Яроменак ідзе знаёміцца са справай

Уладзімер Яроменак

22 ліпеня маладафронтавец Уладзь Яроменак пачне знаёміцца з крымінальнай справай, якую завялі супраць яго нібыта за парушэньне ўмоваў прафіляктычнага нагляду.
«Мяне выклікаў сьледчы, каб знаёміцца са справай, якая ўжо сабраная і пасьля гэтага будзе перадавацца ў суд. Я ўжо азнаёмлены з пастановай аб завядзеньні справы і аб прыцягненьні мяне да адказнасьці. Сьледчы прапанаваў мне даць тлумачэньні, але я адмовіўся, пакуль не знаёмы з самой справай. У панядзелак пайду да сьледчага разам з адвакатам. З прыцягненьнем мяне да адказнасьці я нязгодны», — заявіў Уладзь Яроменак Радыё Свабода напярэдадні.

Працяг тэмы — пазьней на сайце Радыё Свабода
Яроменак кажа: за ім лічыцца два парушэньні — адсутнічаў дома ў час, калі нельга знаходзіцца па-за межамі жытла. Аднак звычайна крымінальныя справы на парушальнікаў прафіляктычнага нагляду заводзяць пасьля трох і больш парушэньняў, адзначае актывіст МФ.


Даведка Радыё Свабода — Уладзь Яроменак

У 2011 годзе Ўладзь Яроменак быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня за ўдзел у падзеях 19 сьнежня 2010 году, у тым жа годзе быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам.

За ўдзел у шэрагу акцыяў салідарнасьці з палітвязьнямі Ўладзь Яроменак на пачатку 2012 году атрымаў год прафіляктычнага нагляду, тэрмін якога потым быў працягнуты яшчэ на паўгода.

Летась і сёлета Ўладзя Яроменка некалькі разоў саджалі «на суткі» ў ізалятар на Акрэсьціна з надуманых, як лічаць праваабаронцы, прычын.

На пачатку 2012 году Яроменак быў адлічаны зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі.

У чэрвені 2013 году актывіст «Маладога фронту» ажаніўся.