Пуцін: ЗША заблякавалі Сноўдэна ў Расеі

Уладзімір Пуцін

Былы кантрактнік амэрыканскіх спэцслужбаў Эдвард Сноўдэн пакіне Расею, як толькі ў яго будзе такая магчымасьць, аднак сытуацыя зь ім застаецца нявызначанай, заявіў расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін.

Размаўляючы са студэнтамі з палявога археалягічнага лягеру Рускага геаграфічнага таварыства на высьпе Гоглянд у Фінскім заліве, Пуцін адзначыў, што ЗША фактычна заблякавалі Сноўдэна ў транзытнай зоне маскоўскага аэрапорту «Шарамецьцева», дзе ён апынуўся пасьля прылёту з Ганконгу. «Яны ж самі паднапужалі ўсе іншыя краіны, ніхто яго браць ня хоча, і такім чынам, яны, па сутнасьці, самі заблякавалі яго на нашай тэрыторыі», — сказаў Пуцін.

Эдвард Сноўдэн, які абнародаваў сакрэтную інфармацыю аб амэрыканскіх праграмах электроннага сачэньня, абвінавачваецца ў ЗША ў шпіянажы. Вашынгтон патрабуе яго выдачы.