Вяскоўцы б’юць сьвіней, у крамах разьмятаюць маразільнікі

Your browser doesn’t support HTML5

У Добрускім раёне ў вёсцы Крупец многія вяскоўцы, напалоханыя афрыканскай чумой і мясцовымі ўладамі, масава забіваюць уласных сьвіней — баяцца прымусовага зьнішчэньня.
Апошнім часам уранку ў Крупцы на падворках вяскоўцаў часта чуваць стрэлы й пранізьлівы віскат парсюкоў. Людзі наймаюць паляўнічых са стрэльбамі альбо звычайных умельцаў з нажамі й швайкамі, каб пазбыцца сваіх лапавухіх гадаванцаў.

Апавядае вяскоўка Галіна:

«Я чую: бух-бух, сьвіньні вішчаць. Страляюць стрэльбай. У каго вялікія, дык іх не адолееш — трэба страляць. Людзі расказваюць, што ўсе б’юць. Думаю — трэба й сабе бухнуць. Прыйшлі зь сельсавету й пытаюцца: „Баба, што ў цябе ё?“ Я кажу, што парасяты, але невялікія. Яны: „Не купляй камбікорму расейскага“. Я адказваю, што ўсім сваім кармлю, расейскім — не кармлю. Але ж спалохалася. У вёсцы кажуць, што калі чума, то б’юць і паляць сьвіней. Дык я думаю: яны ж у мяне харошыя, здаровенькія. Во я й забіла — без пары, канечне, забіла».

Кабета прапануе пачаставацца катлетамі са сьвежыны:

«Ну, зьешце! Дзед мой марак, поварам быў — вось і нарабіў катлет. У лядоўню паклала сьвежыну, а што засаліла. Думаю: ну вось прыйдуць, забяруць. Шкада, бо я ж камбікормам не кармлю — дык я й давай біць. Страх дагэтуль не прайшоў. Вы зайшлі, а я падумала: глянь-ка, гэта ўжо па сьвіней. Дзед мой усё ля тэлевізара сядзіць. Я пытаюся: „Ну што ты чуў па тэлевізары?“. А ён: „Нічога ня чуў“. А тут носяць такія плёткі, што сьвінафэрмы ў Насовічах і Чырвонай Будзе ўжо закрылі. А праўда гэта ці не, пытацца ж не паедзем».

Чарнобыльская перасяленка Ніназ Палявой вуліцы кажа, што вяскоўцы баяцца змарнаваць сваю працу, пакладзеную на гадоўлю сьвіней:

«Чаго людзі забаяліся — настрашылі, што прападуць. Прыйдзе чума, дык пабяруць у нас сьвіней па 18 тысяч за кіляграм. Мы ж цэлы год на кабана працавалі — гэта ж нам дарэмна не прыходзіць. Дык мы напужаліся й давай біць. А тут ужо крыху спыніліся, бо кажуць: ня біце, усё будзе добра. Толькі не купляйце расейскі камбікорм, не пускайце чужых людзей у хляўчук, на вуліцу сьвіней не пускайце — асьцерагайцеся. Дык асабіста мы й спыніліся і пакуль не зарэзалі. Ня ведаем, як будзе далей».

А што пішуць пра сьвіную чуму?


Ніна Антонаўна паведаміла, што з-за сьвінога перапалоху людзі пачалі нават скупляць лядоўні, каб зьберагчы сьвежыну. Прыгадалі й птушыны грып:

«Гавораць, што гэта напрыдумлялі — як і з птушыным грыпам адзін год было. Хадзілі тады ўколы птушкам нашым давалі. Але на курэй менш увагі — курыца ёсьць курыца. А парася — гэта ж вялікая розьніца. Потым казалі, што гэта прыдумалі, каб у крамах лядоўні паразьбіралі. Паразгрэблі ўсё — маразільнікі, лядоўні. Трэба, каб нас неяк супакоілі. Мы баімся, каб гэтая хвароба да нас не дайшла, каб мы трымалі парасят. Мы толькі гэтага й хочам. У мяне во гарод — усё расьце, за домам 10 сотак бульбы, збожжавыя ёсьць. Заб’ю я парася, а куды ўраджай падзець?»

Каля вясковых крамаў ды ў іншых людных месцах Крупецкі сельскі савет і мясцовая вэтэрынарная служба вывесілі памяткі пра афрыканскую чуму сьвіней, а побач — папярэджаньне: «У сувязі з пагрозьлівай абстаноўкай па Афрыканскай чуме сьвіней грамадзян, што маюць у асабістым панадворку сьвіней, выключыць іх свабодна-выпаснае ўтрыманьне. Забараняецца выкарыстоўваць камбікармы, вырабленыя ў абласьцях Расейскай Фэдэрацыі, дзе было зарэгістравана захворванне Афрыканская чума сьвіней».

Апрача таго, службоўцы перапісалі сьвіное пагалоўе ў прыватных гаспадарках. Гэта яшчэ больш дадало страху. Праўда, ня ўсім.

Гаспадыня Алена з Пралетарскай вуліцы трымае дзьвюх сьвінаматак і каля дзясятка парасят рознага ўзросту. Апошніх хацела прадаць, але попыт на іх рэзка скараціўся ў зьвязку з выяўленьнем сьвіной чумы ў Гарадзенскай і Віцебскай абласьцях, а таксама ў суседняй Расеі. Таму Алена трымае ўсё пагалоўе:

Алена з дачкою


«Калі будзе, то нікуды ад гэтага ня дзенесься. А што толку іх біць? Усё ж не заб’еш і не схаваеш. У мяне дзьве вялікія сьвіныя мамы. Усяго пагалоўя ў нас было 12 штук. Які сэнс іх зьнішчаць і кудысьці дзяваць? Гэта мамы, іх трэба адкарміць, а ня біць. Вэтэрынарная служба, сельскі савет перапісалі ўсё й казалі, што вялікіх лепш забіце. Што да маленькіх, то чакайце: калі ня будзе ўспышкі, то ўсё ўляжацца. А калі не, то прыедуць і забяруць — напусьцілі такога страху».

Вясковец Мікалай, у сваю чаргу лічыць, што людзям наддалі страху з чумой, каб яны больш наведвалі крамы й куплялі там прадукцыю калгасаў і саўгасаў:

«Зараз паб’ём сьвіней — ужо амаль усіх перабілі. Засталося яшчэ пабіць курэй — і будзем езьдзіць у Гомель, дзе панабудавалі вялікіх крамаў, і купляць там усё. Іначай нейкую вытворчасьць трэба спыняць. А мы ў крамы ходзім толькі па хлеб, а ў крамах усё іншае псуецца. Проста я так думаю».

Крупецкі краявід