для перадачы ў СІЗА прадуктаў?! Абмежаваньнямі і невыгодамі ціснуць з усіх бакоў. Выпрабаваньне на цярплівасьць і выжывальнасьць. Чаго чакаць яшчэ? Якіх подласьцяў? Якіх паскудзтваў? Якіх зьнявагаў?
Як толькі Алесь пакінуў камэру, яго пачалі прасаваць. Было чуваць, як шчоўкаюць кайданкі. І адразу ж апантаныя, жудасныя крыкі
Нягледзячы на свой юны і кволы выгляд, Аляксандар ужо мае салідны паслужны сьпіс апазыцыянэра. Пачынаў з моладзевага руху «Зубр», ня раз затрымліваўся барысаўскай міліцыяй. Ёсьць у яго ў біяграфіі і такі прыкры радок, як артыкул за хуліганства: разам зь сябрамі ён практыкаваўся ў кіданьні камянёў па вокнах сваёй школы. Растлумачыць, навошта і чаму яны гэта рабілі, Алесь ня змог, але тое, што хлопец ня стаў хаваць учынак, які яго не ўпрыгожвае, я асабіста ацаніў. Ён не стараўся спадабацца любой цаной.
* * *
Пара пасьля абеду. Спакуса прылегчы і паблукаць у сьненьнях. Але другая палова мозгу трымае арганізм у напружаньні і рэкамэндуе не расслабляцца. Да такога кшталту рэкамэндацыяў варта прыслухацца: шмоны ці асабістыя агляды ў гэты час сталі правілам, у якім няма выключэньняў. І гэта хутка пацьвердзілася. Упэўніўшыся, што я гэта я, кантралёр даў указаньне: «З рэчамі на выхад!» У галаве адразу закруцілася: што б гэта значыла? Вэрсіі ад аптымістычных — дадому, да рэалістычных — у іншую камэру. Згарнуў у рулён матрац з пасьцельнымі рэчамі, усе астатнія пажыткі зьмясьціліся ў тры пакеты. Мне соваюць дарожны паёк — сала, гарбату, сушкі. Гэта на ўсялякі выпадак.
— Нічога не забывайце! — папярэджвае кантралёр. — Забраць пакінутае будзе немагчыма.
Душэўна разьвітваюся з тымі, да каго прыкіпеў душой. Выстаўляю за дзьверы драўляны насьціл. Пакеты складзірую ў калідоры. Апошняе, што выношу з «прэс-хаты», — плястыкавыя міскі (белую і блакітную), конаўкі (казённую і хатнюю). Іншы кантралёр адкрывае дзьверы суседняй камэры. Нумар пяць.
— Добры дзень!
Памяшканьне па памерах практычна такое ж. Толькі з адным акном. Чатыры ложкі. Першым працягнуў руку смуглявы мужчына ў цяльняшцы:
— Максім.
— Андрэй, — пацягнулася рука зь ніжніх нараў.
— Аляксандар Кісялёў, — шырачэзнай усьмешкай знаёміцца хударлявы, з зазубінамі залысін.
Сьветлавалосы хлопец з тварам, па якім, здаецца, брытва яшчэ як мае быць не хадзіла, ветліва прапусьціў усіх і прадставіўся апошнім:
— Дзіма!
Ягоныя нары ўнізе справа.
Ветлівасьць — як успышка сьвятла, яе проста тут не відаць
Як выявілася, мяне абмянялі на Фядуту. Саша быў у пятай камэры да майго прыходу. Нераўнацэнны бартэр, калі параўноўваць вагавыя катэгорыі. Але з пазыцыі артыкула, па якім мы абодва праходзім, тое на тое выходзіць. Пераход у новую камэру — гэта як мінімум магчымасьць атрымаць новую інфармацыю. На адно зь першых маіх пытаньняў, ці не даводзілася перасякацца з кім-небудзь з палітычных, адказалі хорам:
— Аляксандар Ёсіфавіч!
— Няўжо Фядута?
— Ён самы.
Дык гэта, пэўна, Сашава койка-месца? Пры пераходзе мне ўручылі новую шконку са сьвежагабляваных дошак. Яна была сантымэтраў на дзесяць шырэйшая за маё папярэдняе лежала.
— Як Саша? Цяжкавата яму, мабыць?
— Так, цяжкавата. У яго букет хваробаў. Зь імі калі не ў шпіталь, дык у санаторый толькі, а ніяк не ў «амэрыканку». Але нішто, трымаўся. Нам зь ім было цікава. Столькі нам расказваў. Вершы на ляту складае.
Уся гэтая інфармацыя — адным патокам у некалькі галасоў.
У нас з Сашам адносіны заўсёды былі нэўтральна-халодныя, але тут мне захацелася сказаць пра яго нешта асабліва цёплае
— А можа, з кім яшчэ з нашых перасякаліся?
— Дзьмітрыеў! Гэты таксама, здаецца, ваш, — гэта рэпліка ад Сашы Кісялёва.
Ба, усе старыя знаёмыя!
— Ну і як ён?
— Хлопец шустры, гэткі жыўчык. Шмат распавядаў пра выбарчую кампанію. Я так разумею, што, нягледзячы на ўзрост, менавіта ён запраўляў у штабе Някляева.
— Хто галоўны, хто другарадны, цяпер сьледзтва высьвятляе. А даўно яго перавялі ад вас?
— Ды ён ужо дома, п’е шампанскае і ўсё ўспамінае як благі сон.
— Гэта як?
— Ну, здорава тады! А мне 31-га такі спэктакль разыгралі, што на ўсё астатняе жыцьцё запомніцца.
Маё апавяданьне пра падзеі таго дня ўсе з апэтытам праглынулі, але не скажу, каб вельмі зьдзівіліся: «амэрыканка» адвучае людзей дзівіцца вынаходлівасьці людзей у пагонах.
— Так, тут майстры яшчэ тыя, — зь веданьнем справы ўступіў у агульную гутарку Андрэй.
— Табе, Андруха, лепей ведаць, — уставіў шпільку былому пракурору Максім.
Так, столькі навін у адзін дзень, адным вялікім бярэмем, я яшчэ не атрымліваў. Сам факт вызваленьня палітычных усяляў, што называецца, аптымізм. Калі адпусьцілі Дзьмітрыева, то я ў гэтай сытуацыі — наагул не прышый кабыле хвост.
Адчынілася кармушка, і на нэўтральнай паласе ўзьнік шэры камяк. Перада мной ляжаў мой плед! Не пасьпеў нават сказаць дзякуй. Падобна, нешта чалавечае яшчэ засталося ў гэтых сьценах. Тут трапляюцца і людзі, а ня толькі чалавекападобныя істоты. Настрой, як чорцік з табакеркі. Выскачыў, усьміхнуўся, рагатнуў і зьнік. У новай камэры цяплей, чым у чацьвёртай, але не настолькі, каб цалкам ігнараваць тэмпэратурны фактар і адмаўляцца ад правоў на шэры плед.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
12 студзеня, серада
Спрабую знайсьці тлумачэньні свайго пераводу ў іншую камэру. У пятай жывуць багацей. Тэлевізар, халадзільнік. Запас харчоў. Раніцай да гарбаты — печыва, сушкі, пернікі і нават арэхі. Адчуваецца, што тут іншы рэжым. Больш лібэральны, ці што, калі такая ацэначная катэгорыя наагул пасуе да гэтага месца. Прынамсі што да побыту.Радасьць якая! Анатоль Васільевіч дома! Дзякуй богу! Як валун з душы скацілі. Ну які з Паўлава штурмавік мясцовага «Зімняга»?!
Учорашняе паабедзьдзе, багатае на навіны, было толькі пачаткам. Сёньня «стужка навінаў» абнавілася. З украпінай маленькай сэнсацыі. І аўтарам яе стаў Дзіма, сьветлавалосы хлопец, студэнт адной са сталічных ВНУ. Родам зь Віцебску. Студэнт, хутчэй за ўсё, ужо былы. Нейкі час Дзіма сядзеў у камэры з Паўлавым.
— Во такі мужык! — вялікі палец угару. — Цяльняшку мне падарыў, калі ішоў зь СІЗА.
Паласаты цельнік прасторнай тунікай зьвісаў з хударлявых плячэй.
— Яго што, выпусьцілі?
— Ну так. Я ж кажу, пакінуў мне цельнік.
Радасьць якая! Анатоль Васільевіч дома! Дзякуй богу! Як валун з душы скацілі. Па-першае, ну які з Паўлава штурмавік мясцовага «Зімняга»?!
У Саньнікава галавакружэньне ад посьпеху. Някляеў у ролі лідэра Плошчы бачыць толькі сябе. Рымашэўскі паводзіць сябе як самазакаханы паўлін
Мы патэпалі раскіслай ад дажджу сьцежкай у бліжэйшую кавярню. Мікалая засьпелі ў кампаніі маладой асобы. Журналістка. Мы пераселі за суседні столік, і размова пайшла на траіх. Гаварылі пра пэрспэктывы кансалідацыі намаганьняў. Мікалай прадставіў свой аналіз магчымасьцяў і намераў кандыдатаў у прэзыдэнты: «У Саньнікава галавакружэньне ад посьпеху. Някляеў у ролі лідэра Плошчы бачыць толькі сябе. Ваш Раманчук добры хлопец, але ён сам кажа, што на барыкады не павядзе. Рымашэўскі паводзіць сябе як самазакаханы паўлін, яму абы трапіць на першую паласу газэт. Пра астатніх увогуле гаварыць няма чаго. Калі не дамовімся пра сумесны плян дзеяньняў, то нічога добрага ня будзе. За ўсіх гаварыць ня буду, але асабіста я гатовы ісьці да канца».
Пасьля гэтага я вярнуўся да офіса БХД, каб даведацца, куды рушыў Някляеў. Мне ўзрадаваліся, бо, як выявілася, ішло паседжаньне. Задні ход даваць было б дурасьцю. Прысеў на крэсла, агледзеўся. Акрамя Някляева, Рымашэўскага і Янукевіча, астатнія невядомыя. Кожны гаварыў пра нешта сваё. Вус, якога я бачыў упершыню, настойваў, што трэба ісьці да тэлецэнтру і патрабаваць слова ў жывым тэлеэфіры! Нейкі малады хлопец ад Міхалевіча старанна ўсё запісваў і абмежаваўся заявай, што яго кандыдат супраць Плошчы, а ягоная місія абмяжоўваецца прысутнасьцю і наступнай перадачай інфармацыі Міхалевічу. Ды ўжо ж, кампанія стракатая і вясёлая!
Для мяне так і засталося загадкай, якая, уласна, была мэта сустрэчы. Быццам бы скаардынаваць дзеяньні на плошчы, каб не дапусьціць правакацыяў. Але абмяркоўваць гэта ў памяшканьні, якое напэўна стаіць на праслухоўваньні, ды яшчэ ў прысутнасьці людзей, якіх бачыш упершыню?! Хтосьці прапанаваў сустрэцца яшчэ раз. Усе, хто адчуваў сябе дыскамфортна, імгненна ўхапіліся за гэтую прапанову. Іншым вынік гэтай сустрэчы і ня мог быць.
Ён зьезьдзіў. Мерапрыемства зноў прайшло па сцэнары круглага стала з адкрытым парадкам дня. Пасьля гэтага мы з Паўлавым нават не сустракаліся спэцыяльна, абмежаваліся кароткай тэлефоннай размовай. «Пустая трата часу», — «праштампаваў» вынікі так званага пасяджэньня кандыдатаў у прэзыдэнты і іх прадстаўнікоў былы прарэктар Белдзяржунівэрсытэту.
Але цяпер я разумею, якія рызыкі і пагрозы засталіся ў спадчыну ад тых, здавалася б, бяскрыўдных публічных тусовак. Калі сьледзтву патрэбныя доказы калектыўнай змовы, то за гэтыя сустрэчы могуць і зачапіцца. Тое, што я, хай сабе ўскосна, мог стаць прычынай затрыманьня Паўлава, не дадавала мне пазытыўных эмоцый. Дый наагул запасы майго аптымізму за гэтыя дні істотна вычарпаліся. Таму, пачуўшы пра вызваленьне Анатоля Васільевіча, я гатовы быў расцалаваць гэтую бялявую галаву, якая паведаміла такую выдатную навіну.
Дзіма, натхнёны маёй рэакцыяй, тут жа распавёў пра дні, праведзеныя са Статкевічам.
— Ён галадаў ужо, калі яго перавялі ў нашу камэру. Выглядаў так сабе. І гэта сказана мякка. Я саступіў Мікалаю Віктаравічу свой ляжак. Мяне тут жа выклікалі да начальніка. Не пасьпеў я пераступіць парог, як ён пачаў на мяне крычаць. Маўляў, ты што, сукін сын, робіш? Адказваю, маўляў, ён жа векам мне за бацьку мог бы быць, мяне так выхоўвалі — шанаваць старэйшых. Больш Арлоў проста ня даў мне нічога сказаць. «Калі ня хочаш сам спаць на бэтоннай падлозе, вяртайся на сваё месца», — прыгразіў ён. Так што пакуль мы былі ў адной камэры, Статкевіч спаў на дошцы. Тое, што ў яго праблемы са здароўем, можна было зразумець без аніякай мэдычнай адукацыі. Але ён малайчына! Мужык дужы. Не расшаркваўся перад гэтымі, — Дзіма махнуў галавой у бок калідора. — Гнуў сваю лінію!
Дзіму я абвясьціў галоўным ньюсмэйкерам сёньняшняга дня.
ПАРАРЕЛЬНЫ СЬВЕТ
13 студзеня, чацвер
Прыглядаемся, прыціраемся адзін да аднаго. Паступова знаёмлюся з матэрыяламі спраў новых суседзяў і іх асабістай пэрспэктывай. Вядома, зь іхніх слоў і ў іхняй інтэрпрэтацыі.
Аляксандар Кісялёў, з стану прадпрымальнікаў. Ня дробных. Яго нават жартоўна клічуць Алігархам
У іншых пастаяльцаў нумара «Hilton-амэрыканкі» пытаньне будучыні пакуль адкрытае.
Аляксандар Кісялёў, з стану прадпрымальнікаў. Ня дробных. Яго нават жартоўна клічуць Алігархам. Саша ўжо год як у сьценах «амэрыканкі». То бок — з кагорты старажылаў. Судовая пэрспэктыва ягонай справы праглядаецца слаба. Абвінавачваецца ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах. А па сутнасьці ўсё круціцца вакол адказу на пытаньне «колькі?» Колькі бізнэсмэн гатовы выкласьці за свабоду? Сваю і сваіх падначаленых. І не ў змардаваных інфляцыяй рублях, а ў амэрыканскай валюце. Пакуль ніяк ня могуць сысьціся на агульнай лічбе.
Ва ўсіх маладых людзей, якіх я сустрэў у «амэрыканцы», адна праблема — наркотыкі. Іх збліжае ня толькі артыкул КК, але і ўзрост — крыху за дваццаць
Андрэй, у недалёкім мінулым пракурор Дзяржынску, а яшчэ пару месяцаў таму — пасьпяховы бізнэсмэн і бацька дзьвюх дачушак. Справа Андрэя-«Пракурора» — у падвешаным стане. Сьледзтва рухаецца са скрыпам. А апошнім часам увогуле застопарылася. Ведаючы ўсю кухню сьледзтва, Андрэй абраў такую ж, як і я, стратэгію абароны: калі лічыце, што я жыраф, зрабіце ласку прад’явіць доказы!
Ну што ж, публіка сур’ёзная. Людзі ў гутарцы прыемныя, інтэлігентныя. Пасьля адбою тут дазваляюць згуляць пару партыяў у даміно. Так што пасьля дваццаць другой варушэньне працягваецца. Як мінімум гадзіну. Аказваецца, у кожнай камэры свой распарадак і рытм жыцьця.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
Папярэднія разьдзелы
Ноч разарваў доўгі званок...Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»
Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй
Маскарад, першы раз у душы
І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам
«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом
Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы
Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль
Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс