Дзеці робяць дзяцей. Тысячу на год

Сёлетні Ўсясьветны дзень народанасельніцтва, які адзначаецца 11 ліпеня, прысьвечаны тэме падлеткавай цяжарнасьці.
Паводле дадзеных ААН, у сьвеце каля 16 мільёнаў дзяўчат ва ўзросьце да 18 гадоў нараджаюць дзяцей. Яшчэ 3,2 мільёна робяць аборты.

У Беларусі намечана ўстойлівая тэндэнцыя да зьмяншэньня колькасьці абортаў, адзначае галоўны акушэр-гінэколяг Міністэрства аховы здароўя Сьвятлана Сарока. У параўнаньні з краінамі Эўропы Беларусь ня лідэр па колькасьці абортаў сярод падлеткаў, але і не адносіцца да тых краін, дзе колькасьць абортаў ніжэйшая.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя Беларусі, у 2012 годзе сярод дзяўчатак-падлеткаў 14–18 гадоў было зарэгістравана 493 спыненьні цяжарнасьці, у 2011 годзе гэты паказчык быў роўны 585. 91% цяжарнасьцяў у падлеткаў у Беларусі перарываецца мэтадам вакуум-асьпірацыі.

У Беларусі непаўналетнія цяжарныя ўсё часьцей прымаюць рашэньне нараджаць. Калі раней большасьць 15—16-гадовых цяжарных рабілі аборт, то ў апошнія гады каля 60% такіх дзяўчат наважваюцца на нараджэньне дзіцяці. Штогод у краіне нараджае прынамсі тысяча непаўналетніх.

Дактары вызначаюць 4 групы цяжарных падлеткаў:
  • 1-я — замужнія юныя маці, якія выношваюць жаданае дзіця пры падтрымцы бацькоў.
  • Прадстаўніцы 2-й — з поўных, вонкава шчасьлівых сем’яў з высокім дабрабытам, дзе ёсьць псыхалягічны канфлікт. Бацькі альбо ігнаруюць інтарэсы і праблемы дачкі, альбо зводзяць выхаваньне да празьмернай апекі. Раньні пачатак палавога жыцьця — сьвядомая спроба вырвацца з пут празьмернага кантролю, пратэст супраць бацькоў. Такія дзяўчыны хочуць пакінуць дзіця на злосьць «продкам», даказаць, што зь іх атрымаецца іншая маці — здольная стварыць па-сапраўднаму цёплую і шчырую атмасфэру ў сям’і.
  • 3-я група (самая распаўсюджаная) — падлеткі зь няпоўных ці праблемных сем’яў з невысокім узроўнем дабрабыту, сацыяльнага статусу і адукацыі. Такія падлеткі, як правіла, вучацца ў прафэсійных ліцэях, працуюць у сфэры гандлю, а часьцей нідзе ня вучацца і не працуюць. Яны з лёгкасьцю мяняюць палавых партнэраў, мала дасьведчаныя ў пытаньнях засьцярогі і элемэнтарных нормаў гігіены, і цяжарнасьць для іх у большасьці выпадкаў нежаданая.
  • 4-я катэгорыя — ахвяры выпадковага палавога акту або гвалту. Для такіх цяжарнасьць — псыхалягічная траўма, трагедыя, якая суправаджаецца цяжкай дэпрэсіяй са спробамі самагубства. Такія маці пасьля родаў часта адмаўляюцца ад дзяцей.