Радыё Свабода пачынае публікаваць разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».
20 сьнежня, панядзелак
Анатоль Лябедзька
Анатоль ЛябедзькаНарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.
Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.
Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).
Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.
За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.
Жанаты, мае сына.
Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.
Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.
6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.
23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.
Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
— Хто там? — спыталася жонка.
— Адчыняйце! — прагучала тонам, які не цярпіць пярэчаньняў.
— А ў чым, уласна, справа? — Голас Сьвятланы трохі вібрыраваў ад напружаньня.
За дзьвярыма нэрваваліся.
— Нам патэлефанавалі суседзі, скардзяцца на шум, — у размову ўступіў другі голас.
— Ну, калі вы зь міліцыі, то ўвайдзіце і прад’явіце пасьведчаньні, — Сьвятлана спрабуе накіраваць размову ў прававое рэчышча. Дае сябе знаць пэўны досьвед кантактаў з таварышамі зь сілавых структур.
У адказ у дзьверы забарабанілі кулакамі.
— Б... Я сказаў, неадкладна адчыняйце, а то пашкадуеце, — бярэ на сябе ініцыятыву першы голас. Здаецца, калідор кішыць няпрошанымі гасьцямі.
Дзьверы ўздрыгваюць пад ударамі молата. Па пад’езьдзе вухае рэха з адгалоскам 37-га году
У калідоры грыміць жалеза. Праз імгненьне дзьверы ўздрыгваюць пад ударамі молата. Па пад’езьдзе вухае рэха з адгалоскам 37-га году. Праз вочка відаць, што над дзьвярыма калдуюць чатыры ці пяць чалавек. Ня менш. Гучаць імёны Вася, Саша і адборны мат. Відавочная прыкмета таго, што аблога не ўваходзіла ў пляны налётчыкаў. Мабыць, разьлічвалі ўсё зрабіць за хвіліны, а тут такая асечка.
Страх паралізуе цікаўнасьць. Ніводныя суседзкія дзьверы не прачыніліся. Я пачынаю без хапатлівасьці зьбірацца. Перш за ўсё надзяю гарналыжную тэрмабялізну. Джынсы, тоўсты швэдар, зручны абутак без шнуркоў, куртку з капюшонам. У беларускага апазыцыянэра такі камплект заўсёды павінен быць пад рукой. Невядома, дзе давядзецца правесьці рэшту ночы.
Чуваць галасы з-за дзьвярэй тамбура. Здаецца, прыбыла наша доблесная міліцыя, і, трэба прызнаць, даволі апэратыўна. Гляджу ў вочка. Невядомыя нават не зрабілі ласкі пагутарыць з ахоўнікамі парадку вочы ў вочы. Адзін з узломшчыкаў нешта буркнуў незадаволеным камандным голасам, і міліцыя засунула саму сябе ў тое месца, адкуль не відаць і не чуваць.
Дзьверы не здавалася. Хвіліны цікалі. Напруга з таго боку ўзрастала. Пэрыядычна хто-небудзь з узломшчыкаў вывяргаў пагрозы на наш адрас. Нарэшце тым, хто арудаваў сьлясарным інвэнтаром, удалося адагнуць верхні левы рог мэталічных дзьвярэй, і нечае вока, злосна бліскаючы, абмацвала прастору кватэры. Некалькі чалавек, адціскаючы ламамі дзьверы, спрабавалі выціснуць замок. З эннай спробы гэта ім удалося, і ў кватэру ўкаціўся клубок чалавечых целаў.
— Усім на падлогу! Буду страляць!
І раптам у гэтай вакханаліі шуму, сапеньня чую роўны, надзіва спакойны голас Сьвятланы:
— Страляйце!
За некалькі мэтраў — задыханыя фігуры. Без аніякіх тлумачэньняў невядомыя заломваюць мне рукі і выцягваюць у калідор. Тут на падлозе заўважаю кувалду, некалькі ламоў і яшчэ нейкія жалязякі. Трое літаральна заносяць мяне ў ліфт. На першым паверсе яшчэ некалькі цывільных, а таксама Валянціна Палевікова і Саша Дабравольскі. Сілавая хваля адкідае і прыціскае іх да сьцяны, а мяне сьпешна цягнуць на вуліцу. Унізе, непадалёк ад пад’езда, стаіць белы мікрааўтобус. Мяне запіхваюць у яго і тут жа нацягваюць на галаву капюшон курткі. Голас папярэджвае, каб я не глядзеў па баках, а толькі ў падлогу. Тыя, хто творыць зло, ня любяць сустракацца вочы ў вочы са сваімі ахвярамі.
Той самы голас зьвяртаецца да кагосьці па рацыі. Дакладней, пытаецца: «Можа, прыхопім заадно і Дабравольскага?» Адказ, мабыць, адмоўны. Але голас не сунімаецца і яшчэ раз просіць санкцыі на затрыманьне Аляксандра, нібы гаворка ідзе пра нешта неадушаўлёнае накшталт табурэткі. Потым злосна кідае кіроўцу: «Паехалі!»
За акном дрымотны Менск. Краем вока заўважаю, што заяжджаем на Камсамольскую. Збочваем з вуліцы ў адтуліну паднятай ралеты. Прасторны двор у абрамленьні будынкаў. Ня надта цырымонячыся, мяне вывалакаюць з машыны, учапіўшыся пальцамі ў цела. Уваходзім у будынак і ў паўзмроку доўга ідзём па калідорах. Доўгіх і пустынных. На сьценах заўважаю фатаграфіі. Мільгае думка: мусіць, перадавікі чэкісцкага спаборніцтва. Паварочваем яшчэ раз, і цяпер ужо перад намі добра асьветлены лябірынт. Тут у кабінэтах пульсуе жыцьцё. Дзьверы наросьцеж. У пакоях сьвятло, там мільгаюць чалавечыя цені. Мяне заводзяць у адзін з такіх кабінэтных апэндыксаў. Пасьпяваю агледзецца. У куце валяецца манітор тэлевізара «Гарызонт», на які са стала з пачуцьцём перавагі пазірае LG. Тут жа гумовыя тэпці, пазбаўленыя сьвежасьці шкарпэткі. Відавочнае сьведчаньне таго, што людзі тут ня толькі працуюць, але і жывуць. І, здаецца, не адзін дзень. За сталом малады чалавек. Можа, гэта і ёсьць гаспадар тэпцяў і нясьвежых шкарпэтак? Прапануе крэсла і тут жа пачынае тупа стукаць па клявіятуры. З аўтографа, пакінутага ў пратаколе затрыманьня, вынікае, што мой начны суразмоўца — таварыш з Магілёва. Опэрупаўнаважаны КДБ па Магілёўскай вобласьці лейтэнант Шыцікаў А. А. Нетутэйшыя — відавочнае сьведчаньне таго, што падрыхтоўка да гэтай сустрэчы была грунтоўная і працяглая. Пэрыядычна кадэбэшнік некуды выбягае. Напэўна, па інструкцыі. Нарэшце ўсе паперы запоўненыя. У пратаколе затрыманьня «паводле непасрэдна ўзьніклага падазрэньня ў зьдзяйсьненьні злачынства» адзначана, што мяне захапілі ў 2 гадзіны 20 хвілін. Усе фармальнасьці выкананыя. Я пакінуты сам-насам са сваімі думкамі. Пракручваю ў галаве падзеі апошняга дня, і лягічная мазаіка ніяк не складаецца. Нейкая палітычная шызафрэнія. Трачу арыентацыю ў часе. Фізычным прымусам заплюшчыў вочы. Але вось, здаецца, па мяне прыйшлі. Двое ў зялёным камуфляжы. Акальцавалі ў кайданкі і павялі. Жалезныя бранзалеты на руках не пакідаюць сумневаў, дзе я сустрэну сьвітанак.
Пэрыядычна кадэбэшнік некуды выбягае. Напэўна, па інструкцыі
Вядуць па жалезнай лесьвіцы наверх. Уручаюць камплект пасьцельнай бялізны, матрац, драўляную дошку, прызначэньне якой мне не зусім зразумелае, дзьве плястыкавыя міскі, лыжку, конаўку. Пасьпяваю заўважыць, што над галавой купал, як у царкве. Я і двое ў зялёным камуфляжы — у коле, у якое выходзіць дзясяткі два дзьвярэй. Дык вось яна якая, славутая «Амэрыканка».
Адчыняюць адну зь дзьвярэй. З абярэмкам казённых рэчаў праціскаюся ў невялікую камэру. Другою ходкаю забіраю шчыт. Такое адчуваньне, што трапіў у пячору. Бледнае, нездаровае сьвятло аднекуль зьверху. Прастора застаўленая трыма нарамі. Двое зьлева і адны справа. Паміж імі вузкі праход. Удваіх не разьмінуцца. Шэсьць пар вачэй, адарваўшыся д падушак, зь цікаўнасьцю разглядаюць мяне.
— Палітычны?
Сьцьвярджальны ківок. Поціскі рук. Нараў трое, нас чацьвёра. Робіцца зразумелым прызначэньне дошкі: гэта мой ложак. Засоўваю насьціл пад нары, тыя, што справа, вышэйшыя, валюся на матрац і тут жа засынаю.
Паўдня праспаў на дошцы, якая ляжыць на падлозе. Разбудзілі сукамэрнікі. Ня ўцягвайся! Бэтон — рэч падступная. Запаленьне падхопіш і вокам не міргнеш. Пада мной вышчарбленая падлога. Працягнуў руку — ад яе сапраўды цягне холадам.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
За дзьвярыма пачуўся грукат. Ён набліжаецца, быццам нехта коціць ваганэтку. Потым цішыня. Скрыгат мэталу. Абед. Ад дзьвярэй адвалілася вечка, і ў дзірку адна за адной зьніклі тры мэталічныя міскі. Мая плястыкавая засталася ў тумбачцы. Ад ежы адмаўляюся. З таго боку дзьвярэй — вочы ў абалонцы лёгкага зьдзіўленьня. Здаецца, тут гэта не прынята.
Дзеля справядлівасьці скажу, што і я не прыхільнік галадоўкі. Здароўе — рэч далікатная і, як правіла, аднаўленьню паддаецца цяжка. Але часам узьнікаюць безвыходныя сытуацыі. Як, напрыклад, цяпер. Я ня ведаю, як супрацьстаяць гэтаму хамству, гэтай грубай сіле, гэтаму дэманстратыўнаму беззаконьню. Я бяззбройны. Мяне пазбавілі магчымасьці абараняцца ў рамках прававога поля. Што рабіць? Пратэставаць, супраціўляцца! Інакш перастану сябе паважаць. Мой выпадак, мая сытуацыя — бяз выбару. У мяне яго адабралі. Не хачу прыпадабняцца гародніне ў рондлі. Нас прывучаюць да стану істоты, якая набівае страўнік прадуктамі, кватэру — шырспажывам, а душу — страхам. Я не істота, я чалавек! І за права ім звацца буду змагацца, буду біцца! Мой унутраны голас патрабаваў ад мяне гераічных учынкаў! Тое, што адбываецца, мне не даспадобы, але я ня схільны гэта драматызаваць. Пераначуем — лепей пачуем.
Сукамэрнік — у нядаўнім мінулым... начальнік СІЗА МУС, або «Валадаркі», а сягоньня проста падсьледны Дуброўскi
На ніжніх нарах ужо немалады чалавек у спартыўным строі. Крыху пазьней даведаюся, што сукамэрнік — у нядаўнім мінулым... начальнік СІЗА МУС, або «Валадаркі», а сягоньня проста падсьледны Дуброўскi. Тут ужо больш за год. Адправіў чалабітную на імя Лукашэнкі і цяпер чакае найвышэйшага адказу. Праўда што, неспазнаныя шляхі Гасподні. Сёньня ты валадар некалькіх тысяч падсьледных і арыштаваных, а заўтра — адзін зь іх. І гэта не дэтэктыў, не прыдуманы сюжэт, гэта жывы чалавек у цёмна-сінім трыко на адлегласьці выцягнутай рукі.
Другі, Уладзімір, сухарлявы, даўгарукі. У вачах позьняя восень, па твары час ад часу прабягае нэрвовая сутарга. Паўшэптам і скорагаворкай распавёў, што ў нядаўнім мінулым таксама меў дачыненьне да пэнітэнцыярнай сыстэмы. У званьні капітана. Мае баявыя ўзнагароды. Месца працы — калёнія ў Навасадах, што пад Барысавам. Абвінавачваецца ў пастаўках наркотыкаў у зону. Віны сваёй не прызнае. Па словах Уладзіміра, паказаньні выбівалі сілай. Пры затрыманьні яго зьбілі так, што тыдзень ён быў прыкаваны да ложка. Увесь счарнелы, у сіняках і драпінах.
На вуснах Саіда нязгасная паўусьмешка Моны Лізы. Першае, што зрабіў добразычлівы аўганец, — прэзэнтаваў мне новую зубную шчотку
Кармушка адчынілася, і мяне выклікалі на выхад. Робіцца гэта своеасабліва. Гледзячы на цябе, кантралёр пытаецца: «Прозьвішча?» Вывелі. Тварам да сьцяны. Вывернулі кішэні. Спусьцілі ўніз па лесьвіцы. Паверхам ніжэй — акурат такое самае кола, куды выходзяць дзьверы і адкуль выбягаюць тры выхады. Адзін, трэба разумець, на вуліцу, у падворкі для шпацыраў. Другі — кудысьці ўбок. Трэці — кудысьці ўніз. Праз адны зь дзьвярэй трапляем у невялікі прылазьнік, а празь яго — у пакой, які пасьля камэры здаецца прасторным і сьветлым. Два белыя халаты. За сталом пажылы мужчына, за суседнім — маладая жанчына. Стандартныя пытаньні пра самаадчуваньне. Кажу пра боль у вобласьці сьпіны і ў розных месцах ніжніх канечнасьцяў. Лекар жадае сфатаграфаваць гэтыя месцы вачыма. Разьдзяюся і дэманструю.
— Адкуль гэта ў вас? — Палец торкае ў чырвоныя месцы і гематомы на целе.
Прыйшлося распавесьці пра іх паходжаньне: гэта ўчарашнія «аўтографы», пакінутыя на маім целе спэцназаўцамі. Каля Дома ўраду некалькі дужых хлопцаў павалілі ў сьнег мужчыну, які ім за бацьку сышоў бы, і з садысцкай асалодай штурхалі старога нагамі. Мая спроба дапамагчы небараку скончылася пераключэньнем увагі на маю пэрсону. Дзякуй богу, на мне была трохслойная «бронекамізэлька» з двух швэдраў і курткі. Гэта крыху зьмякчыла ўдары.
Лекар нешта піша ў журнале, пры гэтым старанна прыкрывае напісанае чыстым аркушам. Ніводзін мускул не варухнуўся на яго твары. Проста мумія з эгіпэцкага саркафага.
Заўважыўшы на маёй далоні сьвежы шнар, лекар торкае ў яго асадкай:
— А гэта што?
Ідзе аповед пра нядаўнюю хірургічную апэрацыю. Акцэнтую ўвагу на тым, што павінен штодня наведваць паліклініку і праграваць руку, зь якой крыху больш як тыдзень таму зьнялі швы. «Мумія» зморшчылася, потым адпусьціла і зафіксавалася канчаткова. А на што ты разьлічваў — што зараз адправяць у паліклініку на праграваньне?
Мэдсястра запрасіла на вагу. Потым мяне праслухалі, прастукалі і адправілі дадому. То бок у камэру.
Увесь вечар правёў над пераводам думак у фармат ліста. І віной таму Саід.
— Трэба дадому пісаць! — Ці то сказаў, ці то запатрабаваў аўганец, працягваючы мне сшытак у клетачку і шарыкавую асадку.
«Чорт вазьмі, нават у гэтым злавесным месцы можна заставацца чалавекам». Гэта я пра сябе, а Саіду моўчкі паціснуў руку. Усё і так чыталася на маім твары. Я засеў за пасланьне родным. Напісаў, перачытаў. Але думкам было ўжо цесна ў галаве. Яны набягалі адна за адной, як хвалі, абдаючы то цяплом успамінаў, то холадам цяпершчыны. Падумалася: гэта варта апісаць. Праз пару дзён выйду, а матэрыял для «Народнай волі» ўжо гатовы. Тым больш што вопыт вядзеньня турэмнага дзёньніка ўжо ёсьць — шматлікія адседкі на Акрэсьціна (турма для асуджаных за адміністрацыйныя правапарушэньні).
Пакуль жа вызначыўся, што трэба пачаць з 19 сьнежня, дня, які выглядае відавочным фаварытам сярод іншых дзён ужо амаль прамінулага году. Таксама вырашыў, што буду пісаць каструбавата, неразборліва і тэзісна, але так, каб потым самому можна было расшыфраваць крымзолы і пазнакі.
21 сьнежня, аўторак
Першая поўнафарматная ноч у «Hilton-амэрыканцы». Прыстасаваў шконку (драўляны насьціл) для сну. Адзін канец паставіў на нерухомы зэдлік, а другі — на тумбачку. Раскатаў матрац. На шчасьце, ён у мяне не «артапэдычны», то бок даволі шчыльны. Разаслаў крыху вільготную прасьціну. Зьверху — цёмна-сінюю коўдру з трыма чорнымі палоскамі. Памятаецца, такая была ў мяне ў войску, і мы старанна выроўнівалі ўсе палоскі на ўсіх ложках у адну ідэальную лінію. Але вайсковую казарму пад Падольскам у параўнаньні з гэтымі казэматамі можна назваць санаторыем. Каб заснуць, давялося шукаць правільную позу, бо цела ныла ад удараў. Так бывае, пачуцьцё болю прыходзіць з пэўнай затрымкай. Прачынаўся, засынаў, зноў прачынаўся. Шчыльна заглыбіўся ў сны толькі пад раніцу. І тут жа нечы голас бесцырымонна ўварваўся ў камэру: «Пад’ём!» Расплюшчыў вочы, і позірк уткнуўся ў салатава-брудную сьцяну. У першае імгненьне нават не зразумеў, дзе я. Усе вакол чужое, непрыемнае, халоднае.
Сьняданак у «Hilton-амэрыканцы». Што гэта такое? Чарпак проса ў міску. Бохан хлеба. Чатыры лыжкі цукру. Нягуста. Усё астатняе — з уласных запасаў, у тым ліку і гарбата. Вада — з водаправоднага крана.
— Прозьвішча?
Зразумела. Па мяне прыйшлі.
Выводзяць у калідор. Рукі за сьпіну! На запясьцях шчоўкаюць кайданкі. Уніз па ўжо знаёмай жалезнай лесьвіцы. Праз падворак, над якім з усіх бакоў навісаюць будынкі. У цэнтры некалькі мікрааўтобусаў, гэткія мадэрнізаваныя «варанкі». На адным з такіх мяне даставілі ў СІЗА. Уверх па лесьвіцы суседняга будынка. Чацьвёрты паверх. Кабінэт большы за ўчорашні. За сталом круглатвары чалавек. На вока гадоў пад сорак. З другога боку стала — маладая асоба, якая ня ўпісваецца ў інтэр’ер кабінэта. Высьвятляем, хто ёсьць хто. Круглатвары — старшы сьледчы па асабліва важных справах сьледчага ўпраўленьня КДБ Беларусі маёр юстыцыі В. В. Салдаценка. Асоба, якая ня ўпісваецца ў антураж, — адвакат Ірына Бурак.
— Я ўпаўнаважаны заявіць: калі вы скажаце тое, што ўжо заявілі іншыя вашы калегі, калі падпішаце тое, што яны ўжо падпісалі, то ўжо сёньня ўвечары будзеце дома.
Прамаўляючы гэтыя словы, маёр зарыў свой позірк у паперы, што ляжалі перад ім.
Знаходжу вочы сьледчага.
— Я хутчэй адгрызу ўласную руку, чым адмоўлюся ад таго, у што веру, ці буду ілжыва сьведчыць у дачыненьні да іншых.
Я хутчэй адгрызу ўласную руку, чым адмоўлюся ад таго, у што веру, ці буду ілжыва сьведчыць у дачыненьні да іншых
— Уласна, іншага я і не чакаў пачуць.
Далей руціна з запаўненьнем анкетных дадзеных і пытаньне з падтэкстам гатовага адказу:
— Як я разумею, вы ня маеце намеру прызнаваць сваю віну і супрацоўнічаць са сьледзтвам?
На пытаньне адказваю пытаньнем:
— Скажыце, я падобны да вярблюда?
Правае брыво сьледчага прыўзьнялася і пляснулася назад.
— Я не вярблюд, і гэта відавочна. Калі нехта ў гэтым сумняваецца, хай прад’яўляе доказы адваротнага. Мне няма пра што гаварыць з тымі, хто па-бандыцку выносіў дзьверы ў маёй кватэры, хто даставіў маральныя пакуты маім родным і блізкім.
— Але вы ж разумееце, што я да гэтага ня маю ніякага дачыненьня.
— Вы — не, але гэта людзі з вашага ведамства.
— А яны што, не прадстаўляліся?
— Вядома, не. Яны былі ў цывільным, невысокія і вельмі агрэсіўныя.
— Калі маленькія і злыя, гэта пэўна нашы.
Здаецца, у гэтых словах няма і намёку на тое, каб ганарыцца таварышамі па службе.
Расьпісваюся ў пратаколе допыту. Пераключаюся на адваката. Яна выказвае ўпэўненасьць, што за тры дні ўсё скончыцца.
— Ніякіх прававых падставаў трымаць вас тут няма, гэта ўсё падобна да аднаго вялікага непаразуменьня. Вашы родныя вельмі за вас перажываюць. У іх усё добра.
Да горла падкаціўся клубок. Спрабую зглынуць і прапхнуць яго назад.
ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ
Задаю пытаньні, каб стварыць больш ці менш адэкватны малюнак падзеяў. Атрымліваецца, што нас тут больш за дваццаць. Ёсьць арыштаваныя і ў «Валадарцы». Акрэсьціна забіта пад завязку. Затрыманых вязуць таксама ў Жодзіна. Гаворка ідзе пра сотні людзей. Арышты і затрыманьні працягваюцца. На тэлебачаньні ўсё падаецца як зводкі з фронту. Усе ў напружаньні і чаканьні. Краіна спалохана замерла. Навіны непрыемныя, але пасьля размовы з Ірынай трывога за сям’ю крыху аціхла, а настрой увайшоў у звыклыя берагі.
Мяркуючы па тым, як гусьцее цемра за акном, час блізіцца да вячэры. Пасьля сустрэчы са сьледчым і адвакатам мой стан прыкметна палепшыўся. Саід і Ўладзімір скарысталіся сытуацыяй і тут жа правялі курс навучаньня настольнай гульні з інтрыгуючай назвай «Мандавошка». Як выявілася, гэта нешта накшталт нардаў.
Саід і Ўладзімір правялі курс навучаньня настольнай гульні з інтрыгуючай назвай «Мандавошка».
— Добры вечар!
— Ого, сам Лябедзька!..
Гаварыў самы старэйшы, мужчына гадоў шасьцідзесяці. На твары гармонікам расьцягнулася ўсьмешка. Ці то ад уласнай абазнанасьці, ці то ад факту майго зьяўленьня ў камэры.