Дзярждоўг расьце хутчэй за ВУП

Дзяржаўны доўг Беларусі вырас ад пачатку гэтага году на 8,6% і склаў на 1 ліпеня 139,9 трлн рублёў (каля 15,9 млрд даляраў), паведаміла Міністэрства фінансаў.
Тым часам валавы ўнутраны прадукт рос больш марудна — усяго на 1,4%.

Паводле Мінфіну, павелічэньне дзяржаўнага доўгу выклікана ў асноўным ростам зьнешняй дзяржаўнай запазычанасьці. Да прыкладу, зьнешні дзярждоўг вырас ад пачатку году на 438,7 млн даляраў (на 3,7%) і склаў на 1 ліпеня 12,4 млрд даляраў.

Экс-старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч адзначае, што сытуацыя працягвае пагаршацца, бо рост валавога прадукту нашмат адстае ад росту зьнешняй запазычанасьці:

Станіслаў Багданкевіч

«Калі б даўгі павялічваліся хаця б прапарцыйна росту асноўнага капіталу, росту валавога прадукту, то гэта б было больш-менш нармальна. Але калі валавы прадукт у нас сёньня застыў (паводле афіцыйных дадзеных, за першае паўгодзьдзе рост склаў 1,4%, а валавы аб’ём вытворчасьці ўпаў больш чым на 3%), і ў гэты ж час растуць даўгі, то незразумела на якія мэты гэтыя грошы выкарыстоўваюцца. Атрымліваецца, што яны выкарыстоўваюцца на падтрыманьне таго ўзроўню жыцьця, якога дасягнулі беларусы. І гэта дрэнна, бо насамрэч узровень жыцьця павінен забясьпечвацца ростам вытворчасьці, ростам валавога прадукту, прадукцыйнасьці працы і зьмяншэньнем выдаткаў. Але нічога гэтага не адбываецца. Гэта азначае, што эканоміка ў крызісе і яна гранічна несамастойная. Мы жывём за кошт павелічэньня зьнешняй запазычанасьці, вырабляем прадукцыю, якая ідзе на склады, і гэтак далей. Гэты працэс росту зьнешняй запазычанасьці ідзе хуткімі тэмпамі ўжо даволі працяглы час, прынамсі апошнія 6–8 гадоў. То бок мы ідзём у тупік. І можам рухацца яшчэ адносна доўга».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, гадавы ВУП складае амаль 63 млрд даляраў, а зьнешні доўг усёй краіны — амаль 34 млрд даляраў.

«Гэты паказчык дрэнны, але яшчэ не крытычны, бо Расея нас шмат у чым яшчэ ўтрымлівае. Але мы моцна адстаём ад Эўропы і нават ад Грэцыі, якая знаходзіцца ў крызісе».

Паводле Мінфіна, у 2013 годзе прыцягнуты зьнешнія дзяржаўныя пазыкі на 1375,4 млн даляраў ЗША. Пагашэньне зьнешняга дзярждоўгу з пачатку 2013 склала 864,1 млн даляраў ЗША.

Таксама, паводле Мінфіна, унутраны дзярждоўг на 1 ліпеня 2013 году склаў 30,5 трлн рублёў (каля 3,5 млрд даляраў), павялічыўшыся з пачатку году на 17,8%.