Лукашэнка загадаў ліквідаваць ілжэпрадпрымальніцтва

На нарадзе 1 жніўня па пытаньні эфэктыўнасьці барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка загадаў ліквідаваць ілжэпрадпрымальніцтва.
Ён прызнаў, што захады, якія робяцца ўладамі, не спынілі ілжэпрадпрымальніцтва і не ліквідавалі яго як высокапрыбытковы від крымінальнага бізнэсу.

«Гэта трэба зрабіць неадкладна», — заявіў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, аснову бальшыні злачынных замахаў у сфэры падаткаабкладаньня складаюць зьдзелкі з ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі. Шкода, якую яны наносяць дзяржаве, штогод узрастае, а колькасьць расьсьледаваных спраў няўхільна падае. З-за такой непаваротлівасьці кантрольных органаў эканоміка толькі за мінулы год страціла больш як 700 млрд рублёў.

«Праваахоўныя і кантрольныя органы фактычна „б’юць па хвастах“, выяўляючы такія структуры часьцяком на заключнай стадыі іх злачыннай дзейнасьці, калі асноўная маса фіктыўных зьдзелак ужо завершана і грашовыя сродкі выведзеныя зь безнаяўнага абароту», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка адзначыў, што органы фінансавых расьсьледаваньняў даюць прававую ацэнку толькі дзеяньням заснавальнікаў або дырэктараў гэтых ілжэструктураў.

«Але ні перад пракуратурай, ні перад органамі ўнутраных спраў не ініцыююцца пытаньні дачы прававой ацэнкі чыноўнікам, якія зарэгістравалі відавочна падстаўную фірму. Не ўстанаўліваюцца рэальныя асобы, якія стаялі за стварэньнем дадзеных структур, і тыя, хто імі на самой справе кіруе. Фактычна да адказнасьці прыцягваюцца так званыя стрэлачнікі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама папракнуў дзяржорганы ў бессыстэмным характары барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі.

«Вінаватыя ня стрэлачнікі, а тыя, хто сядзіць за гэтым сталом. Калі ў вас няма ўнутранай перакананасьці, што гэта страшная зараза для дзяржавы і яе трэба неадкладна выкараняць па ўсіх напрамках, мы ніколі карупцыю не пераможам…Час ляскаць абцасамі скончыўся. Патрэбна рашучая барацьба з гэтым злом», — сказаў Лукашэнка.


Палуян: Аб’ём ценявой эканомікі ў Беларусі дасягае 10%


Уладзімер Палуян

Аб’ём ценявой эканомікі ў Беларусі ацэньваецца ў 8–10% ад ВУП, заявіў журналістам міністар падаткаў і збораў Уладзімер Палуян.

У гэтыя 8–10% уключаныя і даходы ад прысядзібных гаспадарак грамадзян, рэалізацыі асабістай маёмасьці.

«Таму, натуральна, тут ня трэба казаць, што гэта занадта вялікая сума для нашай краіны. Яна значна меншая, калі адкінуць гэтыя даходы», — сказаў ён.

Паводле міністра, падатковая служба ў першую чаргу зьвяртае ўвагу на тыя галіны і сфэры, дзе існуе найбольшая магчымасьць ухіленьня ад выплаты падаткаў.

«Больш за ўсё нас сёньня цікавіць і тая сфэра, дзе ствараюцца так званыя аднаразовыя фірмы, ілжэпрадпрымальніцкія структуры. Яны карыстаюцца палажэньнямі ўказа № 510, які рэгулюе кантрольную дзейнасьць у нас у краіне. Згодна зь ім падатковыя службы ня могуць прыходзіць з праверкай цягам двух гадоў ад моманту стварэньня. Праз гэтыя структуры пракручваюць пэўныя сумы грошай, у бюджэт ня плацяць, і грошы раствараюцца, — цытуе БелТА Ўладзімера Палуяна.

Міністар адзначыў, што ёсьць і іншыя схемы сыходу ад падаткаабкладаньня, якія хвалююць беларускіх падаткоўцаў:

«Асобныя інвэстары прыходзяць, будуюць у нас добрыя заводы, прадпрыемствы, але, карыстаючыся сваімі замежнымі заснавальнікамі, мінімізуюць настолькі падатак на прыбытак, што ён практычна заўсёды зводзіцца да нуля».