Рыкашэт: Вернападданніцкая сацыялёгія

Валер Карбалевіч

Дыскусіі наконт грамадзянскай супольнасьці Беларусі і пэрспэктываў яе разьвіцьця актыўна ідуць у асяродзьдзі апазыцыі, трэцяга сэктару, палітычнай эміграцыі. У Варшаве нават нядаўна зладзілі чарговую канфэрэнцыю на згаданую тэму. На гэтым тле цікава назіраць развагі пра грамадзянскую супольнасьць афіцыёзных гуманітарыяў.

Газэта «Советская Белоруссия» за 9 ліпеня надрукавала інтэрвію з, як пазначана, «вядомым сацыёлягам» Жаннай Грышчанка пад назвай «Добрапрыстойнасьць грамадзтва залежыць ад прыстойных людзей». Матэрыял каштоўны менавіта тым, што дае магчымасьць бачыць усю кашу ў галовах ідэалягічнай абслугі існага рэжыму.

Ад самага пачатку Ж. Грышчанка аспрэчвае тэзіс, што грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі няма. І ў якасьці доказу прыводзіць, як яна лічыць, забойчы аргумэнт:

«Хіба ня воля грамадзянскай супольнасьці пры выбары першага Прэзыдэнта Беларусі ў 1994 годзе прадвызначыла лёс краіны, спадары? Пры гэтым заўважу, што менавіта беларуская грамадзянская супольнасьць прадэманстравала ўсяму сьвету прыклад палітычнай актыўнасьці і ўдзелу, здольных супрацьстаяць кіроўнай на той момант палітычнай эліце краіны і яе адміністрацыйнаму рэсурсу. Або гэта не крытэрый сталасьці грамадзянскай супольнасьці?»

Зь дзяржаўных мэдыяў мы ведаем, што гісторыя Беларусі пачынаецца з 1994 году. Хто ня верыць, паспрабуйце наведаць засакрэчаны Музэй сучаснай беларускай дзяржаўнасьці, які знаходзіцца ў будынку Адміністрацыі прэзыдэнта. І вось цяпер высьвятляецца, што і грамадзянская супольнасьць Беларусі пачынаецца з гэтай даты. Баюся, хутка мы даведаемся, што да Лукашэнкі і беларусаў тут не было, і ўвогуле сучасная эра пачынаецца не з Нараджэньня Хрыстовага, а з часу прыходу да ўлады першага і адзінага прэзыдэнта Беларусі. Цікава, а калі б у 1994 годзе насельніцтва прагаласавала за Кебіча ці Шушкевіча, то гэта ня стала б «крытэрыем сталасьці грамадзянскай супольнасьці»?

Убачыўшы гэткі вернападданьніцкі энтузіязм, можна было б далей і не чытаць інтэрвію (а яно вялікае, аж на дзьве паласы). Але прафэсійная цікаўнасьць узяла верх. І чым больш чытаеш, тым больш устойлівае складаецца ўражаньне, што «вядомы сацыёляг» проста не разумее прадмету, пра які яна ўзялася разважаць. З надрукаванага матэрыялу вынікае, што Ж. Грышчанка атаясамлівае, ставіць знак роўнасьці, ня бачыць розьніцы паміж паняцьцямі «грамадзтва» і «грамадзянская супольнасьць». У гэтым палягае асноўная мэтадалягічная памылка.

І далей ужо не зьдзіўляюць розныя прыклады, якія прыводзіць сацыёляг, насамрэч больш падобныя да ляпаў. Кшталту такога: «Менавіта грамадзянская супольнасьць дэлегуе са сваіх шэрагаў дэпутатаў парлямэнту Беларусі». Ня будзем чапляцца да словаў «дэпутаты», «парлямэнт», хоць тут яны маюць іншы сэнс, чым у іншых краінах. Важна тое, што амаль усе чальцы Палаты прадстаўнікоў трапілі туды з даволі высокіх чынавенскіх пасадаў. То бок яны не прадстаўляюць ня толькі грамадзянскую супольнасьць, але ўвогуле грамадзтва. Бо чыноўнікі — прадстаўнікі дзяржавы, уладных інстытутаў.

Або вось Ж. Грышчанка знайшла «рэпрэзэнта сучаснай грамадзянскай супольнасьці» Беларусі ў вёсцы. І вельмі зацаніла дзядулю, які, адказваючы на пытаньне анкеты пра беларускую мову, заявіў: «Калі мы ўсе пяройдзем на беларускую мову, то як хутка пачнём каўбасой вароты завязваць?»


Яна, мусіць, думае, што моцна зрэзала БНФ, не разумеючы, што зьвяртацца да такіх вульгарных аргумэнтаў у вельмі далікатным моўным пытаньні ўвогуле ня робіць гонару інтэлігенту, які да таго ж яшчэ лічыць сябе сацыёлягам.

Паколькі Ж. Грышчанка не адрозьнівае паняцьці «грамадзтва» і «грамадзянская супольнасьць», цалкам лягічна, што яна знайшла прыкметы існаваньня грамадзянскай супольнасьці нават у савецкія часы. Яна з захапленьнем апавядае пра сяброўку, якая выступіла на партыйным сходзе — і партарганізацыя на гэта адрэагавала. Вось. маўляў, прыклад дэмакратыі «ў грамадзтве, якое мы называем таталітарна арганізаваным!» Кіраўнічая роля КПСС як дэмакратычны ўзор — гэта чароўнае відовішча.

Адмыслова для «вядомага сацыёляга» прыводжу вызначэньне грамадзянскай супольнасьці зь Вікіпэдыі: «Гэта сфэра самапраяўленьня свабодных грамадзян і асацыяцый і арганізацый, якія сфармаваліся добраахвотна і не залежаць ад прамога ўмяшаньня і адвольнай рэглямэнтацыі з боку дзяржаўнай улады». То бок грамадзянская супольнасьць — гэта структуры, добраахвотна створаныя свабоднымі грамадзянамі. У Беларусі іх зусім няшмат.


Зноў вернемся да інтэрвію. «Аснова грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі — гэта перш за ўсё прафсаюзы, моладзевыя аб’яднаньні і вэтэранскія арганізацыі. Іх актыўнасьць і відаць, і чуваць... Хтосьці запярэчыць, што гэта занадта буйныя аб’яднаньні», — кажа Ж. Грышчанка.


Пярэчаньне якраз ня ў тым, што яны буйныя. Насамрэч Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі, БРСМ, вэтэранскія арганізацыі ня ёсьць добраахвотна створанымі грамадзкімі асацыяцыямі. Гэта структуры, сфармаваныя дзяржавай у прымусовым парадку. І прадстаўляюць яны не грамадзтва, а дзяржаўныя інстытуты. І да грамадзянскай супольнасьці ніякага дачыненьня ня маюць.

Але больш за ўсё шкада студэнтаў, якім выпала няшчасьце вучыцца ў такіх сацыёлягаў.