108 дзён у засьценках КДБ: і ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

Помнік Фэліксу Дзярыжнскаму ля цэнтральнага будынку КДБ у Менсуу

Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

27 сьнежня, панядзелак


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Раніцай сукамэрнікі распавялі, што ўначы маскі зладзілі шумавое прадстаўленьне. З крыкамі, лямантам, грукатам дубінак. Усе баяліся, што прасторай калідора гэта не абмяжуецца і ўварвецца ў камэры. Начных шмонаў яшчэ не здаралася. Па ўсім відаць, гэта была сплянаваная акцыя, каб паказытаць нэрвы. Але, што дзіўна, начное здарэньне ніяк не адбілася на маім сьне. Спаў як немаўля, і гэта выклікала ўсеагульнае захапленьне.

Хоць і стараюцца курцы пускаць дым у закратаванае акно, усё ж адчуваецца, што паветра насычана нікатынам.

Фортку адчыняем толькі падчас калектыўнага курэньня. Большага дазволіць немагчыма, бо ў камэры і так сабачы холад. Ноччу холадна, удзень прахалода. Гэта значыць — дыскамфорт даўжынёй у 24 гадзіны.

Стук ключом па жалезнай ручцы. Гэта ўмоўны сыгнал — падрыхтавацца да наведваньня туалета. Вырашыў прайсьціся. Хоць нейкая перамена месца. Туалет на тым жа паверсе, што і камэры. У прынцыпе, гэта тая ж камэра, пераабсталяваная пад прыбіральню. Мыцельнік. Два «таўчкі» з чорнымі гумовымі шлянгамі — змываць. У кутку плястмасавая пасудзіна для сьмецьця. Два акенцы, празь якія, у адрозьненьне ад нашай камэры, відаць кавалак неба. Калі яго рэдка бачыш, раптам заўважаеш, што яно прыгожае. І прынаднае. Так і глядзеў бы на яго, не адрываючыся.

Ігар Аліневіч

Не пасьпелі мае таварышы прысесьці, як у дзьверы тут жа забарабанілі.

— Заканчваем! На выхад!

— Што за ліха, і ў прыбіральні няма спакою, — працадзіў скрозь зубы Аліневіч.

Літаральна праз хвіліну ў дзьвярным праёме стаяў чалавек у чорным. Скрозь маску прабіваліся контуры самазадаволенай усьмешкі.

— Хутчэй! Бягом!

Але народ, не пасьпеўшы адседзецца, ледзь перасоўваў ногі. Так, аматарам пачытаць газэтку ў прыбіральні тут відавочна няўтульна. Пры такім зграмаджэньні людзей у такім інтымным месцы адчуваеш сябе больш чым дыскамфортна. Але дзе ты дзенесься...

* * *

Спусьцілі ўніз, у пакой да лекараў. Тут некалькі чалавек у белым. Сказалі, што будуць браць кроў.

— Навошта?

— Каб ацаніць ваш стан.

— А калі я не хачу? Калі я не давяраю вам, калі ў мяне ёсьць асьцярогі за сваё здароўе?

Мой недавер да масак усіх расфарбовак быў выслуханы, ня больш за тое.

— Тады гэта будзе зроблена з ужываньнем сілы, — заявіў адзін зь незнаёмцаў у белым халаце.

Так, гэта гуманна, чорт вазьмі. Але, здаецца, я прыціснуты да сьцяны. За сьпінаю дзьве чорныя маскі — як сьведчаньне сур’ёзнасьці намераў лекараў. Узялі кроў з пальца, пракалупалі шпрыцам вену. Ці то ад відовішча ўласнай крыві, ці то ад наступстваў галадоўкі непрыемна закружылася галава. Успрыманьне прытупіўся, напружаньне ўнутры апала. Горш ужо толькі ў двор, ствол у патыліцу і ў яму пад сьцяну.

* * *

Начальнік СІЗА павярнуў на іншую тэму. Маўляў, за вас хадайнічаюць. Прагучаў намёк на сустрэчу Раманчука і Лукашэнкі
Увечары павялі на чарговую сустрэчу з начальнікам СІЗА. Арлоў, ці як яго там, усё ж новы начальнік «амэрыканкі». Старога замянілі, мабыць, кіруючыся прынцыпам «новая мятла па-новаму мяце». Пачаў палкоўнік са скаргі. Маўляў, пацярпеў я з-за вас, Анатоль Уладзіміравіч! Прыйшоў час зьдзіўляцца мне. Вытрымаўшы паўзу, Арлоў распавёў, што меў сустрэчу з начальнікам КДБ і той папрасіў падзяліцца назіраньнямі і высновамі па выніках сустрэч Арлова з паліткантынгентам.

— Я сказаў, што вы мне спадабаліся больш за ўсіх. Дакладней, праграма, якую мы абмяркоўвалі на папярэдняй сустрэчы. Я сапраўды гатовы падпісацца пад яе асноўнымі палажэньнямі.

Па словах Арлова, Зайцаў быў зьдзіўлены такой заявай. Потым начальнік СІЗА павярнуў на іншую тэму. Маўляў, за вас хадайнічаюць. Прагучаў намёк на сустрэчу Раманчука і Лукашэнкі. Незразумела, сустрэча адбылася ці плянуецца. Але, без аніякага сумневу, разьлік на тое, што я павінен быў учапіцца ў інфармацыю, якая выпала з рота начальніка. Я ж адрэагаваў дэманстратыўнай абыякавасьцю і ня стаў удакладняць дэталі, толькі абмежаваўся жалезабэтонным: «Я палітычны закладнік, а не злачынца». Хоць паралельна перажоўваў, асэнсоўваў пачутае.

Палкоўнік вытрымаў паўзу і змушана збочыў на іншую тэму.

* * *

Рыгор Васілевіч. У 2010-м кіраваў Генэральнай пракуратурай

Пасьля адпраўкі генпракурору пасланьня, зь якім адміністрацыя, несумненна, азнаёмілася, наступіла паўза. Маскі на паўдня схавалі кіпцюры жорсткасьці і нахабства. Тым ня менш Барада, якога адправілі забіраць з допыту Максіма, так зацягнуў кайданкі, што ксэракопія бранзалетаў была відаць у хлопца некалькі дзён. Пры гэтым канваір так арудаваў палкай, што твар небаракі ледзь не выціраў бруд з чаравікаў. Садысцкія гульні не зусім здаровых людзей. І як такога чалавека зь відавочнымі псыхічнымі адхіленьнямі трымаюць у спэцпадразьдзяленьні?

* * *

Сутыкнуўся з прыкладам, як дзейнічае цэнзура. Ігару Аліневічу вярнулі ліст, у якім было напісана, што «ў камэры холадна, не ратуюць і трое шкарпэтак». Гэтыя словы былі падкрэсьлены цэнзарам. А таксама — «я не прадаўся». Сам я не атрымаў ніводнага ліста ні ад блізкіх, ні ад калегаў па партыі. Усе прыкметы інфармацыйнай блякады. Пішу пасланьні кожны дзень, але ні найменшага ўяўленьня пра іхні далейшы лёс.

ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





* * *

Сёньня мяне зноў вышмаргнулі на аўдыенцыю да лекара. Крыху нечакана, бо гэтага спатканьня на ранішняй паверцы я не замаўляў. Чорныя маскі вядуць да белай. У кабінэце новы лекар. Маладжавы. Твар пухнаты, як булачка. Кажа пра карысьць і важнасьць ежы. Апэтытна так кажа. Здаецца, у гэтым і палягае сэнс нашага спатканьня. Перарываю лекцыю сухой заўвагай:

— А вось мая бабуля любіла паўтараць: «Лепш недаесьці як ястраб, чым пераесьці як сьвіньня. І, уяўляеце, кіруючыся гэтым правілам, пражыла 98 гадоў».

Чалавек у белым моўчкі мерае ціск. 120 на 80. Праслухоўвае ўнутраныя органы. Чорная маска назірае праз прарэзы ў тканіне. Не безь цікаўнасьці.


28 сьнежня, аўторак


У галаве, сплятаючыся ў карункі, скачуць зорачкі. Дзявяты дзень у рэжыме «вада — гарбата». Але калі «зарапад» мінаецца, самаадчуваньне зусім нішто сабе. Пакуль усё пад кантролем, значыць, ідзем далей. Для сябе я вырашыў: як толькі пачнуцца перабоі ў нармальным самаадчуваньні, галадоўку буду заканчваць. Здароўе мне яшчэ спатрэбіцца. На ежу тым часам гляджу абыякава. Яна мяне не ўзбуджае.

Ня мог адмовіць сабе ў задавальненьні выгуляцца ў дворыку для шпацыраў. Дакладней, даць згоду на свой выгул. Тук-тук па ручцы дзьвярэй. Гэта каманда падрыхтавацца. Хапатлівыя зборы. Нацягваю ўсё, што маю. Тэрмабялізна, швэдар, джынсы, куртка, шапка, пальчаткі. Паравозікам выйшлі на вуліцу зь першай спробы. Суправаджэньне выглядала нейкім млявым і напаўсонным.

Турма КДБ



Што такое прагулачны дворык? Іх тут цэлых пяць, шостая — клетка. За скасабочанымі дзьвярыма, на якіх зялёны кружок зь лічбай «2», позірку адкрылася прастора чатыры на два з паловай мэтры. Замшэлыя муры. Тая ж камэра, толькі бяз столі і даху. Замест іх сетка ў буйную клетку. У другім дворыку ўпяцёх асабліва і не разгуляцца. Хадзіць яшчэ можна, але займацца ўсім разам фізкультурай немагчыма. Зьверху па драўляным насьціле пахаджае кантралёр, захутаны ў бушлат з высокім каўняром. Пэрыядычна ён спыняецца перад драўлянай скрыняй — дамком для магнітолы. Канваір можа арганізаваць плаваньне па хвалях FM-станцыяў, а можа ўсунуць сваю касэту. Грымяць дынамікі, гукі лётаюць паміж СІЗА і глухімі мурамі двух астатніх будынкаў. Зьверху падаюць сьняжынкі. Здаецца, Новы год будзе з прысмакам сапраўднай зімы, з марозам і сьнегам. Час праляцеў даволі імкліва. Лёгкія прадэзынфікаваліся, суставы разьмяліся.

Пакуль у калідоры не шалеюць, вырашылі крыху паспаць. Толькі разлажыўся, разаслаўся, толькі пачала ахінаць дрымота, у галаве нават завязаўся сюжэт сну, як праз кармушку ў камэру ўляцела, б’ючы па вушах: «На допыт!»

Не пасьпелі зачыніцца дзьверы, як мяне прыпячаталі тварам да сьцяны. Кантралёр па мянушцы Якут балюча ўдарыў па назе, выстаўляючы на расьцяжку. Пільна вывернуў кішэні. Ззаду на руках зашчапіліся кайданкі. Ды так, што кожнае варушэньне пальцамі выклікала боль. Нехта нябачны засунуў пад рукі дубінку і рэзка падняў яе ўверх. Галава хітнулася і ўткнулася ў калені. Так водзяць сьмяротнікаў. Прынамсі ў фільмах. Вядуць па маршруце: камэра — кабінэт начальніка СІЗА. На кожным павароце ўторкваюць галавой у сьцяну. Яшчэ пара куткоў, і можна атрымаць страсеньне мазгоў. Так, гутарка будзе цікавая, падумалася перад дзьвярыма, за якімі мяне, па ўсім відаць, чакаюць сюрпрызы.

Сапраўды, на твары Арлова халаднаватая суровасьць Фэлікса Эдмундавіча. Здаецца, гэтым разам пра фінансавы крызіс гаварыць ня будзем. Гарбаты мне таксама не прапанавалі. Размова ўмясьцілася ў пару фраз.

Ваша камэра пераводзіцца на асаблівы рэжым. Вы схільныя да ўцёкаў і падштурхоўваеце кантынгент да аказаньня сілавога супраціву
— Я чалавек прамы і канкрэтны, — сячэ начальнік трохі сьпёртае паветра кабінэта. — Пыталіся маёй думкі пра ваша магчымае вызваленьне. Дык вось, я супраць! Больш за тое, даводжу да вашага ведама, што зь сёньняшняга дня ваша камэра пераводзіцца на асаблівы рэжым. Гэта зьвязана з тым, што вы схільныя да ўцёкаў і падштурхоўваеце кантынгент да аказаньня сілавога супраціву прадстаўнікам адміністрацыі СІЗА. Вам зразумела?

— Зразумела!

Да крыкаў я ўжо адаптаваўся. Увязвацца ў слоўную дуэль бессэнсоўна. Моўчкі сузіраю Арлова, які ўзяў тайм-аўт. Палкоўнік сьвідруе мяне звужанымі вочкамі, спрабуючы акунуцца ў паток маіх думак. Калі б яму гэта ўдалося, ён прачытаў бы: «Пайшоў ты ў задніцу!»

У эфір я выдаю больш дыпляматычнае.

— А пры чым тут, уласна, вы? Мне здавалася, што ўтрыманьне ў СІЗА ў кампэтэнцыі сьледзтва.

У адрозьненьне ад учорашняга дня, сёньня Арлова не цягнула на разумныя размовы з прыкметамі раўнапраўя. Я стаю, ён сядзіць. Я ў кайданках, ён дырыжыруе рукамі.

— Да таго ж у мяне ёсьць доказы, што вы не галадаеце, — голас палкоўніка зноў зашумеў гукамі вады, якая спускаецца з бачка.

Якія сюжэтныя павароты! Я адрэагаваў толькі бровамі ў форме доміка.

— Я магу вам гэта паказаць.

Палкоўнік тут жа накіроўваецца да кампутара, нейкі час корпаецца і стукае па клявіятуры, потым безнадзейна махае рукой і выціскае зь сябе:

Палкоўнік сьвідруе мяне звужанымі вочкамі, спрабуючы акунуцца ў паток маіх думак. Калі б яму гэта ўдалося, ён прачытаў бы: «Пайшоў ты ў задніцу!»
— Глючыць. Шкада...

Мне таксама.

Убачыўшы ўсьмешку, якая прабілася скрозь шчаціньне на маім твары, палкоўнік адскочыў ад століка з крыкам:

— Выведзіце!

Мяне абы-як падхопліваюць пад локці і выводзяць у калідор. Зноў падымаюць на дыбкі. Каб пагасіць боль, пачынаю лічыць. Спачатку крокі, потым колькасьць прыступак на лесьвіцы. Адна, пяць, дзесяць, здаецца, пятнаццаць... Та-а-ак. У галаве суцэльныя пытальнікі і клічнікі. Зразумела адно: і так усё дрэнна, а цяпер будзе яшчэ горш. Адчуваю некантраляванае ўнутранае напружаньне. Як доўга гэта можа працягнуцца? Колькі мэтраў цярплівасьці трэба, каб загарнуць сябе ў бясьпечны панцыр?

* * *

Вечарэе. Візыт да лекара, ужо частка штодзённага распарадку. Навіна пазытыўная — аналізы ў норме. Зрэшты, яны могуць быць якія заўгодна. Праўда і «амэрыканка» — рэчы несумяшчальныя. Тым больш што левая нырка выклікае балючы дыскамфорт. Трэба будзе ў бліжэйшыя дні вызначацца з галадоўкай. Вага застыла на адзнацы 69 кіляграмаў у адзежы.

Падвечар настала нейкае зацішша. Прыкметнае паніжэньне актыўнасьці масак. Аказваецца, і кат можа прытаміцца.

Тым часам ідзе падрыхтоўка да вячэры. Гэта цэлы працэс, але ў ім я пабочны назіральнік. Селядзец і бульба ў мундзірах — за кошт установы. Праўда, палова «другога хлеба» тут жа ідзе ў сьметнік. Бульба падмарожаная, таму асноўны ўпор — на «гуманітарную дапамогу» ад сваякоў. Падваконьне застаўлена кантэйнэрамі. Палова — пустыя, астатнія — зь ежаю. Тазік з садавіной і гароднінай на бэтоннай падлозе. Нож выдаецца толькі на час прыёму ежы, каб хутка настругаць сала-каўбасных вырабаў, гародніны. Дазваляецца мець плястыкавыя нажы, але яны нетрывалыя. Асаблівы попыт на салаты з гародніны. І тут кожны мае магчымасьць прадэманстраваць свае кулінарныя навыкі. Пах рэзанай цыбулі распаўзаецца па бэтонным мяшку.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ






29 сьнежня, серада


Ноч білася і грукала ў дзьверы. У літаральным сэнсе слова. Толькі заснуў, як нечы голас на ўсе лёгкія загарлаў:

— Гэй, на шконцы, павярнуцца тварам да дзьвярэй!

— А ў чым, уласна, справа? Я не магу ляжаць на правым баку. Лекары не рэкамэндуюць.

— А мяне гэта не хвалюе, я павінен бачыць твар.

— А калі мне стане дрэнна і я памру ад сардэчнай недастатковасьці?

— Памраце — пахаваем, — абыякава цэдзіць скрозь зубы Баптыст.

Яшчэ праз паўгадзіны той жа голас пеўневым крыкам зноў тузае цішыню камэры:

— Рукі паўзьверх коўдры павінны быць! Чуеце? Я сказаў, рукі павінна быць відна!

На працягу ночы мяне будзілі разоў дзесяць і патрабавалі, каб ляжаў тварам да дзьвярнога вочка. Атрымліваецца, што замест сну я павінен турбавацца праблемай, як бы зручней было на мяне глядзець «добрым людзям». Натуральна, пры кожным маім кручэньні вакол восі ўласнага цела прачыналіся ўсе астатнія. У гэтым, мабыць, і быў сэнс падзеяў: празь мяне ствараць праблемы ўсім астатнім. Плюс да ўсяго мае рукі павінны былі ляжаць паўзьверх коўдры. Гэта пры тым, што некаторыя сукамэрнікі сьпяць у пальчатках.

Апошні штрых начнога кашмару — гэта сьвятло. Усю ноч у камэры не выключаліся два асьвятленьні — і начное, і дзённае. Да катаваньня холадам ужо адаптаваліся, але такая комплексная ўвага ўсё ж нязвыклая. Катуюць холадам, сьвятлом і адсутнасьцю нармальнага сну. Не выключаю, што гэта рэакцыя на маю ўпартасьць з галадоўкай — як вынік, загад на дадатковы прэсінг. Пасьля нэрвовага дня неспакойная ноч. Пасьля кашмарных сутак няпэўнасьць наступных.

Стане ясна, дзе я буду сустракаць Новы год і што буду падымаць 31 сьнежня: келіх з шампанскім ці кубак з гарбатай. Але ў кожным разе гэта будзе тост за свабоду і годнасьць
Раніца. Сукамэрнікі ўдыхнулі чарговую порцыю нікатыну. Пад галасавым прэсінгам на вушныя перапонкі пайшлі ў туалет. Добра, што мне няма патрэбы лішні раз выслухоўваць усю гэтую брыдоту.

Дзень пакаціўся па накатанай. Завізаваў дзесяць лістоў з вынікамі дактыляскапіі. Учора ўвечары пальцы адкочвалі хвілін трыццаць. У малым пакойчыку побач з душавой. Каталі двое. Пальцы, далоні. Пасьля лістападаўскай апэрацыі на правай руцэ ксэракопія далоні была невыразная. Урэшце здаволіліся тым, што выйшла. Колькасьць копіяў зьдзіўляла. Напэўна, ва ўсе ўпраўленьні і аддзелы КДБ. Цяпер адбіткі маіх пальцаў ёсьць у картатэках усіх сілавых структур Беларусі. Трэба меркаваць, гэта моцна прасуне краіну ў барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю.

Здаецца, сёньня сканчаецца час майго ўтрыманьня пад вартай. А значыць, стане ясна, дзе я буду сустракаць Новы год і што буду падымаць 31 сьнежня: келіх з шампанскім ці кубак з гарбатай. Але ў кожным разе гэта будзе тост за свабоду і годнасьць. Агледзеў сябе ў асколку люстэрка. Зьнешні выгляд цалкам таварны. Трохі завастрыліся скулы, вочы глянцавыя, дзесяцідзённыя зарасьці шчаціньня. Дзень пачынаецца, жыцьцё працягваецца, дружа Анатоль!

Ложак разабраны, скручаны рулёнам матрац засоўваю пад ніжнія нары. Шконка прыстаўлена вэртыкальна да сьценкі. Сёньня ўключаю энэргазьберагальны рэжым па поўнай праграме, а гэта значыць — больш гарбаты і як мага менш непатрэбных рухаў.

Лямпачка ледзь мігціць, як бы тлее. Тут увесь час паўзмрок. За выключэньнем сёньняшняй ночы. Дэпрэсіўнае сьвятло мала таго што прыгнятае, яно стварае праблемы. Хочацца чытаць, але праз паўгадзіны літары пачынаюць зьлівацца ў чорныя палосы. Таму станаўлюся на крэсла, каб быць бліжэй да крыніцы сьвятла. Збоку гэта, напэўна, выглядае забаўна. Зэдлік як пастамэнт. Я як манумэнт. Кніга ў выцягнутай руцэ.

* * *

Сьледчы буркнуў: «Гэта ўжо ад нас не залежыць. Гэтае пытаньне нават не ў кампэтэнцыі сьледчай групы»
Па абедзе выклікалі на аўдыенцыю да сьледчага. Дакладней, пацягнулі, засунуўшы палку пад рукі. Лесьвіца ўніз. Лесьвіца ўверх. Два будынкі. Паміж імі дворык. Паміж імі чаканьне. Паміж імі надзея.

Павіталіся. Маёр глядзеў кудысьці ўбок. Адвакатка выглядала вінаватай. Ну што ж, усё гранічна ясна. Кропкі ня будзе. Сытуацыя была непрыемная ўсім, і ўсе хацелі ад яе пазбавіцца як мага хутчэй. Таму усё ўмясьцілася ў хвіліны. Я падпісаў паперы. Сьледчы буркнуў: «Гэта ўжо ад нас не залежыць. Гэтае пытаньне нават не ў кампэтэнцыі сьледчай групы». Прагучала як апраўданьне. Жалю вартае і бездапаможнае.

Адвакатка з упэўненай лэдзі ператварылася ў звычайную спагадлівую жанчыну. Яна мяне суцяшала. Але гэта мяне толькі развальвала на кавалкі. Я адчуваў, быццам стаю на адной назе. Другая вісела над безданьню. Захацелася назад у камэру.

Мяне вялі, як асуджанага на расстрэл. Але я не адчуваў ні наручнікаў, якія ўпіліся ў запясьці, ні палкі, якая выварочвала суставы рук. Пад нагамі брудны сьнег з пратэктарамі ботаў, чаравікаў, туфляў, якія ходзяць па дзясятках распластаных целаў. Перад вачыма паколаты, вышчарблены асфальт. Вакол усё шэрае, чорнае, бруднае. Усярэдзіне хмурна і брыдка. На волі ў такім стане або напіваюцца, або зводзяць рахункі з жыцьцём.

Другая палова дня стала працягам першай. За дзьвярыма не змаўкаюць сілавыя оргіі. Увесь час нехта ў апрацоўцы. Чакаем сваёй чаргі. Канвэер працуе кожны дзень. Бесьперапынная вытворчасьць. Усё, што за дзьвярыма, — у межах вушной даступнасьці. Чуваць нават, калі размаўляюць. Але калі гарлаюць, грукаюць палкамі, гэта робіцца невыносна. Спаць немагчыма. Наагул, засяродзіцца на чымсьці цяжка. Па абедзе асабісты агляд, ці, як тут кажуць, шмон. Незразумела, ці ўсіх прапускаюць праз гэтую зьневажальную працэдуру, але вакханалія працягваецца з абеду і практычна да вячэры. Нармальнага чалавека такі рэжым і такое абыходжаньне павінны як мінімум давесьці да кансультацыяў з псыхіятрам. Нават мне, хто пабываў, здаецца, ва ўсіх магчымых пераплётах, часьцяком робіцца не па сабе. Гледзячы на сукамэрнікаў, я разумею, што гэта катаваньне даўжынёй у 24 гадзіны. І так дзень за днём. Ноч за ноччу.

Я сказаў бы ўсё, што думаю пра гэтую палітычную шызафрэнію. Пра тое, што СІЗА — гэта аддзяленьне фашысцкага канцлягера. І я гэта сказаў! Толькі не пракурору, а самому сабе
Сёньня мы, напэўна, штосьці ці кагосьці прапусьцілі. Прайшла пагалоска, што па СІЗА гуляў пракурор. Ёсьць тут такая працэдура. У канцы кожнага месяца пракурорскі работнік наведвае камэры СІЗА. Але мне не ўдалося пазнаёміцца з прадстаўніком Генэральнай пракуратуры. Пра гэта паклапацілася адміністрацыя. Мабыць, на ўсялякі выпадак. Да абеду нас так і ня выгулялі ў дворыку. Ніхто ня мог растлумачыць, чаму. Урэшце сышліся на тым, што СІЗА перанаселены і ўсіх увапхнуць у гадзіны да абеду немагчыма. Аднак потым Кірыл падслухаў, што нас спэцыяльна выправадзілі на шпацыр, калі па камэрах вадзілі пракурорскага работніка. Ну што ж, падстрахаваліся нездарма. Я быў як курок на ўзводзе і сказаў бы ўсё, што думаю пра гэтую палітычную шызафрэнію. Пра тое, што СІЗА — гэта аддзяленьне фашысцкага канцлягера. Пра тое, што кожнаму давядзецца плаціць за ўсе свае злачынствы.

І я гэта сказаў! Толькі не пракурору, а самому сабе. Больш за тое, запісаў гэта ў дзёньнік.

* * *

Сёньня пачаў выхад з галадоўкі. Прайшло дзесяць дзён. А затрымацца даводзіцца на няпэўны час. Пачаў з кашкі. Заправіў «Ролтан» кіпенем. Нішто нібыта. Для майго страўніка якраз. Ад каўбасы і сала пакуль устрымліваюся. І, як звычайна, шмат гарбаты, якая ўсе гэтыя дні была адзінай стравай майго мэню.

ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





Папярэднія разьдзелы


Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы