Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».
8 студзеня, субота
Анатоль Лябедзька
Анатоль ЛябедзькаНарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.
Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.
Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).
Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.
За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.
Жанаты, мае сына.
Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.
Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.
6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.
23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.
Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Ужо ня першы дзень спрабую ўявіць іх бяз масак, за сьценамі СІЗА КДБ. У сямейным коле, за абедным сталом, у грамадзкім транспарце. Скажу шчыра, мне гэта не ўдаецца. Хоць, напэўна, у некаторых ёсьць свае дзеці. А значыць, яны павінны чытаць казкі сваім малым. Напэўна, ёсьць мамы і таты. А значыць, яны павінны рабіць для іх нешта добрае і прыемнае. Хутчэй за ўсё, ёсьць і суседзі па лесьвічнай пляцоўцы, зь якімі яны, напэўна, ветліва вітаюцца раніцай і, магчыма, дапамагаюць бабулі перайсьці дарогу.
Але тут яны нелюдзі. Істоты, перапоўненыя злосьцю і агрэсіяй. Можа, ня ўсе, але большасьць. Як наагул магчыма цэлы дзень зьдзекавацца зь людзей, дарэчы, не асуджаных, не прызнаных вінаватымі ў чымсьці, а вечарам быць добрым татам, клапатлівым мужам, таварыскім суседам?
Два розныя жыцьці. У якім жа яны сапраўдныя, а ў якім акторы? Раздваеньне асобы — напэўна, такі дыягназ пасуе гэтым людзям.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
На шпацыр сукамэрнікі пайшлі з трэцяй спробы. Спачатку ня так сталі. Потым не туды глядзелі. Нарэшце ня так рухаліся. Зьдзекі суправаджаліся невымоўным выцьцём і зубаскрышальным перастукам гумовых палак. Нават мне, хоць я ігнарую сёньняшні «шпацыр» (маю мэдычнае вызваленьне), было не па сабе. Я адчуваў, як ікраножныя мышцы левай нагі па-здрадніцку дрыжаць. Сволачы, як жа можна так зьдзекавацца?
Празь дзьве гадзіны чацьвёрка, гнаная перастукам палак і немым крыкам, вярнулася ў камэру. Расчараваная, узбуджаная, цяжка дыхаючы. Не пасьпелі запрасіць мяне на экскурсію ў сьвет сьвежых уражаньняў, прынесеных з вуліцы, як дзьверы расчыніліся і чорная маска, ткнуўшы ў Ігара, гаркнула: «На выхад!»
Тыя, хто застаўся — Кірыл, Максім і Ўладзімір — загаварылі адначасова. Зь іхняга блытанага апавяданьня я зразумеў, што Аліневіч нешта напісаў на сьцяне ў дворыку. І гэтая насьценная творчасьць, відаць, не спадабалася вертухаям.
Зноў рыпнулі дзьверы, і ў праёме зьявіўся Ігар.
На лбе выразна чырванелі задзірыны ды сінякі. Што здарылася? Аказваецца, сапраўды падчас прагулкі Ігар вылепіў на сьцяне сьнежкамі: «Віват анархія!» Цяпер яго зацягнулі назад у двор, і адзін з «добрых людзей» загадаў:
— Здымай швэдар і выцірай напісанае.
Ахвяра заўпарцілася:
— Я сатру рукой, але распранацца ня буду.
Адмова ўзбудзіла і без таго зараджаных на агрэсію масачнікаў. Праз пару хвілін незадавальненьне перарасло ў шаленства. Дыстанцыю ад пагроз да сілавога ўзьдзеяньня пераадолелі ў лічаныя сэкунды. У ход пайшлі кулакі. Трое на аднаго. Бяз права на ўдар у адказ. Чым больш Ігар упарціўся, тым больш злосьці выплёсквалася з-пад масак...
Крыкі з «пакоя катаваньняў» ледзянілі душу. Яны даносіліся да нас, пераадольваючы бэтонную тоўшчу сьцен. Хвілін празь дзесяць экзэкуцыя скончылася
Крыкі з «пакоя катаваньняў» ледзянілі душу. Яны даносіліся да нас, пераадольваючы бэтонную тоўшчу сьцен. Хвілін празь дзесяць экзэкуцыя скончылася. Калі, вярнуўшыся ў камэру, Ігар сьцягнуў зь сябе мокрую разарваную майку, на целе былі бачныя новыя аўтографы «добрых людзей». Паводле ягонага прызнаньня, каб не ўмяшаньне дзяжурнага па СІЗА (якога ў залежнасьці ад сытуацыі клічам альбо Віктарам Віктаравічам, альбо Чыкага Булз), то наступствы маглі быць яшчэ і горшыя.
Калі Ігара другі раз вывелі з камэры, нэрвы спаўзьлі з катушак. Я пачаў малаціць кулаком у дзьверы: «Перастаньце зьдзекавацца з чалавека, інакш зробім бунт!» Адвалілася кармушка, і прачыненую прастору запоўніла фізіяномія Васіля.
— Прозьвішча? — Кантралёр калупаў мяне позіркам. Пачуўшы адказ, фізіяномія зьнікла.
— Пабег дакладваць, — пракамэнтаваў напаўголаса Кірыл.
Нам яшчэ раз далі зразумець, што мы — як на далоні. Праслухоўваемся і праглядаемся па гарызанталі і вэртыкалі
Пасьля гэтага паведамленьня ў Уладзіміра Цітка здарылася гістэрыка. Ён і так быў ашаломлены падзеямі, цяпер жа на яго было балюча глядзець.
Арлоў нагадаў Ігару, што наша камэра на асаблівым кантролі. Тут сабраны кантынгент, які адзначаецца непаслушэнствам і схільнасьцю да парушэньня рэжыму
Кожны з нас нібыта знайшоў занятак, які павінен быў адцягнуць увагу ад непрыемных падзей і навін сёньняшняга дня. Тым часам вушы лавілі любыя гукі і шоргаты, якія даносіліся звонку. Арганізм імгненна рэагуе на зьменлівую сытуацыю. Быць напагатове, быць гатовым да ўсяго — такую ўстаноўку даваў мозг кожнаму з нас.
* * *
Па вячэры нас пагналі ў душ. Ледзь пасьпелі скінуць у пакеты бялізну, бо не пасьпець — значыць застацца без купаньня ў гарачай вадзе. Аліневіч адмовіўся пакідаць камэру, каб не правакаваць новы канфлікт. Яго адсутнасьць адразу заўважыў дзяжурны Чыкага Булз. Мабыць, сёньняшнія падзеі яго напружвалі.
— Дзе пяты?
— Зьбілі!
— На добры лад яму доктар патрэбны, а ня душ.
Гэта завуаляваная спроба навязаць наш плян, што можна і трэба рабіць. Віктар Віктаравіч моўчкі праглынуў гэтую «рэкамэндацыю», аднак праз хвіліну зьнік з шарападобнага пакоя. Маскі задаволена ўхмыляліся, слухаючы нашу гутарку. Як потым распавёў Ігар, прапаршчык прыходзіў у камэру зандаваць сытуацыю. Даведаўся пра самаадчуваньне, уважліва разглядаў гематомы на твары. Але на паводзінах масак інцыдэнт ніяк не адбіўся. Значыць, у іх ёсьць санкцыі на фізычнае ўзьдзеяньне ў дачыненьні да арыштантаў СІЗА. Яны весела жартавалі і ўсім сваім выглядам дэманстравалі, што зь іх як з гусі вада. Значыць, зьдзекі — частка іх працы. За гэта ім плацяць зарплату, а магчыма, і добрыя прэміяльныя.
І ўсё ж душ — гэта душэўна! А то ўжо пачынае здавацца, што пахі «амэрыканкі» ўсмакталіся ў кроў, праніклі ва ўсе поры цела, убіліся ў нос, спляліся з валасамі. Спэцыфічны, ні з чым не параўнальны пах. Сумесь падзямельля, сьметніку і морга. Гэта вакол цябе. Гэта ўжо ў самім табе. Асабліва востра адчуваеш гэта, калі вяртаесься ў камэру са шпацыру або з душа. Але ўжо праз гадзіну хваравітая рэакцыя зьнікае. Ты проста рассычаесься ў гэтых брыдкіх пахах.
Скроб цела грунтоўна, недагледжанымі пазногцямі, пакідаючы чырвоныя пісягі на белай скуры. Пад вяхотку прыстасаваў губку мыць посуд. Яе жорсткі бок прыемна драпаў ногі, рукі, жывот, плечы. Хацелася фізычна выціснуць зь сябе нешта чужое і непрыемнае.
Асалода даўжынёй у 15 хвілін. Прыемнасьці, як правіла, хуткаплынныя. Цыбаты ў чорным і кантралёр узьніклі на парозе без аніякага папярэдняга стуку.
— Усе на выхад! Хутка! Пабеглі!
У вузкім тамбуры цесна ад целаў і мітусьні. Адзяваліся на хаду. Адзеньне ліпла да мокрага цела. Выціраліся ўжо ў камэры.
Тое, што адбылося днём, нагадала пра сябе і ноччу. Аліневіч крычаў: «Ня трэба! Ня буду!» і адмахваўся рукамі. Людзі ў чорным працягвалі перасьледаваць яго і ў снах. Неспакойная ноч. Сон розуму ў адных, сон адным вокам у іншых.
9 студзеня, нядзеля
СІЗА — рэч суровая. Пустэльна-арктычная. А гэта значыць, што чалавечы фактар набывае тут асаблівую значнасьць. Ад таго, хто побач з табой у гэтай экстрэмальнай, звышгранічна нэрвовай сытуацыі, залежыць калі ня ўсё, то амаль усё. Атмасфэра ў камэры нэўтральна-пазытыўная. Гэта як мінімум добра. Асабліва калі ўзяць пад увагу, што паміж палітычнымі і астатнімі спрабуюць убіць клін. Маўляў, усе праблемы і нязручнасьці — непасрэднае наступства знаходжаньня тут апанэнтаў улады. Так што ўсе прэтэнзіі да іх. Прэтэнзіі, безумоўна, ёсьць. Але не да палітычных. Клін не ўбіваецца. Прынамсі, пакуль і ў нашай камэры.
Арыштаваныя знаходзяцца ў сьледчым ізалятары ў сярэднім год і больш
Пасьля некалькіх тыдняў у ізаляцыі магу зрабіць заяву. Пра сябе, г.зн. для асабістага карыстаньня. Мы застаёмся па адзін бок нябачнай барыкады і рэагуем на ціск салідарна. Што будзе далей — паглядзім, але сёньня гэта так. Хоць, вядома, адносіны з кожным сядзельцам індывідуальныя. Найбліжэй сышліся зь Ігарам Аліневічам, што, у прынцыпе, лёгка патлумачыць. Справы ў нас розныя, але абедзьве — з палітычнай падаплёкай. Гэты хлопец з пучком валасоў на патыліцы стрыжанай галавы мне падабаецца. Гарачы, можа і выбухнуць, дастаткова іскры, ня тое што запалкі. Але падкупляе, што мае пазыцыю, уласную думку. Не выдыгае перад пэрсаналам, не імкнецца быць меншым за свае сто восемдзесят.
Фактычна Аліневіча незаконна выкралі супрацоўнікі расейскай ФСБ і незаконна ж перадалі беларускаму КДБ
«Пра што я пашкадаваў пасьля, дык пра тое, што пры перасячэньні мяжы не паспрабаваў прыцягнуць увагу супрацоўнікаў міліцыі, каля якіх мы праяжджалі. Ня ведаю, ці дапамагло б гэта, ці не, але гэта варта было зрабіць. Я проста мог бы штурхнуць кіроўцу, і гэта напэўна прыцягнула б увагу», — дзяліўся са мной Ігар. Праўда што, гісторыя майго сукамэрніка — гатовы сюжэт для захапляльнага баевіка.
Распавёў Ігар і пра некаторыя падрабязнасьці «справы аб падпалах». Аказваецца, ён асабіста ўдзельнічаў у адным інцыдэнце, які меў дачыненьне да Міністэрства абароны. І ў паказаньнях сьледзтву Аліневіч не адмаўляў, што браў удзел у несанкцыянаваным шэсьці і запуску фаера на тэрыторыю штабу Беларміі. Але ён катэгарычна адрынаў абвінавачаньні ў падпалах на тэрыторыі расейскай амбасады: «Гэта поўная бязглузьдзіца, ад пачатку да канца. Фантазіі спэцслужбаў, ня больш. У іх нічога на мяне няма. Пустая справа, бяз фактаў і доказаў. На мяне спрабуюць навесіць дохлых сабак на аснове паказаньняў практычна аднаго чалавека па прозьвішчы Веткін. Зразумела, што чэл альбо правакатар, альбо мусіў пайсьці на бартэр, каб уратаваць уласную задніцу».
Ігар настроены аптымістычна і ўпэўнены, што ўсё абыдзецца. Не, ён, вядома, не спадзяецца, што заўтра перад ім папросяць прабачэньня і адпусьцяць яго на ўсе чатыры бакі. Хутчэй за ўсё, абвінавачваньне будзе прад’яўлена паводле артыкула «хуліганства». І напэўна ў тэрмін пакараньня залічаць час знаходжаньня ў «амэрыканцы». Што ж, з улікам таго, праз што мы ўсе тут прайшлі і, магчыма, яшчэ пройдзем, гэтага хопіць зь лішкам.
У расьсьледаваньні Ігаравай справы вялікай актыўнасьці не назіраецца. На допыты яго не выклікаюць, вочных ставак не праводзяць. Сьледчы ў яго з сыстэмы МУС. Так што пакуль ён перапрацоўвае казённыя кашы і чакае справядлівасьці. На мой погляд, нізкая актыўнасьць у «справе падпальшчыкаў» тлумачыцца тым, што на першы плян выйшла «справа дзекабрыстаў». Сёньня яна выцесьніла ўсё астатняе ў разьдзел «рознае». Ігар з гэтым згодны.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
10 студзеня, панядзелак
Нас працягваюць прасаваць. Мяне наагул трымаюць у напрузе круглыя суткі. Ноччу зноў патрабавалі, каб ляжаў тварам да дзьвярнога вочка і рукі паўзьверх коўдры. Мусіў дэманстратыўна загарнуць рукі ў ручнік. Выйшла нешта накшталт баксёрскіх пальчатак. Крычаць на мяне, але, натуральна, прачынаецца ўся камэра. І так разоў пяць-шэсьць за ноч. Толькі пад ранак угаманіліся, і тут жа каманда: «Пад’ём!» Таму ўсе злыя, маўчаць і ўсё робяць на аўтапілёце. Машынальна запраўляем пасьцелі, канвэерна мыемся, сынхронна ўтвараем паравозік, які сноўдае да туалета і назад. Няма ні сіл, ні ахвоты рэагаваць нават на тое, што ноччу хтосьці схадзіў міма бака і пах мачы непрыемна раздражняе насаглотку. Пасьля сьняданку, які нагадваў застольле па нябожчыку, усе дружна пачалі кляваць носам. Шторкі апушчаных павекаў. Падбародзьдзі пазвальваліся ў жолаб сонечнага спляценьня. Непрыемная, злавесная цішыня хмурнага ранку.
* * *
Шпацыр. Неба плявалася згусткамі мокрага сьнегу. Фрыске на хвалі FM сьпявала нешта пра сьпякотнае лета, бананы і какосы. Набрынялыя вільгацьцю сьцены падворка набылі злавесны выгляд. Чорна-зялёная сьлізь шматкамі спаўзала з парэпанага бэтону. Натуральныя дэкарацыі для фільму жахаў. Пад нагамі брудная каша. Усе згрудзіліся пад праржавелым лістом жалеза, кінутым паўзьверх сеткі. Але гэта мала дапамагае. Траекторыяй падзеньня сьнежна-вадзяной масы кіруе непрадказальны вецер. Замест асалоды шпацыр ператвараецца ў чарговае выпрабаваньне. Мае калегі ў гэтыя хвіліны — вартае жалю відовішча. Чатыры мокрыя застылыя сылюэты. Я пяты. Апушчаныя плечы. Панурыя твары. Дождж размывае плаціну пазытыўных эмоцыяў, і цябе залівае ўсё большым нэгатывам. Спачатку мокры, потым злы, і нарэшце абыякавы.
Па бруку над намі ходзіць ахоўнік. Ён у цёплым бушлаце, пад паветкаю, якая засланяе ад ветру і дажджу. Гледзячы на нас, Васіль ухмыляецца. Наш выгляд яго забаўляе. Наша бездапаможнасьць яго весяліць.
Ад думкі, што наперадзе яшчэ добрыя паўтары гадзіны стаяньня пад халодным душам, зрабілася зусім сумна. Недзе ўсярэдзіне варухнулася гарэзьлівая думка... А што, гэта забаўна! І вось ужо думка матэрыялізавалася ў плян. Мы пойдзем іншым шляхам! Ботам расчышчаю прастору ад бруду і сьнегу. Упіраюся кулакамі ў асфальт і пачынаю адціскацца. Усё роўна ж мокнуць, дык ужо лепш у такт музыцы і з карысьцю для сябе. Пальчаткі хутка набрыньваюць вільгацьцю, з капюшона тонкім струменьчыкам агідна зьбягае вада. На памосьце да кантралёра далучаецца маска. Нейкі час яны назіраюць за мной. Ацэньваюць. Здаецца, мы памяняліся ролямі. Надышоў іхні час зьдзіўляцца, а мой — ухмыляцца.
Вызваляюся ад пледа, сьцягваю з празяблых плячэй швэдар, майку. Сукамэрнікі ашалела глядзяць на мой голы торс
Напэўна, упершыню не брыдзем са шпацыру, а рухаемся трушком. Як узорна-паслухмяная камэра. Хочацца хутчэй пад дах. Увальваемся ў памяшканьне, якое дыхае перагарам затхласьці і вільгаці. Па вопратцы цякуць ручаі. На бэтоннай падлозе то тут, то там лужынкі. Прасушыць мокрую адзежу няма дзе. Курткі, штаны, швэдры, бялізна праходзяць працэдуру адцісканьня. У чатыры рукі працуем над рукамыйніцай і вядром. Кручкоў разьвешваць зьнятае зь сябе не хапае. З разарваных пакетаў робім нешта накшталт вяроўкі і на ёй разьвешваем выціснутую адзежу. Але і тут нам нагадваюць, хто мы і дзе мы: ідзе каманда прыбраць адзежу, разьвешаную перад дзьвярыма. Спрабуем пярэчыць, але кантралёр непахісны: «Дзе хочаце, там і сушыце, а я павінен бачыць кожнага».
Размова скончана! Ды яе, размовы, уласна, і не было. Нас тыцнулі тварам у мокрую лужыну на брудным бэтоне.
Цяпер бы па астуджаных, прамерзлых трактах і трубах арганізму пусьціць гарачае пітво... Васпане — гарбата, кава? Эх! Такое простае і такое немагчымае жаданьне. Яшчэ як мінімум гадзіну-паўтары трэба будзе грэцца думкамі пра гарачую ежу і гарбату. Абеду чакае ня толькі страўнік — кожная часьцінка прамерзлага цела. Як знутры, так і звонку.
Народ выцягвае з пакетаў і сумак усё, што можна напяць на сябе. Адчуваю, як па целе прабягаюць дрыжыкі. Ня грэюць ні адзеньне, ні плед. Чуваць клацаньне нечых зубоў. Ня дзіва, што ўсе хрыпяць, чхаюць, смаркаюцца. Усе без выключэньня. Абсалютна здаровым у такіх умовах быць немагчыма.
Вызваляюся ад пледа, сьцягваю з празяблых плячэй швэдар, майку. Сукамэрнікі ашалела глядзяць на мой голы торс. Абапіраюся на жалезную акантоўку нараў і пачынаю адціскацца. Потым бяруся за прэс. Так наганяю, запампоўваю цяпло ў цела. Прымусова. Гэта сытуацыя, калі прымус сябе апраўдвае.
Абед заглыналі, не перажоўваючы. Чым хутчэй, тым гарачэй. Больш за ўсё хацелася проста сагрэцца.
Затое «зондэркаманда» цешылася нашай рэакцыяй. Стала ясна, што нас пачынаюць прэсаваць яшчэ і цеснатой. Гэта дадатковая нязручнасьць. Шасьцярым у гэтым катушку сапраўды ня разгарнуцца. Асабліва ноччу.
— Вы што там, зусім з глузду зьехалі? Тут і так як кількі ў бляшанцы! — нашы воклічы пляскаліся аб брудныя сьцены і бязгучна расьцякаліся па іх.
Выпусьціўшы эмоцыі, усё засяродзілі ўвагу на навічку: хто, адкуль? Хлопец страпянуўся, як верабейка, і горда чырыкнуў:
— Я палітычны!
Во як! Усе позіркі тут жа скрыжаваліся на юначым твары.
— Што, і на плошчы быў?
— А то!
— А велічаць цябе як?
— Малчанаў. Алесь. Я з Барысава.
Для пачатку «баевіка» накармілі. А тут і час адбою. Абмеркаваньне, як уладкаваць яшчэ адну ляжанку, доўжылася хвілін дзесяць. Шконку Малчанава ўдалося ўціснуць паміж ніжніх нараў. Выйшаў адзін вялікі ложак на трох. Адзін канец драўлянага насьцілу ляжаў на тумбачцы, а другі абапіраўся на маю шконку. З двух драўляных насьцілаў выйшла канструкцыя літарай «Т». Але любое перамяшчэньне па камэры было паралізавана. Цяпер з аднаго яе канца ў другі можна было прайсьці толькі па целах. У літаральным сэнсе. Укладваліся пад грозныя вокрыкі аховы: «Адбой! Спыніць варушэньне!» І, як заўсёды, вокрыкі суправаджаліся важкімі ўдарамі гумовых палак у дзьверы.
Давялося прыстасоўвацца да новых умоў. Малчанаў ніяк ня мог знайсьці зручную позу для сну. Усё круціўся вакол уласнай восі, і гэтыя рухі аўтаматычна перадаваліся на мой насьціл. Адчувалася лёгкая марская гайданка. Але потым Алесь заціх і пацягнуў мяне за сабой, у бездань сну.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
Папярэднія разьдзелы
Ноч разарваў доўгі званок...Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»
Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй
Маскарад, першы раз у душы
І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам
«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом
Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы
Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль