Вярхоўны суд абвесьціць рашэньне 1 жніўня

Сяргей Калякін і Віктар Каряняенка

Вярхоўны суд Беларусі абвесьціць свой вэрдыкт па скарзе аб адмове ў рэгістрацыі грамадзкаму аб’яднаньню «За справядлівыя выбары» 1 жніўня.
Пра гэта Свабодзе паведаміў сустаршыня аб’яднаньня Віктар Карняенка:

«Толькі што скончылася паседжаньне. Прайшлі ўсе адпаведныя працэдуры. І нам абвясьцілі перапынак да 12 гадзін заўтрашняга дня, то бок да агалошваньня рашэньня».

Мін’юст адмовіў у рэгістрацыі аб’яднаньня зь дзьвюх прычын. Першая — тая, што сьпіс заснавальнікаў аб’яднаньня быў напісаны ад рукі, другая — што ў статуце сярод формаў дзейнасьці значылася правядзеньне трэнінгаў і канцэртаў.

«Хачу адзначыць, што пры першай спробе рэгістрацыі аб’яднаньня прэтэнзіі наконт запаўненьня сьпісу заснавальнікаў ад рукі нам чамусьці не выстаўляліся. Што тычыцца правядзеньня трэнінгаў і канцэртаў, то мы разумеем, што неабходна атрымаць адпаведную ліцэнзію, і мы зьбіраліся так і паступіць пасьля рэгістрацыі, а не рабіць усё наадварот», — падкрэсьліў Віктар Карняенка.

Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» і адзін з заснавальнікаў аб’яднаньня «За справядлівыя выбары» Сяргей Калякін таксама падкрэсьліў, што адмова ў рэгістрацыі не грунтуецца на законе. Яна парушае шэраг артыкулаў Канстытуцыі краіны, і перадусім — аб свабодзе асацыяцый. Фармальнае рашэньне Мін’юста ў сапраўднасьці мае на мэце перашкодзіць грамадзкасьці аб’ядноўвацца дзеля палітычнай дзейнасьці, падсумаваў спадар Калякін падчас судовых спрэчак:

«Наша грамадзкае аб’яднаньне актыўна займаецца пытаньнямі раскрыцьця злачыннай дзейнасьці тых, хто пазбаўляе грамадзян права абіраць і быць абранымі. Нікому не сакрэт, што выбары ў нашай краіне дзесяцігодзьдзямі не прызнаюцца аўтарытэтнымі грамадзкімі арганізацыямі і значнай колькасьцю грамадзян. Таму дзяржава крайне зацікаўленая ў тым, каб не было легальных арганізацыяў, якія б на законных падставах раскрывалі гэтую злачынную дзейнасьць людзей, якія ўтрымліваюцца ва ўладзе незаконным, а па сутнасьці — злачынным шляхам».

Заснавальнікі аб’яднаньня «За справядлівыя выбары» правялі ўстаноўчы сход у сакавіку гэтага году, а ў траўні атрымалі паведамленьне Мін’юста пра адмову ў рэгістрацыі. І гэта другая спроба атрымаць легальны статус: упершыню зарэгістраваць «За справядлівыя выбары» спрабавалі яшчэ ў 2011 годзе. З гэтай нагоды прысутны ў судзе лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька гэтак пракамэнтаваў становішча з грамадзкімі аб’яднаньнямі ў Беларусі:

Анатоль Лябедзька

«Складана адстойваць „За справядлівыя выбары“ ў несправядлівым судзе, калі загадзя можна казаць пра вэрдыкт. На сёньня ўлада робіць усё магчымае, каб была найменшая колькасьць камунікацыяў паміж арганізаванымі групамі — грамадзкімі ці палітычнымі — зь людзьмі. Гэта стратэгічная задача: не дапусьціць камунікацыяў прыхільнікаў пераменаў зь людзьмі. Гэта азначае, што бліжэйшым часам зарэгістраваць новую грамадзкую арганізацыю практычна немагчыма».

Прысутны ў судзе пракурор выступіў з прамовай, у якой падтрымаў пазыцыю Міністэрства юстыцыі. Рашэньне ў справе пазову грамадзкай арганізацыі «За справядлівыя выбары» супраць Міністэрства юстыцыі Вярхоўны суд абвесьціць 1 жніўня.


Скаргу на Мін’юст падалі ў Вярхоўны суд палітыкі Сяргей Калякін, Віктар Карняенка і Валеры Ўхналёў.

У сакавіку 2013 году ў Менску прайшла ўстаноўчая канфэрэнцыя праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня «За справядлівыя выбары».

У ёй удзельнічалі больш за 100 дэлегатаў з розных гарадоў Беларусі. Яны зацьвердзілі статут арганізацыі, абралі кіраўнічыя органы. Сустаршынямі новай праваабарончай арганізацыі былі абраныя Сяргей Калякін і Віктар Карняенка.

Гэта другая спроба зарэгістраваць грамадзкае аб’яднаньне. Першая была ў 2011 годзе пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году.